інстытут папярэдняй падрыхтоўкі і апрабавання прэтэндэнтаў на членства ў каталіцкім ордэне манаскім. Звычайна перыяд Н. працягваецца адзін год. Навіцый на працягу гэтага тэрміну павінен беспярэчна падначальвацца ордэнскаму кіраўніцтву, выконваць статут, насіць адпаведнае адзенне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУПЕ́Я (франц. porte-épée ад porter насіць + épée шпага),
частка воінскага рыштунку ў выглядзе вузкіх рамянёў рознай даўжыні, якія носяць ваеннаслужачыя цераз плячо і каля бядра. Верхняя (плечавая) П. была прызначана для падтрымкі паяснога рамня, падвешанай на ім халоднай (шашка, шабля), потым агнястрэльнай (пісталет, рэвальвер) зброі, біклагі і інш. Ніжняя (паясная) П. служыць для прышпільвання пісталетнай кабуры, шашкі (шаблі, корціка) і інш.Гл. таксама Рыштунак ваенны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНДЗІ́Р (ад лац. mundus убор, убранне),
1) верхняя частка ваеннага і цывільнага адзення, пры якой належала насіць галаўны ўбор, зброю і ордэны. У пач. 17 ст. тэрмін «М.» абазначаў усё абмундзіраванне вайсковае, а таксама рыштунак салдата і афіцэра (у Расіі — стральцоў).
2) Частка форменнага адзення ваеннаслужачых у арміях шэрагу краін. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь тэрмін «М.» не выкарыстоўваецца. Гл. таксама Форма адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,
выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіцьрус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.П.Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́НЯ,
ваенная павіннасць у ВКЛ. Згадваецца ў прывілеі караля польскага і вял.кн.літ. Ягайлы 20.2.1387 баярству ВКЛ: «У тым выпадку, калі прыйдзецца пераследаваць ворагаў, непрыяцеляў нашых, якія б збягалі з нашай літоўскай зямлі, то дзеля гэтага роду пераследавання, якое па-народнаму завецца пагоняй, абавязаны адпраўляцца не толькі рыцары, але і кожны мужчына, якога б ён ні быў паходжання або стану, толькі б ён быў здольны насіць зброю». У лацінскім тэксце акта слова «пагоня» прыведзена ў форме «pogonia», што сведчыць пра існаванне гэтай павіннасці на слав. землях ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮНІКЕ́ (франц. communiqué ад лац. communico паведамляю),
афіцыйнае паведамленне пра падзеі міжнар. характару. Можа мець характар інфарм. паведамлення пра міжнар. падзеі, удзельнікам якіх з’яўляецца дзяржава, што публікуе дадзенае К. (напр., пра ход бягучых ваен. дзеянняў). Сумеснае К. мае характар афіц. паведамлення пра вынікі міжнар. перагавораў паміж паўнамоцнымі прадстаўнікамі суб’ектаў міжнар. права або іх органаў і афіцыйна публікуецца звычайна адначасова ў кожнай краіне — удзельніцы дадзеных перагавораў. К. можа фіксаваць абавязацельствы бакоў аб адпаведным характары і спосабе іх дзеянняў і паводзін, сумесных намаганнях у дасягненні пэўных мэт. У гэтых частках К. можа насіцьміжнар.-прававы характар і мець міжнар. прававое значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ,
