МА́ЙНЦКАЯ КАМУ́НА Майнцкая рэспубліка,
першая рэспубліка на тэр. Германіі, якая існавала ў час акупацыі Рэйнскай вобл. войскамі рэв. Францыі ў аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95. Абвешчана 18.3.1793 у г. Майнц Рэйнска-нямецкім нац. канвентам (першы дэмакр. парламент у герм. гісторыі), скліканым 17 сак. ням. якабінцамі (пераважна студэнты і прафесары) на чале з А.Гофманам і Г.Форстэрам, якія гуртаваліся ў засн. імі на ўзор франц. Якабінскага клуба «Т-ве сяброў свабоды і роўнасці» (вядомы як Майнцкі клуб; «клубісты» лічацца пачынальнікамі рэсп. традыцыі ў Германіі). Канвент скасаваў феад. парадкі і прыняў рашэнне аб далучэнні М.к. да Францыі. Ліквідавана ў выніку заняцця Майнца 23.7.1793 прускімі і аўстр. войскамі і аднаўлення Майнцкага курфюрства.
Літ.:
Мошковская Ю.Я. Г.Форстер — немецкий просветитель и революционер XVIII в. М., 1961;
Die Mainzer Republik. Protokolle des Jakobinerklubs. Berlin, 1975.
т. 9, с. 521
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́СНЯ ПРА НІБЕЛУ́НГАЎ»
(«Das Nibelungenlied»),
помнік нямецкага гераічнага эпасу. Назва ад імя міфічнага народа, уладальнікаў і захавальнікаў незлічоных скарбаў. Запісаны каля 1200, упершыню апубл. І.Я.Бодмерам у 1757. Гіст. аснову твора склалі падзеі эпохі Вял. перасялення народаў — захоп Еўропы гунамі пад кіраўніцтвам Атылы (5 ст. н.э.). 1-я ч. паэмы апавядае пра подзвігі і смерць каралевіча Зігфрыда, 2-я — пра помсту яго жонкі Крымхільды, у выніку чаго загінула ўсё бургундскае царства. У паэме асуджаюцца жорсткасць і вераломства феадалаў, апяваюцца гераізм і высакароднасць Зігфрыда. Яе паэтыка, блізкая да фальклорнай, зазнала ўплыў феадальна-рыцарскай культуры. Да сюжэта «П.п.Н.» звярталіся Ф.Фуке, Р.Іордан, Ф.Гебель, Р.Вагнер, Г.Ібсен і інш.
Публ.: Рус. пер. — Песнь о Нибелунгах. Л., 1972.
Літ.:
Хойслер А. Германский героический эпос и сказание о Нибелунгах. М., 1960;
Жирмунский В.М. Немецкий героический эпос // История зарубежной литературы. 3 изд. М., 1978.
Т.У.Кавалёва.
т. 12, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)