БУНЬЮЭ́ЛЬ, Бюнюэль (Buñuel) Луіс (22.2.1900, Каланда, прав. Тэруэль, Іспанія — 29.7.1983), іспанскі кінарэжысёр. Працаваў у Іспаніі, Францыі, ЗША, Мексіцы. Прадстаўнік сюррэаліст. кірунку ў зах.-еўрап. кінематографе 2-й пал. 1920-х г. («Андалузскі пёс», «Залаты век»). У больш позніх фільмах выкрываў рэліг. і грамадскія міфы, існаванне якіх абмяжоўвала свабоду чалавека: «Назарын» (1958), «Вірыдыяна» (1961), «Трыстана» (1970), «Сціплае абаянне буржуазіі» (1972), «Гэты невыразны аб’ект жадання» (1977; за 2 апошнія прэмія «Оскар»). З інш. фільмаў: «Лас Урдэс. Зямля без хлеба» (1932, дакумент.), «Вялікае казіно» (1945), «Лесвіца на неба» (1951).

Тв.:

Рус. пер. — Бунюэль о Бунюэле: Мой последний вздох: (воспоминания);

Сценарии. М., 1989.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КАННЕ,

вымаўленне не пад націскам гука «а» заўсёды або ў пэўным становішчы ў адпаведнасці з галоснымі «а», «о», «е» пад націскам. Характэрная асаблівасць бел. літ. мовы (перадаецца і на пісьме) і мясц. гаворак асн. масіву, за выключэннем усх.-палескай (мазырскай) групы, а таксама рус. літ. мовы і яе паўд. гаворак. Адрозніваюць аканне пасля цвёрдых і аканне пасля мяккіх (яканне) зычных. У бел. мове пашырана недысімілятыўнае (моцнае) і дысімілятыўнае аканне. Пры недысімілятыўным гук «а» выступае заўсёды ў 1-м складзе перад націскам, а таксама пераважна і ў інш. ненаціскных складах: «вада́», «чалаве́к», «гавары́ў», «го́рад». Гэтае аканне ўласціва гаворкам сярэднебел. групы, полацка-мінскай падгрупы паўн.-ўсх. і паўд.-зах. дыялектам, дзе яно, аднак, няпоўнае, а таксама літ. мове. Пры дысімілятыўным аканні ў 1-м складзе перад націскам гук «а» вымаўляецца, калі пад націскам выступае любы галосны, акрамя «а». Перад складам з націскам «а» пасля цвёрдых зычных утвараецца невыразны гук «ь» або «ы». Падобныя гукі адзначаюцца і ў інш. ненаціскных складах, за выключэннем канцавога адкрытага складу: «вады́», «траво́й», але «тръва́», «бъръда́» (аднак «мно́га», «го́ра»). Такое аканне ў гаворках магілёўска-віцебскай падгрупы паўн.-ўсх. дыялекту.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.А.Крывіцкі.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)