АНІЗАГА́МІЯ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...гамія),

тып палавога працэсу, калі зліваюцца палавыя клеткі (гаметы), якія адрозніваюцца памерам, формай або паводзінамі пры зліцці. Напр., у некаторых водарасцяў анізагамія заключаецца ў зліцці мужчынскіх і жаночых гамет, адна з якіх менш рухомая або большая за другую. Часам гэты працэс наз. гетэрагаміяй, а паняцце «анізагамія» выкарыстоўваюць у адносінах да прасцейшых, якім у палавым працэсе ўласцівы капуляцыя і кан’югацыя. Для вышэйшых раслін і мнагаклетачных жывёл, а таксама для некаторых грыбоў характэрна аагамія. Гл. таксама Ізагамія.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОД ТЭЛЕГРА́ФНЫ,

прынятая ў тэлеграфіі сістэма ўмоўных абазначэнняў, дзе кожнай літары (лічбе ці інш.) адпавядае пэўная камбінацыя элементарных пасылак эл. току. Адрозніваюць К.т. раўнамерны (лік пасылак у кожнай камбінацыі аднолькавы) і нераўнамерны (лік пасылак неаднолькавы).

Нераўнамерны К.т. (код Морзе) — сістэма з кароткачасовых (кропка) і працяглых (працяжнік, роўны па працягласці 3 кропкам) пасылак, раздзеленых інтэрваламі. У тэлегр. апаратах найб. пашыраны раўнамерны 5-элементны К.т., напр., код Бадо, Міжнар. код №2, які акрамя сімвалаў мае службовыя камбінацыі для пераводу апарата на рус., лац. ці лічбавы рэгістр.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАМЕ́ТР МАГНІ́ТНЫ (ад грэч. anisos неаднолькавы + ...метр),

прылада для вызначэння магнітнай анізатрапіі монакрышталёў і тэкстураваных матэрыялаў. Прынцып дзеяння: доследны ўзор змяшчаюць у моцнае аднароднае магн. поле; папярочная кампанента вектара намагнічанасці, што ўзнікае, утварае момант вярчэння, які імкнецца павярнуць узор. Момант вярчэння кампенсуецца момантам, што ствараюць пругкія мех. элементы прылады. Вугал павароту ўзору адлічваецца па шкале пры розных напрамках поля. Па выніках вымярэнняў разлічваюцца, канстанты анізатрапіі і ацэньваецца ступень дасканаласці тэкстуры. Анізаметр магнітны дае магчымасць даследаваць масіўныя ўзоры, ферамагн. плёнкі, матэрыялы ў вытв. умовах; інтэрвал т-р ад 1300 К да геліевых (~1 К); напружанасць магн. поля да 4000 кА/м.

Схема анізаметра магнітнага: 1 — крыніца святла; 2 — пругкія элементы; 3 — люстэрка; 4 — шкала; 5 — узор; N, S — полюсы магніта.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫП у біялогіі,

вышэйшая таксанамічная адзінка ў сістэматыцы жывёл, якая аб’ядноўвае розныя класы. Адлюстроўвае асн. галіны філагенет. дрэва жывёл. Тэрмін прапанаваў у 1825 франц. вучоны А.​Бленвіль, які назваў Т. 4 «галіны» жывёл, вылучаныя ў 1812 Ж.Кюўе. Увесь жывёльны свет па розных сістэмах падзяляюць на 10—33 Т. Выкапнёвая і сучасная фауна Беларусі прадстаўлена 15—19 Т.; 5—9 Т. прасцейшых, губкі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві, малюскі, першаснаполасцевыя чэрві, плечаногія, плоскія чэрві, хордавыя, членістаногія. Аб’ём розных Т. неаднолькавы (напр., у губак каля 5 тыс. відаў, а ў малюскаў каля 130 тыс.). Паміж Т. і класам часта ўводзяць прамежкавыя катэгорыі: падтып, надклас. Напр., Т. хордавых падзяляюць на 3 падтыпы: абалоннікаў, ці лічынкавахордавых, бесчарапных і чарапных, ці пазваночных. Усе арганізмы аднаго Т. характарызуюцца адзіным планам будовы. У сістэматыцы раслін Т. адпавядае аддзел.

