традыцыйная рыбалоўная снасць. Вядома са стараж. часоў у беларусаў, рускіх і інш. народаў. Складаецца з сеткавага мяшка (куля) і двух прывязаных да яго сеткавых палотнішчаў (крылаў). Па супрацьлеглых баках кожнага працягвалі вяроўкі (цяцівы). Верхняя вяроўка аснашчалася паплаўкамі, ніжняя — грузіламі. Па канцах крылаў мацавалі тоўстыя палкі (клячы, кабылы), каб у час руху яны не скручваліся, з абодвух канцоў да іх прывязвалі вяроўкі (вілы), якія пры нацягванні ўтваралі з палкамі трохвугольнікі. Па сярэдзіне віл прымацоўвалі другія вяроўкі (кадолы), за якія цягнулі Н. У залежнасці ад памераў і спосабаў лоўлі вылучалі зімовыя Н., летнія, мутнікі і брэдні. Пашыраны па ўсёй Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЙНЕР (англ. seiner ад seine кашальковы невад),
судна для лоўлі рыбы кашальковым невадам. Мае рабочыя (сейнерныя) пляцоўкі для кашалькавання, закідвання і выбаркі невада. Асн.прамысл. механізмы: сейнерная ці тралавая лябёдка і прамысл. страла з сілавым блокам; маторная лодка для дапаможных аперацый пры закідванні невада. Найб. буйныя С. маюць верталёт для пошуку рыбы. Прыстасаваныя таксама для работы з тралам, дрыфтэрнымі сеткамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ТА,
сцяна, у беларусаў традыц. прылада для лоўлі рыбы на хуткім цячэнні. Уяўляла сабой аднасценную сетку, прывязаную вяроўкамі да двух палак, і абвешаную паплаўкамі і грузілам так, каб яна не танула на дно. У час руху ў вадзе сетка прымала форму жолаба, і рыба збіралася каля яе задняй сцяны. Летам Л. рыбачылі як падвалокай, зімой выкарыстоўвалі як зімовы невад. Была пашырана-пераважна на Брэстчыне і Гродзеншчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКУ́ША,
1) сельскагаспадарчая прылада для веснавой перадпасяўной апрацоўкі зябліва. Бываюць брусковыя, цвіковыя, шлейф-В. Выраўноўваюць паверхню поля і ствараюць слой рыхлай дробнакамякаватай глебы.
2) Прыстасаванне для падбору сена і саломы з валкоў у копы і транспартавання іх да месца сціртавання. Сена з валкоў падбіраюць навяснымі грабельнымі валакушамі, копы сена ці саломы (па 10—15) транспартуюць прычапнымі бязрамнымі або рамачнымі валакушамі.
3) Палазовае прыстасаванне для перавозкі грузаў ва ўмовах бездарожжа — дзве доўгія, замацаваныя папярочкамі жэрдкі, адны канцы якіх служылі палазамі, другія аглоблямі. Былі валакушы і без аглобляў, каня ў іх запрагалі з дапамогай пастронкаў і ворчыка. Валакушы перавозілі бярвёны ў лесе, каменне з палёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САХА́,
адзінка падатковага абкладання на Русі 13—15 ст. і ў Рас. дзяржаве 16—17 ст., з якой збіраўся дзярж. пазямельны падатак — пасошнае. Да сярэдзіны 16 ст. вымяралася колькасцю рабочай сілы. У 13—15 ст. С. складалі 2—3 селяніны-работнікі. Пры зборы падаткаў да адной С. прыраўноўвалі таксама 1 гарбарскі чан, невад, краму, кузню і г.д. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў розных землях Русі С. складала розныя велічыні. З сярэдзіны 16 ст. ў Рас. дзяржаве ў якасці падатковай адзінкі ўведзена т.зв. вялікая С., якая складалася з пэўнай колькасці чвэрцяў зямлі ў залежнасці ад катэгорыі ўладальнікаў (800—1200 чвэрцяў у свецкіх феадалаў, 600—800 у царквы, 500—700 у чарнасошных і дварцовых сялян) і якасці зямлі; для насельніцтва гар. пасадаў памер вял. С. вызначаўся пэўнай колькасцю двароў. У 1646 падворны прынцып вылічэння памеру С. ўведзены замест пазямельнага і ў сельскай мясцовасці. С. як адзінка падаткаабкладання скасавана ў 1679 з увядзеннем падворнага абкладання.