НЕДАНО́ШАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця, што нарадзілася заўчасна (22—38 тыдняў цяжарнасці).
У Н.д. тонкая, у складкі скура, на твары маршчыністая, слаба развітыя пазногці, мяккія вушныя ракавіны (усяго больш за 50 прыкмет). Мае фізіял. асаблівасці — аслабленае дыханне. вяласць, санлівасць, зніжаны імунітэт, тэрмалабільнасць і інш., у выніку — схільнасць да захворванняў. У першыя гады жыцця можа адставаць у фіз. і псіх. развіцці ў залежнасці ад ступені неданошанасці. Вылучаюць групу глыбока Н.д. (500—1000), сярод якіх асабліва высокія паказчыкі захваральнасці і смяротнасці. Выходжванне Н.д. ажыццяўляецца ў мед. апаратах (кувезах) у спец. установах. Мерапрыемствы па прафілактыцы праводзяцца ў дародавы перыяд (антэнатальная ахова плода). Гл. таксама Невыношванне цяжарнасці.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕВЫНО́ШВАННЕ ЦЯЖА́РНАСЦІ.
неданошанасць цяжарнасці, заўчаснае спыненне цяжарнасці да тэрміну родаў. Уключае аборт ранні (да 12 тыдняў) і позні (ад 13 да 21 тыдня), заўчасныя роды (ад 22 да 38 тыдняў), аборт і роды, што не адбыліся, таксама «прывычнае» невыношванне (калі ў мінулым было 2 і больш выпадкаў Н.ц.). Бывае вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам. і быт. фактараў, захворванняў палавых органаў і інш. Праявы: болевы сіндром, крывяныя выдзяленні і інш. Лячэнне тэрапеўт. і хірург. (па паказаннях). Жанчыны з фактарамі рызыкі Н.ц. назіраюцца ў спец. лячэбна-прафілакт. установах. Гл. таксама Неданошанае дзіця.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,
дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.
І.У.Дуда.
т. 11, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)