Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫ́ЗМ, нацыянал-сацыялізм,
германская разнавіднасць фашызму, паліт. рух, ідэалогія і дзярж. рэжым Германіі ў 1933—45. Узнік пасля 1-й сусв. вайны ва ўмовах усебаковага крызісу Веймарскай рэспублікі на базе фаш. руху, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі дробнай буржуазіі, былыя вайскоўцы, беспрацоўныя, частка моладзі і інтэлігенцыі. Узначальвалі рух А.Гітлер і Нацыянал-сацыялісцкая партыя. Праграма руху створана ў 1920 Г.Федэрам, выкладзена Гітлерам у кн. «Мая барацьба» (1925) і А.Розенбергам у кн. «Міфы 20 стагоддзя» (1930). Пасля прыходу фашыстаў да ўлады у 1933 пашырыўся створаны на прускі ўзор бюракратычны дзярж. апарат за кошт тэрарыстычна-паліцэйскіх фарміраванняў, органаў кіравання эканомікай і арміяй, структур для вядзення нацысцкай прапаганды, уздзеяння на культуру і асвету ў адпаведнасці з догмамі нацысцкай ідэалогіі. Прыхільнікі нацыянал-сацыялізму, якія на словах апелявалі да гіст. вопыту, нац.-культ. традыцый германскага народа, абвясцілі культ грубай фіз. сілы, падпарадкавання, паслушэнства. У аснову адносін з народамі свету была пакладзена расавая тэорыя (гл. Расізм), паводле якой некаторыя народы (яўрэі, цыганы, б.ч. славян) падлягалі фіз. знішчэнню, што, на думку гітлераўцаў, з’яўлялася перадумовай стварэння «ідэальнай Германіі». Пад уплывам сваіх ідэалаг. догмаў Н. развязаў 2-ю сусв. вайну. Унутры Германіі псеўданац. фразеалогія нацыянал-сацыялістаў прыкрывала ўсталяванне сістэмы жорсткага дзярж.-манапалістычнага рэгулявання эканомікай і ўсім грамадскім жыццём, палітыкай мілітарызацыі краіны, падрыхтоўкай і вядзеннем захопніцкіх войнаў. Былі скасаваны аўтаномныя правы суб’ектаў герм. федэрацыі — зямель, а Германія ператворана ва унітарную дзяржаву; караліся любыя праяўленні апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Пасля ўстанаўлення нацысцкай дыктатуры былі забаронены паліт. партыі і дэмакр. аб’яднанні, у т. л. прафсаюзы; створана сетка канцэнтрацыйных лагераў. З канца 1930-х г. фаш. агрэсія прывяла да распаўсюджвання нацысцкіх парадкаў і дзейнасці рэпрэсіўнага апарата на акупіраваныя краіны. Паражэнне фаш. Германіі ў 2-й сусв. вайне (1945) паклала канец панаванню Н. Былі пакараны гал. гітлераўскія злачынцы, прынята рашэнне пра ажыццяўленне дэнацыфікацыі. Праява адраджэння крайне нацыяналістычных рухаў, ідэалагічна звязаных з Н., атрымала назву неанацызм.
В.І.Боўт.
т. 11, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НАРД (Lenard) Філіп Эдуард Антон [7.6.1862, г. Прэсбург (цяпер Браціслава), Славакія — 20.5.1947], нямецкі фізік. Вучыўся ў Будапешцкім, Венскім, Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1894—1930 праф. розных ВНУ Германіі. З 1909 кіраўнік Радыелагічнага ін-та ў Гейдэльбергу. Навук. працы па оптыцы, атамнай і малекулярнай фізіцы. Правёў грунтоўныя даследаванні прыроды катодных прамянёў і іх уласцівасцей (1892), эксперыментальна пацвердзіў асн. заканамернасці фотаэфекту (1902). Нобелеўская прэмія 1905. Выступаў супраць тэорыі адноснасці. Актыўна падтрымліваў нацызм.
т. 9, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),
праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл. СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл. Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т. л. Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл. Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час. «Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.
т. 11, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,
спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі над інш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.
В.І.Боўш.
т. 11, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)