НАЦЫЯНА́Л-САЦЫЯЛІ́СЦКАЯ ПА́РТЫЯ, Нацыянал-сацыялісцкая германская рабочая партыя (Nationalsozialistische Deutsche Arbeiterpartei; НСДАП),

праваэкстрэмісцкая паліт. партыя ў Веймарскай рэспубліцы (1920—33), адзіная дзярж. партыя ў «Трэцім рэйху» (1933—45), старшынёй і «фюрэрам» (правадыром) якой быў А.Гітлер (ад скарачэння першага слова назвы партыі «нацы» паходзяць тэрміны «нацысты», «нацызм»). Узнікла на базе невялікай Герм. рабочай партыі, засн. у 1919 у г. Мюнхен пад старшынствам слесара А.Дрэкслера. Мела іерархічную і ваенізаваную структурную будову (гл. СА, СС), антыкамуніст. і антысеміцкую накіраванасць, выступала за рэвізію Версальскага мірнага дагавора 1919 і аднаўленне Германіі як вял. дзяржавы; ідэалогія — нацыянал-сацыялізм (гл. Нацызм). Сац. база — сярэднія пласты, ч. рабочых, ветэранаў 1-й сусв. вайны і буйных прамыслоўцаў (апошнія падтрымлівалі партыю грашамі). Пасля «піўнога путчу» 1923 у Мюнхене забаронена ўладамі Баварыі (да 1925). Ва ўмовах сусв. эканам. крызісу 1929—33 атрымала большасць месцаў у рэйхстагу (1932) і Гітлер узначаліў урад (1933). Апіраючыся на тэрор СА і СС, інш. структуры партыі (у т.л. Гітлерюгенд), Гітлер хутка ўстанавіў у краіне фаш. дыктатуру. Найб. колькасць членаў — 8,5 млн. (1945). Пасля паражэння Германіі ў 2-й сусв. вайне на Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй, што падлягала ліквідацыі (гл. Дэнацыфікацыя). У 1930—40-я г. ў Вільні і інш. месцах дзейнічала Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя (лідэр — Ф.Акінчыц, друкаваны орган — час. «Новы шлях»), Гл. таксама Фашызм, Неафашызм.

т. 11, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)