глыбокае разладжванне дзяржаўнай фінансавай, грашовай сістэмы. Праяўляецца ў рэзкай неадпаведнасці даходаў бюджэту іх выдаткам, нестабільнасці і падзенні валютнага курсу нац. грашовай адзінкі, узаемных неплацяжах эканам. суб’ектаў, неадпаведнасці грашовай масы ў абарачэнні патрабаванням грашовага абарачэння. Выяўляецца ў хранічным бюджэтным дэфіцыце, выклікае інфляцыю. Рост бюджэтнага дэфіцыту выклікае вял. павелічэнне дзярж. доўгу, а плата працэнтаў па ім у сваю чаргу абцяжарвае бюджэт і павялічвае яго дэфіцыт. Звязаная з бюджэтным дэфіцытам пагроза інфляцыі падрывае дзярж. крэдыт. Напружанае становішча дзярж. бюджэту і дзярж. крэдыту непазбежна цягне за сабой рост падаткаў і адпаведна зніжэнне рэальнай заработнай платы. Ф.к. звычайна звязаны з агульнымі крызісамі эканамічнымі, якія перыядычна паўтараюцца ў рыначнай эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ.дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНАСЕ́ЛЕНАСЦЬэкалагічная,
часовы стан экасістэмы, пры якім колькасць асобін пэўнага віду перавышае ёмістасць асяроддзя для гэтага віду і з’яўляецца для яго лімітуючым фактарам.
У прыродных экасістэмах П. узнікае пры асабліва спрыяльных умовах размнажэння ці выжывання асобных відаў раслін ці жывёл. Непазбежна выклікае дэпрэсію колькасці інш. звязаных з імі відаў, а потым (праз самарэгуляванне колькасці папуляцыі) і дэпрэсію колькасці саміх перанаселеных відаў. У выніку П. ўзмацняецца біяцэнатычны адбор, які завяршаецца адноснай стабілізацыяй колькасці. У антрапагенных экасістэмах можа стварацца і падтрымлівацца мэтанакіравана пад кантролем чалавека (напр., на запаведных тэр. часам падтрымліваецца празмерна высокая шчыльнасць капытных з мэтай іх захавання і ўзнаўлення). Пры гэтым можа наносіцца свядомая шкода інш. кампанентам экасістэм (натуральнаму самааднаўленню лесу, пасевам с.-г. культур і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́РНЫ РУХ 1905—07,
сялянскі рух у выглядзе складання зваротаў (прыгавораў) да цара за паляпшэнне свайго становішча і перадачу яму зямлі ва ўласнасць. Стаў пашыраным пасля царскага Маніфеста ад 18.4.1905. У прыгаворах выкладаліся наспелыя патрабаванні жыхароў вёскі. Бел. сяляне выступалі з патрабаваннямі перадачы ўсіх зямель у рукі прац. люду, неадкладнай перадачы беззямельным і малазямельным сялянам казённых, удзельных і манастырскіх зямель, ліквідацыі розных перажыткаў прыгонніцтва, скасавання саслоўных інстытутаў па кіраванні сялянамі, выказваліся таксама патрабаванні роўнасці ўсіх грамадзян перад законам, увядзення ўсеаг. абавязковага бясплатнага навучання дзяцей школьнага ўзросту. П.р. сведчыў у пэўнай ступені пра царысцкія ілюзіі сялян, хоць у працэсе складання, абмеркавання і прыняцця прыгавораў сяляне арганізоўваліся і непазбежна ўступалі ў канфрантацыю з уладамі. У ідэалаг. адносінах П.р. сведчыў пра рэвалюцыянізацыю вёскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад увагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТРА́ЛАЎ Мікалай Васілевіч (псеўд.П.Сурмін; 1890—1938),
расійскі паліт. дзеяч, публіцыст; адзін з ідэолагаў «зменавехаўства». Юрыст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). З 1916 прыват-дацэнт у Маскоўскім і Пермскім (з 1919 праф.) ун-тах. У грамадз. вайну ў 1918—20 старшыня Усх. аддзела ЦК партыі кадэтаў і «Рускага бюро друку», адначасова з 1919 кіраўнік прапагандысцкага апарата ва ўрадзе А.В.Калчака. З 1920 у эміграцыі. У 1920—34 праф. Харбінскага ун-та (Кітай). У 1935 вярнуўся ў СССР; праф. Маскоўскага ін-та інжынераў транспарту. У 1937 арыштаваны, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Японіі і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1989. У 1920-я г. выступіў у друку з праграмай т.зв. змены вех. Лічыў неабходным прымірэнне рас. эміграцыі з сав. уладай, бо, на яго думку, новая эканамічная палітыканепазбежна вяла да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР; спадзяваўся, што з крахам надзей на сусв. рэвалюцыю маладое пакаленне камуністаў «загіне ад мікробаў уласнай спустошанасці», а на змену «утапічнаму камунізму прыйдзе буржуазна-індывідуалістычны эмпірызм». Увёў у навук. зварот тэрмін «нацыянал-бальшавізм», бо бальшавікоў лічыў прыхільнікамі рус.нац. інтарэсаў (спалучалі, на яго думку, марксізм са славянафільствам). Лічыў Пятра I і І.В.Сталіна гіст. постацямі, праз якія выяўлялася дзярж. веліч Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАЛАВЕ́ЧЫХ АДНО́СІН» ТЭО́РЫЯ,
канцэпцыя кіравання ў арганізацыях (найперш прамысловых), якая грунтуецца на маральна-псіхал. фактарах стымулявання работніка і павышэння прадукцыйнасці працы. Сфарміравалася як альтэрнатыва тэйларызму ў выніку сац. эксперыменту, праведзенага ў 1927—32 на з-дах кампаніі «Уэстэрн электрык» у г. Хоўтарн (каля г. Чыкага, ЗША). Група даследчыкаў пад кіраўніцтвам псіхолага Э.Мэё даказала, што маральна-псіхал. клімат у прац. калектыве, характар узаемаадносін работнікаў паміж сабой і з кіраўніцтвам у значнай ступені ўплываюць на прадукцыйнасць працы: пры дэспатычным рэжыме яна зніжаецца, а пры добразычлівых, гуманных узаемаадносінах павышаецца. Вучонымі распрацавана сістэма прынцыпаў і метадаў кіравання, арыентаваных на стварэнне т.зв. псіхал. дабрабыту ў прац. калектывах, здольных прадухіліць канфлікты. Паводле Мэё, стварэнне добразычлівага мікраклімату на рабочым месцы здольна кампенсаваць недахопы грамадскага ладу, а гуманныя адносіны ў сферы вытв-сці непазбежна вядуць да сац. гармоніі. У 1960-я г. «Ч.а.»т. дапоўнена тэорыяй «кіравання праз саўдзельніцтва» (Д.Макгрэгар і інш.), паводле якой прадпрымальнік павінен бачыць у наёмным работніку не толькі работніка, але і сац. партнёра, а наёмны работнік у наймальніку — не толькі гаспадара, але і свайго кампаньёна. У 1970-я г. атрымалі пашырэнне «групавыя нормы і стылі кіравання» рабочымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш.непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.