тэмпература, вышэй за якую антыферамагнетык ператвараецца ў парамагнетык (фазавы пераход II роду). Абазначаецца TN. Паблізу Tn назіраецца спецыфічная тэмпературная залежнасць фіз. уласцівасцей антыферамагнетыкаў (цеплаёмістасці, каэф. цеплавога расшырэння, электраправоднасці і інш.). Названы імем Л.Нееля. Гл. таксама Антыферамагнетызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ́ ПУНКТ,
тэмпература фазавага пераходу, звязаная са скачкападобнымі зменамі сіметрыі магн. або эл. уласцівасцей рэчыва. Пры т-рах, больш высокіх за К.п., ферамагнетыкі і сегнетаэлектрыкі страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці і пераўтвараюцца ў парамагнетыкі і звычайныя дыэлектрыкі адпаведна (К.п. у антыферамагнетыкаў наз.Нееля пунктам). Названы ў гонар П.Кюры, які вывучаў такі пераход у ферамагнетыках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕ́ТЫК,
рэчыва, у якім усталяваўся антыферамагнітны парадак магнітных момантаў атамаў ці іонаў. Рэчыва становіцца антыферамагнетыкам ніжэй за пэўную т-ру (TN; гл.Нееля пункт) і застаецца ім звычайна да Т=0 К. Да антыферамагнетыкаў адносяцца: цвёрды кісларод (α-мадыфікацыя пры TN<24 К), хром (TN=310 К), шэраг рэдказямельных металаў, многія злучэнні, у састаў якіх уваходзяць пераходныя металы (аксіды, фтарыды, сульфіды, галагеніды, карбанаты і інш.). Антыферамагнетыкі перспектыўныя для выкарыстання ў прыладах запісу і апрацоўкі інфармацыі, стварэння акустычных ліній затрымкі, як магн. элементы ў магнітааптычных запамінальных прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ—ВЁЙСА ЗАКО́Н,
тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці парамагнетыкаў; абагульненне Кюры закона на выпадак узаемадзеяння паміж лакалізаванымі магнітнымі момантамі.
Мае выгляд χ = C/(T − Θ), дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры), Θ — парамагн. т-ра Кюры. Устаноўлены франц. фізікам П.Вейсам у 1907. К—В.з. падпарадкоўваюцца фера- і антыферамагнетыкі ў парамагн. вобласці пры т-рах, больш высокіх за Кюры пункт і Нееля пункт адпаведна, а таксама сегнетаэлектрыкі: дыэлектрычная пранікальнасць пры т-рах Τ>Θ, дзе Θ — т-ра Кюры сегнетаэлектрыка; змяняецца па законе ε = B/(T − Θ), дзе B — канстанта рэчыва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЕ́ЛЬ ((Néel) Луі Эжэн Фелікс) (н. 22.11.1904, г. Ліён, Францыя),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1953), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1966), Лонданскага каралеўскага т-ва (1966). Замежны чл.АНСССР (1958). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1928). З 1928 у Страсбурскім ун-це (з 1937 праф.), у 1945—76 у Грэнобльскім ун-це, адначасова ў 1956—70 дырэктар Цэнтра ядз. даследаванняў у Грэноблі, дырэктар (з 1954) і прэзідэнт (з 1970) Нац.політэхн. ін-та. Навук. працы па тэорыі магнетызму. Тэарэтычна абгрунтаваў існаванне антыферамагнетызму (1932) і т-ры, пры якой ён знікае (гл.Нееля пункт). Распрацаваў тэорыю антыферамагнетызму, стварыў агульную тэорыю ферытаў. У 2-ю сусв. вайну прапанаваў метад аховы караблёў ад магн.мін. Працы па палеамагнетызме спрыялі пацвярджэнню тэорыі дрэйфу кантынентаў і тэорыі тэктанічных пліт. Нобелеўская прэмія 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад анты... + ферамагнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва, якому ў адсутнасць знешняга магн. поля адпавядае антыпаралельная арыентацыя магн. момантаў суседніх атамаў (іонаў) і нулявая намагнічанасць рэчыва ў цэлым. Выяўлены ў канцы 1920-х г., тэарэтычна абгрунтаваны Л.Неелем (1932, Францыя) і Л.Д.Ландау (1933).
Антыферамагн. структура — сістэма ўстаўленых адна ў адну магн. падрашотак, у вузлах якіх знаходзяцца іоны аднаго віду з аднолькавымі па значэнні і напрамку магнітнымі момантамі. У знешнім магн. полі антыферамагнетыкі слаба намагнічваюцца. Пры т-рах вышэй за Нееля пункт (TN) антыферамагн. парадак разбураецца за кошт цеплавога руху атамаў (іонаў) і антыферамагнетык пераходзіць у парамагн. стан (фазавы пераход 2-га роду), таму пры T=TN тэмпературныя залежнасці магн. успрымальнасці, цеплаёмістасці і інш. маюць анамаліі. На частотах, блізкіх да ўласнай частаты прэцэсіі магн. момантаў падрашотак, назіраецца антыферамагнітны рэзананс.
Літ.:
Преображенский А.А., Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.