Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́З (грэч. nekrōsis амярцвенне ад nekros мёртвы),
амярцвенне, прыжыццёвая гібель клетак, частак тканкі ці органа. Прычыны: мех. і тэрмічныя фактары, іанізавальнае выпрамяненне, хім. рэчывы, таксіны мікраарганізмаў, парушэнні кровазвароту тканак. Настае звычайна за паранекрозам (абарачальныя дыстрафічныя змены) і некрабіёзам (неабарачальныя дыстрафічныя змены). Марфалагічна Н. характарызуецца гібеллю ядра клеткі і цытаплазмы; у выніку ўтвараюцца бесструктурныя гамагенныя некратычныя масы. Адрозніваюць прамы Н. (пры непасрэдным уздзеянні прычыннага фактару на тканкі, напр., пры мех. або тэрмічным) і непрамы (у выніку сасудзістых ці нервова-эндакрынных парушэнняў). Формы Н.: сухі, вільготны, гангрэна і асобныя разнавіднасці (інфаркт міякарда, пролежань і інш.). Пры сухім Н. амярцвелыя масы ўшчыльняюцца (каагуляцыя бялку) і абязводжваюцца (напр., тварожысты Н. пры туберкулёзе). Вільготны Н. бывае ў органах, багатых вадкасцю, напр., у галаўным мозгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРО́З у раслін, амярцвенне ўчасткаў тканак, органаў ці частак раслін. Адбываецца пад уплывам фітапатагенных арганізмаў (інфекц. Н.) або інш. патагенных фактараў (неінфекц. Н., гл.Неінфекцыйныя хваробы раслін), у выніку лакальнага (мясц. Н.) ці агульнага (сістэмнага) іх уздзеяння. Як правіла, з’яўляецца вынікам ахоўнай рэакцыі расліны (затрымлівае пашырэнне патагену). Праяўляецца ў выглядзе плям розных форм і памераў і анамальнага колеру, цэнтр.ч. якіх потым можа разбурацца (на лістах утвараюцца дзіркі) ці загніваць, пры апёках — таксама сеткаватасцю і трэшчынамі на пладах, пабурэннем (пачарненнем) і засыханнем цэлых лістоў, кветак (суквеццяў), завязей, маладых парасткаў; пры Н. сасудзіста-валакністых пучкоў назіраецца завяданне, скручванне, кучаравасць лісця. У клетках адбываецца каагуляцыя або разрэджванне калоідаў цытаплазмы, разбурэнне арганоідаў. Н. ствалоў і галін дрэў, парэнхімных тканак часта суправаджаецца камедзе- і слізецячэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАФІЛАКСІ́Я (ад ана... + грэч. phylaxis ахова),
від алергічнай рэакцыі неадкладнага тыпу, якая развіваецца адразу пры паўторным парэнтэральным (не праз страўнікава-кішачны тракт) пападанні ў арганізм некаторых алергенаў. Найб. выразнае агульнае праяўленне — анафілактычны шок, мясцовыя — запаленне, ацёк, часам некроз тканкі. Анафілаксія можа быць і пры ўжыванні некаторых лек. прэпаратаў, укусах пчол, восаў, чмялёў, ад расліннага пылку. Гл. таксама Алергічныя хваробы, Алергія.
цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),
род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.
Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Йапяразвальны герпес,
вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.