ЛАРЫНГАСПА́ЗМА [ад грэч. larynx (laryngos) гартань + спазма],

раптоўная сутаргавая спазма мускулатуры гартані, у выніку якой прасвет гартані закрываецца і ўзнікае інспіраторная задышка. Выклікаецца раздражненнем блукаючага нерва пры пападанні іншародных цел у прасвет гартані, валляку, пухлінах, у дзяцей таксама — доўгім плачам, смехам і інш. Пры Л. хворы задзірае галаву, шырока разяўляе рот, у цяжкіх выпадках — смерць ад асфіксіі. Неадкладны зварот па ўрачэбную дапамогу.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́ЎСКІ ((Padlewski) Зыгмунт) (1.1.1836, с. Малая Чарняўка Ружынскага р-на Жытомірскай вобл., Украіна — 15.5.1863),

польскі рэвалюцыянер. Скончыў Артыл. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Уваходзіў у тайную рэв. арг-цыю, якую ўзначальвалі З.Серакоўскі і Я.Дамброўскі. Пасля ад’езду ў Парыж прымаў удзел у дзейнасці Т-ва польскай моладзі, пазней выкладаў у польскай ваен. школе ў Італіі. У 1862 вярнуўся на радзіму і прызначаны рэв. начальнікам Варшавы, увайшоў у склад Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве (ЦНК). У вер. і ліст. 1862 вёў перагаворы з А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым і М.​А.​Бакуніным пра ўзаемадзеянне з рас. рэв. рухам. У снеж. 1862 ад імя ЦНК заключыў пагадненне з ЦК «Зямлі і волі» ў Пецярбургу. Выступаў за неадкладны пачатак паўстання. У час паўстання 1863—64 узначальваў паўстанцкія атрады ў Плоцкім ваяводстве. Арыштаваны рас. ўладамі і расстраляны.

Літ.:

Karbowski W. Zygmunt Padlewski. Warszawa, 1969.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІМАЛІ́СТЫ, эсэры-максімалісты,

палітычная плынь у рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) у 1904—12 і 1917—20. Узніклі ў 1904, арганізацыйна аформіліся ў «Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў» у кастр. 1906 Кіраўнікі Ф.​Я.​Святлоў, М.​І.​Сакалоў, М.​І.​Рыўкін і інш. У 1905—07—2—2,5 тыс., у 1917 каля 3 тыс. чл. Друкаваныя органы — газеты «Вольный дискуссионный листок», «Трудовая республика» і інш. Выступалі за неадкладны сац. пераварот, ажыццяўленне эсэраўскай праграмы-максімум (адсюль назва): сацыялізацыю зямель, фабрык, заводаў. Асн. тактыка — індывід. тэрор і экспрапрыяцыі. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічалі арг-цыі М. у Віцебску, Гомелі, Гродне, Пінску, Слоніме. У 1912 М. часова спынілі дзейнасць, аднавілі яе пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Блакіраваліся з левымі эсэрамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, у працы 2—7-га з’ездаў Саветаў і ВЦВК, але выступалі супраць дыктатуры пралетарыяту і Брэсцкага міру 1918. Частка іх удзельнічала ў антыбальшавіцкіх мяцяжах. У 1919 «Саюз» М. раскалоўся: большасць арг-цый выступіла за супрацоўніцтва з бальшавікамі, частка, у т. л. Аршанская арг-цыя, засталася на антыбальшавіцкіх пазіцыях. У маі 1920 арг-цыя М. самаліквідавалася, частка яе членаў уступіла ў РКП(б).

Літ.:

Жуков А.Ф. Идейно-политический крах эсеровского максимализма. Л., 1979;

Павлов Д.Б. Эсеры-максималисты в первой российской революции. М., 1989.

Э.​А.​Ліпецкі.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)