т. 16, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэматычнае мэтанакіраванае ўздзеянне на дзіця дарослых членаў сям’і і сямейнага ладу жыцця. Гал. задача С.в. — падрыхтоўка дзіцяці да жыцця ў пэўных сац. умовах. С.в. звычайна будуецца на аснове ідэалогіі, маралі і сістэмы ўзаемаадносін таго сац. пласта, да якога належыць сям’я. Фарміраванне асобы дзіцяці адбываецца ў выніку непасрэднага ўплыву аб’ектыўных умоў яго жыцця ў сям’і (сямейных адносін, структуры сям’і і колькасці яе членаў, прыкладу бацькоў і інш.) і ўздзеяння мэтанакіраванага выхавання дарослымі. Свядомая выхаваўчая дзейнасць дарослых становіцца эфектыўнай, калі праводзіцца не адасоблена ад рэальнага жыцця бацькоў, а пацвярджаецца ім. На С.в. істотна ўплывае духоўная культура бацькоў, іх вопыт сац. зносін, сямейныя традыцыі. Асобая роля належыць пед. культуры бацькоў, якая дае магчымасць звузіць элемент стыхійнасці, які найбольш уласцівы С.в. Маральнае ўздзеянне сям’і як выхаваўчага ін-та чалавек адчувае на працягу ўсяго жыцця. Аднак уплыў С.в. на розных этапах развіцця дзіцяці неаднолькавы. З паступленнем дзіцяці ў навуч. ўстановы сям’я пачынае падзяляць сваю выхаваўчую функцыю з інш. сац. ін-тамі; чым мацнейшая ўзаемасувязь і пераемнасць паміж С.в. і выхаваннем грамадскім, тым больш значны вынік выхавання як адзінага мэтанакіраванага працэсу.

Літ.:

Сухомлинский В.А. Родительская педагогика. Новосибирск, 1985;

Титаренко В.Я. Семья и формирование личности. М., 1987;

Эволюция семьи в современном обществе. М., 1989;

Чечет В.В. Педагогика семейного воспитания. Мн., 1998.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЗАТРАПІ́Я (ад грэч. anisos неаднолькавы + tropos напрамак),

1) у фізіцы — залежнасць фіз. (мех., аптычных, магн. і інш.) уласцівасцяў рэчыва ад напрамку. Натуральная анізатрапія — характэрная асаблівасць крышталёў; абумоўлена іх сіметрыяй і выяўляецца тым больш, чым яна меншая. Анізатрапія некаторых вадкасцяў (напр., вадкіх крышталёў) тлумачыцца асіметрыяй і пэўнай арыентацыяй малекул. У аморфных і полікрышталічных рэчывах анізатрапія бывае пры наяўнасці прыроднай (напр., драўніна) або штучнай тэкстуры (напр., пры пракатцы ліставой сталі зерні металу арыентуюцца ўздоўж напрамку пракаткі, у выніку чаго ствараецца анізатрапія мех. уласцівасцяў). Анізатрапія многіх уласцівасцяў крышталёў, напр. лінейнага цеплавога расшырэння, электраправоднасці, пругкіх уласцівасцяў, характарызуецца значэннямі адпаведных пастаянных уздоўж гал. восі сіметрыі і ўпоперак да яе. Аптычная анізатрапія выяўляецца ў выглядзе падвойнага праменепраламлення, дыхраізму, змен характару палярызацыі і вярчэння плоскасці палярызацыі святла. Натуральная аптычная анізатрапія крышталёў абумоўлена неаднолькавасцю ў розных напрамках поля сіл, якія ўтрымліваюць атамы ці іоны рашоткі. Штучная анізатрапія ствараецца ў ізатропных асяроддзях пад уздзеяннем вонкавых сіл ці палёў, што вызначаюць у асяроддзях пэўныя напрамкі, напр., у выніку ўздзеяння пругкіх дэфармацый, эл. поля, магн. поля (гл. Катона—Мутона эфект, Фарадэя эфект).

2) А. ў геалогіі абумоўлена мікраслаістасцю, упарадкаванай арыентацыяй зерняў і крышталёў і мікратрэшчынаватасцю горных парод і мінералаў. Крышталі розных мінералаў выяўляюць анізатрапію розных уласцівасцяў: слюды — аптычных, мех. (спайнасці, пругкасці, трываласці); дыстэну — цвёрдасці; кварцу, турмаліну — аптычных, п’езаэлектрычнага эфекту; магнетыту — ферамагнітных; кальцыту — аптычных. Анізатрапія некаторых мінералаў выкарыстоўваецца ў прыладабудаванні. Анізатрапія масіваў горных парод вызначаецца ўпарадкаванымі лінейнымі ці плоскаснымі элементамі будовы (стратыфікаваныя асадкавыя і метамарфічныя тоўшчы горных парод з лінейна арыентаванымі структурамі, слаістасцю, макратрэшчынаватасцю і інш.). Пры горных работах найб. значэнне маюць дэфармацыйныя ўласцівасці парод.

