КУЛІ́СА (франц. coulisse ад couler слізгаць, бегчы),
1) звяно куліснага механізма, якое верціцца вакол нерухомай восі і стварае з другім рухомым звяном (паўзуном) паступальную пару. Бываюць вярчальныя, хістальныя і прамалінейна рухальныя.
2) Элементы тэатральнай дэкарацыі з тканіны, якія свабодна вісяць або нацягнуты на рамы і размяшчаюцца па баках сцэны паралельна ці пад вуглом да рампы. Разам з падугамі ўтвараюць т.зв. адзенне сцэны. Упершыню выкарыстаны ў 1619 у тэатры т. Парма (Італія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНДУ́РА (польск. bandura ад грэч. pandura),
украінскі нар. шматструнны (7—40) шчыпковы інструмент тыпу лютнепадобных. Вядома з 15 ст.Наз. таксама кобзай. Мае драўляны выдзеўбаны корпус грушападобнай формы, значна расшыраны злева. Дэка плоская, з круглай ці зоркападобнай рэзанатарнай адтулінай, шыйка кароткая, без ладоў, невял. адагнутая галоўка з завітком. Меладычныя струны («прыстрункі») нацягнуты ўздоўж корпуса і мацуюцца з яго левага боку, басовыя (бунты) — уздоўж грыфа, мацуюцца калкамі на галоўцы (служаць для акампанементу). Гукарад дыятанічны (цяпер часцей храматычны).У 1920-х г. бандура ўдасканалена, павялічылася колькасць струн, утварылася сям’я бандур — прыма, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца ў капэлах бандурыстаў, аркестрах і ансамблях нар. інструментаў.
Бандура з дыятанічным (злева) і храматычным гукарадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫ́СКА, зыбка, люлька,
дзіцячы ложак; даўні від бел.нар. мэблі. Рабілі з дошак ці рэечак; у Зах. Беларусі плялі з лазовых дубцоў, ракіты, карэнняў у выглядзе доўгага кошыка (часам з казырком). Падвешвалі на чатырох почапках да столі ці бэлькі, часцей да жэрдкі, якая адным канцом затыкалася за бэльку. Найб. просты від К. — кусок палатна, нацягнуты на драўляную раму. З канца 19 ст. пашырана К. ў выглядзе невял. ложка на ножках, падбітых папарна дугападобнымі брускамі. Аздаблялі К. прапілоўкай, фігурнымі прафіляванымі накладкамі, точанымі ці разнымі элементамі, з якіх набіралі рашэцістыя бакавіны. Плеценыя К. дэкарыравалі спалучэннем розных спосабаў пляцення. У наш час амаль выйшлі з ужытку.
Я.М.Сахута, В.С.Цітоў.
Калыска. Вёска Вязынка Маладзечанскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст. Дом-музей Я.Купалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РА (грэч. lyra),
назва струнных муз. інструментаў, струны якіх нацягнуты паралельна паверхні рэзанансавага корпуса і прымацаваны зверху да перакладзіны, т.зв. ярма. 1) Стараж.-грэч. струнны шчыпковы муз. інструмент. Мела плоскі закруглены корпус са скураной мембранай, 3—11 струн. У суправаджэнні Л. выконвалі творы эпічнай і лірычнай паэзіі (адсюль лірыка). Сярод шматлікіх разнавіднасцей — удасканаленая кіфара. Падобны тып інструмента быў пашыраны ў многіх стараж. цывілізацыях.
2) Струнныя смычковыя інструменты тыпу лютні, віёлы, фібулы, скрыпкі ў Зах. Еўропе 15—18 ст. 3) Струнны фрыкцыйны муз. інструмент — Л. колавая, вядомы ў Зах. і Усх. Еўропе з 11 ст. Мае драўляны корпус віёльнай, скрыпічнай, гітарнай формы, да верхняй часткі якога прымацавана скрынка (ці галоўка) з калкамі. 1—3 меладычныя струны нацягнуты ўнутры прадаўгаватай скрынкі, размешчанай на верхняй дэцы. Даўжыня іх гучальнай часткі і вышыня тону змяняецца пры націсканні выступаў на другім канцы клавіш. 1—4 бурдонныя струны размешчаны па-за скрынкай. Гук узнікае пры трэнні аб струны кола, якое прыводзіцца ў рух з дапамогай ручкі. Колавая Л. выкарыстоўвалася ў манастырах, пры двары (менестрэлі), у нар. побыце. Творы для колавай Л. пісалі В.А.Моцарт, І.Гайдн, Г.Даніцэці і інш.
На Беларусі вядома з канца 16 — пач. 17 ст.Мясц. назвы лера, рэля, рыля, на бел.-ўкр. памежжы — кобза, бандура, на Чэрвеньшчыне — старэцкая скрыпка. Была звязана пераважна з побытам жабракоў (лірнікаў). Выйшла з нар. ўжытку ў 1930—40-я г. У наш час удасканаленая Л. з дыяпазонам у 2 актавы і храматычным гукарадам выкарыстоўваецца ў Дзярж.акад.нар. аркестры, інстр. групе Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, у шматлікіх прафес. («Песняры», «Харошкі», «Свята») і самадз. («Крупіцкія музыкі») ансамблях.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РФА (ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі арфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЛІ,
рускі нар.муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны рэзанатарны корпус розных памераў і формаў (крыла- і шлемападобныя, прамавугольныя), над верхняй дэкай якога нацягнуты жыльныя або метал. струны (ад 5—12 у крылападобных да 66 у прамавугольных). Поўны, яркі і звонкі гук узнікае пры зашчыпванні струн пальцамі, плектрам або брынканні па іх. Гуслі запазычаны рускімі ў балтаў і угра-фінаў, у якіх бытавалі ўжо ў глыбокай старажытнасці (звесткі ў эпасе «Калевала») пад рознымі назвамі (кантэле, кокле, кюсле і інш.). На Русі, паводле сведчання археал., пісьмовых і іканаграфічных помнікаў, гуслі выкарыстоўваліся для сольнай і ансамблевай ігры простымі людзьмі і прафес.нар. музыкантамі-скамарохамі (гуслярамі). Іх рэпертуар гістарычна мяняўся (ад нар. былін, песень і танцаў да твораў кампазітараў). З пач. 20 ст., пасля ўдасканалення і стварэння сям’і гусляў, увайшлі ў «хары гусляроў» і аркестры рус.нар. інструментаў. Зараз нар. гуслі зрэдку сустракаюцца на Пскоўшчыне. На Беларусі, паводле слоўнікаў 16—17 ст. (Л.Зізаній, П.Бярында), «гуслямі» наз. розныя струнныя інструменты (скрыпку, ліру, арфу, цытру), у наш час — некат. нар. духавыя (дудку, парныя дудкі, губны гармонік) і струнныя (цытру) муз. інструменты.