Натуральнае святло (у оптыцы) 1/21; 2/409; 7/442; 8/70
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́, непалярызаванае святло,
аптычнае выпрамяненне з хуткімі і хаатычнымі зменамі напрамку вектара напружанасці эл.-магн. поля. Мае восевую сіметрыю адносна напрамку распаўсюджвання. Прамое сонечнае святло блізкае да Н.с.
Святло, выпрамененае асобным цэнтрам выпрамянення (напр., атамам, малекулай), лінейна палярызаванае і захоўвае такі стан на працягу 10−8с (ці менш, што вынікае з назіранняў інтэрферэнцыі пры вял. рознасці ходу). У наступным акце выпрамянення святло можа мець іншы напрамак палярызацыі Многія натуральныя крыніцы святла (напр., напаленыя целы, святлівыя газы) выпрамяняюць часткова палярызаванае святло, што тлумачыцца праходжаннем святла з глыбінных слаёў і ад крыніцы да назіральніка праз асяроддзе (палярызацыя пры адбіцці і рассейванні святла, дыхраізм асяроддзя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.Гроцый, Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск’ё, Дж.Лок, Т.Гобс, Д.Дзідро, А.М.Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.Скарына, М.Літвін, А.Волан, А.Алізароўскі, І.Страйноўскі, М.Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер.Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКО́РМЛІВАННЕдзіцяці.
Адрозніваюць выкормліванне натуральнае, штучнае і змешанае. Натуральнае,
або грудное выкормліванне малаком маці — найлепшы і самы бяспечны спосаб выкормлівання. Арганізм дзіцяці забяспечваецца неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, змяншаецца рызыка захворванняў, умацоўваецца і здароўе жанчыны-маці. Натуральнае выкормліванне не выключае з харчавання дзіцяці 1-га месяца жыцця харч. дабавак (адвары садавіны, гародніны), а пазней і прыкорму (сокі, працёртыя яблыкі, пюрэ, жаўток, тварог, мясныя булёны, кашы і інш.). Склад і тэрміны ўвядзення прыкорму ўзгадняюцца з педыятрам. Доўжыцца грудное выкормліванне 1—1,5 года (па апошніх звестках, 2 гады і больш). Штучнае выкормліванне выкарыстоўваецца пры адсутнасці малака ў маці або калі лактацыя забяспечвае не болей як 20% патрэбы дзіцяці ў малацэ, пры хваробах маці, прыроджаных дэфектах ротавага апарату ў дзіцяці і інш. Грунтуецца пераважна на спажыванні штучных заменнікаў малака — салодкіх і кіслых малочных сумесей, патрабуе рэгулярнага мед. кантролю і назірання за фіз. развіццём дзіцяці. Пры змешаным выкормліванні аб’ём заменнікаў жаночага малака ў агульным рацыёне дзіцяці складае не больш за 20% сутачнай колькасці ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЁМ,
натуральнае (возера) або штучнае (вадасховішча, сажалка, копанка) паглыбленне зямной паверхні, запоўненае бяссцёкавымі або з запаволеным сцёкам водамі. Бываюць пастаянныя або часовыя. Паводле хім. саставу і колькасці раствораных у вадзе соляў падзяляюцца на прэсныя і салёныя. У шырокім сэнсе пад вадаёмам разумеюць мора, акіян. Вывучае вадаёмы гідралогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗІРАВА́НЫЯ НАПІ́ТКІ,
напіткі, насычаныя вуглякіслым газам да 5—10 г/л. Маюць своеасаблівы прыемны смак, асвяжальныя ўласцівасці і т.зв. пеністасць (інтэнсіўнае і працяглае выдзяленне бурбалачак газу). Вуглякіслы газ за кошт кансервавальных уласцівасцей павышае ўстойлівасць газіраваных напіткаў пры захоўванні. Натуральнае газіраванне напіткаў (шампанскае, сідр, піва, пеністае віно, хлебны квас) адбываецца пры браджэнні. Фруктовыя і мінер. воды, шыпучыя віны і ваду газіруюць у спец. апаратах (сатуратары, акратафоры) мех. увядзеннем і растварэннем у вадкасці вуглякіслага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́РНІКІ,
катэгорыя вольных і прыгонных людзей на Беларусі ў 16—19 ст. без уласнага двара і зямлі. Наймалі ў іншых жыллё (адсюль назвы падсуседзі, кутнікі, сябры, бабылі), зямлю (агароднікі) за грошы, натуральнае ўтрыманне і паднявольную працу ў якасці парабкаў. Займаліся таксама дробным гандлем і рамяством. Зліліся з асн. масай прыгонных па меры ўкаранення падушных рэвізій, забароны вольных пераходаў, надзялення зямлёй у час абавязковай інвентарызацыі маёнткаў царскім урадам (1840—50-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
сістэма ацяплення, пры якой памяшканне ацяпляецца пададзеным у яго падагрэтым паветрам. Выкарыстоўваецца ў прамысл., с.-г. і грамадскіх збудаваннях.
Бывае мясцовае (ацяпляльна-вентыляцыйныя агрэгаты ўстаноўлены ў памяшканні) і цэнтральнае (адзін агрэгат абслугоўвае некалькі памяшканняў). Адрозніваюць П.а. рэцыркуляцыйнае (паветра, пададзенае да паветрападагравальніка, бярэцца з памяшкання) і спалучанае з вентыляцыяй (часткова паветра бярэцца з памяшкання і часткова звонку). Перамяшчэнне паветра бывае прымусовае (за кошт вентылятара) і натуральнае за кошт рознасцей т-р і шчыльнасці паветра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬСКІ (Мікола) (1762—1803),
мысліцель, гісторык, літаратар. Працаваў бібліятэкарам у І.І.Храптовіча. Удзельнічаў у рабоце «Таварыства аматараў навук» у Варшаве. Аўтар вершаў, перакладаў і твораў па гісторыі. У працы «Прамова..., якая мае заўвагі пра першапачатковую гісторыю свету» (Вільня, 1784; на польск. мове) прытрымліваўся асветніцкіх поглядаў на прыроду чалавека і натуральнае права, ёсць элементы матэрыяліст. разумення ролі эканам. адносін у гісторыі, аднак асноўная пазіцыя ідэалістычная. Прыхільнік моцнай каралеўскай улады, выступаў супраць рэв., «якабінскіх» ідэй. Творчасць Вольскага прасякнута памяркоўнай асв. ідэалогіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭРА ЗАКО́Н,
суадносіны паміж паказчыкам пераламлення n дыэлектрыка і такім вуглом падзення (φ светлавога праменя, пры якім адбітае ад паверхні дыэлектрыка натуральнае (непалярызаванае) святло поўнасцю палярызуецца. Адкрыты ў 1815 Д.Брустэрам. Паводле Брустэра закона tg φ = n, дзе φ — вугал Брустэра. Пры выкананні Брустэра закона вугал паміж адбітым і пераломленым прамянямі складае 90°. Брустэра закон пакладзены ў аснову работы прылад аптычнай апрацоўкі інфармацыі, інтэгральнай оптыкі. Гл. таксама Палярызацыя святла.
Да арт.Брустэра закон. Ход прамянёў на мяжы падзелу двух асяроддзяў пры падзенні святла пад вуглом Брустэра φ: E1 — складальная электрычнага вектара, якая ляжыць у плоскасці падзення, E2 — перпендыкулярная да яе.