3) У батаніцы — здольнасць розных органаў адной і той жа расліны займаць рознае становішча пры аднолькавым уздзеянні пэўнага фактара вонкавага асяроддзя. Напр., пры бакавым асвятленні расліны яе верхавінка выгінаецца ў бок крыніцы святла, а лісцевыя пласцінкі займаюць перпендыкулярнае напрамку прамянёў становішча.

Літ.:

Шаскольская М.П. Очерки о свойствах кристаллов. 2 изд. М., 1978;

Сиротин Ю.М., Шаскольская М.П. Основы кристаллофизики. 2 изд. М., 1979.

т. 1, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛКІ́, пратэіны,

прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн. хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл. Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв. прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв. малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.​Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.

Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн. біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ. М., 1987;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;

Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр. М., 1990.

У.​М.​Рашэтнікаў.

Да арт. Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКАЦЫЙНЫ ЎЗРОВЕНЬ НАСЕЛЬНІЦТВА.

Гэта адзін з асноўных паказчыкаў якаснага развіцця насельніцтва. У 1897 на Беларусі 63% насельніцтва было непісьменным. Карэнны пералом у культурным развіцці і адукацыі бел. народа пачаўся ў 1920-я г., калі савецкая ўлада паставіла гал. задачай ліквідацыю непісьменнасці. У 1920 у БССР ва ўзроставай групе насельніцтва 9—49 гадоў 52,6% былі непісьменныя, у 1939 гэты паказчык складаў 19,2%, а ў 1970—0,8%. Паводле перапісаў насельніцтва 1989 і 1999 паказчык непісьменнасці стабільна трымаецца на ўзроўні 0,2% (пераважна асобы, якія не мелі магчымасці наведваць школу з-за фізічных недахопаў ці хранічных хвароб). Апошнія перапісы насельніцтва дазваляюць лічыць Беларусь краінай усеагульнай пісьменнасці. Высокі паказчык пісьменнасці — вынік мэтанакіраванай палітыкі ў краіне ў перадваенныя і пасляваенныя гады.

Важны паказчык росту адукацыйнага і культурнага ўзроўню — пастаяннае павелічэнне колькасці асоб, якія маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Да 1970 вялікая ўвага ў краіне надавалася ахопу моладзі 7-гадовай і 8-гадовай адукацыяй, што садзейнічала росту долі насельніцтва з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй (гл. табл. 20, рыс. 3). У 1973 прыняты закон, які прадугледжваў пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі.

Найбольш высокі ўзровень адукацыі адзначаны ў моладзі ва ўзросце 20—29 гадоў. Хутчэй расце доля насельніцтва, якая мае сярэднепрафесійную і сярэднюю адукацыю. Паводле перапісаў 1989 і 1999 доля насельніцтва краіны ў 15-гадовым і старэйшым узросце, якое мела вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю, павялічылася з 77% да 85%; у т. л. доля асоб з вышэйшай адукацыяй вырасла з 11% да 14%, сярэдняй — з 49,5% да 57,7%, у т. л. з сярэднепрафесійнай — з 17% да 22%.

Узровень адукацыі насельніцтва, занятага ў эканоміцы, значна вышэйшы, чым у насельніцтва узроставай групы 15 гадоў і старэй (гл. табл. 21). Паводле перапісу 1999 сярод занятых закончаную вышэйшую, сярэднюю і базавую адукацыю маюць 98% супраць 90% у 1989.

Звесткі першых пасляваенных перапісаў паказвалі істотныя адрозненні ў адукацыі мужчын і жанчын, гарадскога і сельскага насельніцтва. Адзначанае адставанне ўзроўню адукацыі жанчын да 1989 амаль знікла, а сярод занятага насельніцтва ўзровень адукацыі жанчын нават перавысіў узровень адукацыі мужчын. Паводле перапісу 1999 у цэлым па насельніцтве (у групе 15 гадоў і старэй) узровень адукацыі мужчын некалькі вышэйшы, чым жанчын. Так, у разліку на 1000 мужчын адзначанай групы прыпадае 141 асоба з вышэйшай адукацыяй, сярод жанчын у гэтым узросце на 1000—139 асоб. Розніца ў асноўным узнікае за кошт асоб, старэйшых за 50 гадоў. Сярод асоб больш маладых узростаў узровень адукацыі вышэйшы ў жанчын.

