НЕ́ДЗЬВЕДЗЬ (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 28.8.1941, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Д-р мед. н. (1980), праф. (1989). Брат Г.К.Недзьведзя. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1965), з 1968 працуе ў ім. Навук. працы па паталаг. анатоміі прыроджаных парушэнняў ц. н. с., павольных і вірусных нейраінфекцый чалавека.

Тв.:

Врожденные пороки центральной нервной системы. Мн. 1990;

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ДЗЬВЕДЗЬ (Георгій Канстанцінавіч) (н. 21.3.1938, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1997). Брат М.К.Недзьведзя. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961). З 1967 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1.997 кіраўнік аддзела). Навук. працы па генет., біяхім. і імуналагічных аспектах этыялогіі і патагенезу дэміэлінізуючых, інфекц.-алергічных і вертэбрагенных захворванняў нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Пояснично-крестцовый радикулярный болевой синдром как начальное проявление рассеянного склероза // Здравоохранение Белоруссии. 1977. №10;

Генетычны полімарфізм неўралагічных праяўленняў паяснічнага астэахандрозу (разам з А.​І.​Мікулічам, Я.​Я.​Краснікавай) // Весці АН БССР. Сер. біял. навук. 1984. №3.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Недзьведзь М. К. 12/520

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁМА [ад грэч. mys (myos) мышца + ōma канчатак у назвах пухлін],

дабраякасная пухліна з мышачнай тканкі ў чалавека і жывёл. М. з гладкіх мышцаў (леяміёма) развіваецца ў матцы, страўніку, кішэчніку; з папярочна-паласатых (рабдаміёма) узнікае пры парушэннях развіцця з эмбрыянальных клетак у міякардзе і мышцах канечнасцей. Бывае адзіночная і множная. Гл. таксама Пухліны.

М.​К.​Недзьведзь.

Д.Міё.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПІЛО́МА (ад лац. papilla сасок + ...ома),

дабраякасная пухліна, якая развіваецца з покрыўнага эпітэлію. Бывае на скуры, слізістых абалонках поласці рота, глоткі, галасавых звязак, мочавывадных шляхоў. Выклікаецца вірусам П. чалавека (дробны, ДНК-змяшчальны вірус). Паверхня П. часцей з сасочкавых разрастанняў. Складаецца са злучальнатканкавай стромы (рыхлай ці шчыльнай) і эпітэлію. Можа нагнойвацца, кроватачыць і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЦЭФА́ЛІЯ (ад мікра... + грэч. kephalē галава),

малая велічыня чэрапа і галаўнога мозга пры адносна нармальных памерах іншых частак цела чалавека; загана развіцця. Суправаджаецца недаразвіццём і структурнымі парушэннямі будовы вял. паўшар’яў, разумовай недаразвітасцю (гл. Алігафрэнія), затрымкай псіхічнага развіцця, мышачнай гіпатаніяй і інш. Бывае М. першасная (спадчынная) і другасная (пашкоджанні галаўнога мозга, напр., родавая траўма, запаленне і інш.). М. адрозніваюць ад гіпаплазіі галаўнога мозга (змяншэнне масы мозга без структурных парушэнняў).

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛІ́Н [ад грэч. myelos (касцявы) мозг],

тлушчападобнае рэчыва, якое ўкрывае большасць аксонаў ц. н. с. і перыферычных нерваў. Уяўляе сабой ліпапратэінавы комплекс, які складаецца з фосфаліпідаў, глікаліпідаў, халестэрыну і бялку. У ц. н. с. М. утвараецца алігадэндрагліацытамі, у перыферычных нервах — шванаўскімі клеткамі. Гэтыя клеткі ўдзельнічаюць ва ўтварэнні міэлінавай абалонкі, укрываючы асобны участак нерв. валакна спіральнымі слаямі. Утварэнне М. пачынаецца з 4-месячнага ўнутрывантробнага развіцця і працягваецца да дарослага стану чалавека.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 10, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІ́ЧНАЯ АНАТО́МІЯ,

раздзел паталогіі, які вывучае марфалагічныя асновы паталагічных працэсаў і хвароб на розных узроўнях (ад арганізмавага да малекулярнага). Падзяляецца на агульную (вывучае агульнапаталаг. працэсы) і асобную (даследуе асобныя хваробы). Аб’екты даследавання: трупы, біяпсіраваныя тканкі, тканкавыя культуры, эксперым. жывёлы. Метады даследавання: аўтапсія (ускрыццё трупа), біяпсія (прыжыццёвае мікраскапічнае даследаванне), эксперымент (стварэнне мадэляў паталаг. працэсу ці хваробы).

П.а. пачала фарміравацца ў сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік — італьян. ўрач Дж.​Марганьі. У 19 — пач. 20 ст. развіццю П.а. садзейнічалі працы М.​Біша і Ж.​Крувелье ў Францыі, К.​Ракітанскага ў Аўстрыі, А.​І.​Палуніна, М.​Н.​Нікіфарава, А.​І.​Абрыкосава ў Расіі.

На Беларусі развіццю спрыялі заснаванне кафедры П.а. ў Мінскім мед. ін-це (1923), працы І.​Т.​Цітова і Ю.​В.​Гулькевіча. Навук. даследаванні вядуцца ў мед. ін-тах Мінска, Гродна, Віцебска па пытаннях марфалогіі пухлін шчытападобнай залозы, павольных нейраінфекцый, захворванняў падстраўнікавай залозы. Вядучыя бел. спецыялісты — Г.​І.​Краўцова, М.​К.​Недзьведзь, Я.​Д.​Чарствой, Ю.​Р.​Бойка, Н.​Ф.​Сяляева, Ю.​В.​Крылоў.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997;

Струков А.И., Серов В.В. Патологическая анатомия. 3 изд М., 1993.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pathos пакута, хвароба + ...логія),

навука, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, развіцця і вынікі хвароб; тэарэтычная аснова медыцыны. Дае магчымасць выявіць сутнасць хваробы; яе функцыян. і структурныя праявы, вызначыць прынцыпы прафілактыкі і лячэння. Найб. агульныя прычыны і заканамернасці паталаг. працэсаў (алергіі, атрафіі, гарачкі, дыстрафіі, запалення, некрозу, парушэнняў лімфа- і кровазвароту) вывучае агульная П., канкрэтныя хваробы — асобная П. Падзяляецца на паталагічную анатомію і паталагічную фізіялогію.

Літ.:

Пауков В.С., Хитров Н.К. Патология. М., 1995.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДПУХЛІ́ННЫЯ ЗАХВО́РВАННІ,

перадпухлінныя станы, паталагічныя працэсы і хваробы, якія папярэднічаюць развіццю рака. Падзяляюць на 2 групы: аблігатныя і факультатыўныя. Аблігатныя (пігментная ксерадэрма, прыроджаны паліпоз тоўстай кішкі) абавязкова з цягам часу пераходзяць у рак. Умоўна да аблігатных П.з. адносяць нейрафібраматоз, які таксама пераходзіць у злаякасную пухліну — нейрафібрасаркому. Факультатыўныя П.з. (захворванні з гіперпластычнымі і дыспластычнымі працэсамі, прыроджаныя парушэнні структуры тканак) не абавязкова пераходзяць у ракавую пухліну. Многія органы могуць мець факультатыўныя П.з., напр., страўнік — хранічную язву, атрафічны гастрыт, залозісты паліп; малочная залоза — фібраадэному, кістозна-фіброзную мастапатыю; печань — цырозы і інш.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)