Узровень адукацыі насельніцтва ў гарадской і сельскай мясцовасці неаднолькавы. Доля асоб з вышэйшай адукацыяй сярод гарадскога насельніцтва вышэйшая, чым сярод сельскага. У цэлым узровень адукацыі насельніцтва сельскай мясцовасці павялічваецца ад перапісу да перапісу больш хутка, чым у гарадах. У 1989 сярод сельскіх жыхароў ва ўзросце 15 гадоў і старэй доля асоб з закончанай вышэйшай, сярэдняй і базавай адукацыяй складала 56%, у 1999—68% (рост 12%). Сярод гарадскіх жыхароў гэты паказчык павялічыўся з 89% да 93% (рост 4%). У выніку доля асоб з вышэйшай і сярэдняй (поўнай і няпоўнай) адукацыяй у сельскай і гарадской мясцовасці паступова выраўноўваецца, але доля асоб з вышэйшай адукацыяй (паводле перапісу 1999) у сельскай мясцовасці застаецца больш нізкай. На 1000 чал. насельніцтва ва ўзросце 15 гадоў і старэй у гарадах маюць вышэйшую адукацыю 176 чал., у сельскай мясцовасці — 61. Значнае адставанне назіраецца не толькі сярод асоб старэйшых узростаў, але і сярод працаздольных. На 1000 мужчын пенсіённага ўзросту ў гарадах прыпадае 146 асоб з вышэйшай адукацыяй, у сельскай мясцовасці — 28. На павелічэнне ўзроўню адукацыі сельскага насельніцтва ў ліку іншых фактараў паўплывала скарачэнне аб’ёмаў міграцыі моладзі з вёскі ў горад і прыток у вёску імігрантаў з іншых краін СНД.

У цэлым па краіне ў працаздольным узросце ў 1999 з 1000 мужчын 151 мужчына і з 1000 жанчын 177 жанчын мелі вышэйшую адукацыю. У групе, старэйшай за працаздольны ўзрост, той жа паказчык адпаведна складае 119 і 75; у 70-гадовым і старэйшым узросце — 97 і 41. Сярод занятага насельніцтва з 1000 жанчын мелі вышэйшую адукацыю 215, з 1000 мужчын — 182. Найб. высокім узроўнем адукацыі вызначаюцца буйныя гарады краіны, а таксама яе паўн.-ўсх. раёны.

Крызісныя з’явы ў эканоміцы краіны неадназначна паўплывалі на дынаміку ўзроўню адукацыі. Парушаная залежнасць матэрыяльнага дабрабыту ад узроўню адукацыі прывяла да таго, што ў пач. 1990-х г. каштоўнасць адукацыі ў іерархіі каштоўнасцей моладзі некалькі адышла на задні план і саступіла месца матэрыяльным каштоўнасцям. Але з сярэдзіны 1990-х г. зноў акрэслілася тэндэнцыя росту каштоўнасці вышэйшай і сярэдняй прафес. адукацыі сярод моладзі. У цэлым даступнасць такога ўзроўню адукацыі для насельніцтва рэспублікі ў 1990-я г. павялічылася.


Табліца 20
Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі
Паказчыкі ўзроўню адукацыі Даты перапісаў насельніцтва
1959 1970 1979 1989 1999
Усё насельніцтва ў 15-гадовым і старэйшым узросце, тыс. чал. 5632 6396 7324 7815 8085
Маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю 1863 3225 4773 6023 6892
у т. л. вышэйшую 96 261 512 843 1134
сярэднюю 637 1386 2612 3865 4663
няпоўную сярэднюю 1130 1578 1649 1315 1095
На 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце маюць вышэйшую і сярэднюю (поўную і няпоўную) адукацыю 331 505 652 770 852
у т. л. вышэйшую 17 41 70 108 140
сярэднюю 113 217 357 495 577
няпоўную сярэднюю 200 247 225 168 135

Табліца 21
Размеркаванне насельніцтва паводле ўзроўню адукацыі, 1999
Узровень адукацыі Колькасць насельніцтва, тыс. чал. На 1000 чал. насельніцтва
усяго ў 15-гадовым і старэйшым
узросце
занятага ў эканоміцы усяго ў 15-гадовым і старэйшым
узросце
занятага ў эканоміцы
Усяго асоб з закончанай адукацыяй 7995 4446 989 999
у т. л. вышэйшай прафесійнай 1134 881 140 198
сярэдняй прафесійнай 1804 1329 223 299
пачатковай прафесійнай 745 571 92 128
сярэдняй агульнай 2116 1314 262 295
базавай агульнай 1093 274 135 62
пачатковай агульнай 1103 77 137 17
Рост узроўню адукацыі насельніцтва Беларусі (на 1000 чал. у 15-гадовым і старэйшым узросце).

т. 18, кн. 2, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)