ранняя форма паліт. арг-цыі грамадства, якая ўзнікла ва ўмовах распаду першабытнаабшчыннага ладу і пачатку ўтварэння дзяржавы. Абазначае ўладу ваен. правадыроў пры захаванні рэшткаў першабытнага калектывізму і дэмакратыі. Пры ваеннай дэмакратыі ўсе мужчыны, здольныя насіць зброю, у час ваен. канфліктаў станавіліся воінамі; военачальнікі выбіраліся агульным сходам. Пачынаўся працэс стварэння рэгулярнай арг-цыі для вайны, дружына правадыра ўяўляла сабой зародак арміі. Тэрмін «ваенная дэмакратыя» ўвёў амер. вучоны-этнограф Л.Г.Морган у працы «Старажытнае грамадства» (1877). Ім карыстаюцца і для абазначэння эпохі распаду першабытнага грамадства. Прыкладамі ваеннай дэмакратыі з’яўляюцца Грэцыя эпохі Гамера, стараж. арганізацыі грамадства кельтаў, нарманаў, скіфаў і інш. Паводле археал. перыядызацыі ваенная дэмакратыя адпавядаюць бронзавы і ранні жалезны вякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус.правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́ЗМ,
адна з плыняў будызму. Узнік у 7 ст. ў Тыбеце, куды будызм пранік з Індыі ў форме махаяны. Да канца 8 ст. будызм стаў дзярж. рэлігіяй Тыбета. Тут пабудаваны першы манастыр Сам’е, з’явіліся манахі-тыбетцы, узнікла манастырскае землеўладанне; у пач. 9 ст. склалася духоўная іерархія. У перыяд т. зв. позняга распаўсюджвання будызму ў Тыбеце (10—14 ст.) узнікла мноства ламаісцкіх сект, сярод якіх найб. значнымі былі Кадампа, Сак’япа, Каджупа, Кармапа; у канцы 14 — пач. 15 ст. утварылася найб. буйная ламаісцкая секта Гэлуг-ба, заснаваная Цзанкабам (1357—1419). З 16 ст. кіраўнікі гэтай секты сталі насіць тытул Далайламы. Да сярэдзіны 17 ст. 5-му далай-ламе Агван Лабзан Джамцо (1617—82) удалося падпарадкаваць сваёй уладзе (духоўнай і свецкай) усе асн. раёны Тыбета, які т. ч. ператварыўся ў тэакратычную дзяржаву; узнік ін-т панчэн-лам — другіх (пасля далай-лам) іерархаў ламаісцкай царквы. У 16—17 ст. Л. стаў пануючай рэлігіяй у Манголіі, атрымаў пашырэнне ў Тыве, Бураціі, сярод калмыкаў Паволжа. Асн. ідэі Л. выкладзены ў свяшчэнных тэкстах «Ганджур» (пераклад адкравенняў, 108 тамоў), «Танджур» (пераклад тлумачэнняў, 225 тамоў). Важнае месца ў Л. займаюць магія, вера ў шматлікія мясц. божаствы, развіты рытуальнасць і поўнае падпарадкаванне вучня настаўніку—ламе. Састаўной часткай Л. з’яўляецца тэорыя ўвасабленняў буд, бадхісатваў, божастваў у пэўных асоб — «трулку», якія лічацца зямнымі вобразамі Буды і Бадхісатвы. Цэнтрамі культавай дзейнасці прыхільнікаў Л. з’яўляюцца манастыры (дацаны), дзе адбываюцца богаслужэнні, якія складаюцца з малітваў, ахвярапрынашэнняў, музыкі (выконваецца на традыц. інструментах). Пры манастырах існавалі ламаісцкія школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Зах. Палессі. Бытаваў у 19—1-й пал. 20 ст. на невял. тэр. Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. (вёскі Моталь, Тышкавічы, Асаўніца). Аснову летняга касцюма жанчын складалі кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па аснове, са шматлікімі складкамі вакол стаячага каўняра. Тыповым прыёмам аздаблення былі звычайныя строчкі, уручную прашытыя чорнай баваўнянай ніткай упоперак стаячага каўняра, манжэты. Спадніца — гладкафарбаваны, бурачковы ці чырвоны андарак або палатнянік з белага кужалю, сабранага па лініі таліі на матузок. Фартух кроілі з 4 полак кужэльнага палатна, якія злучалі дэкар. швом, што дазваляла насіць яго на два бакі. Арнамент натыкання вызначаўся дробным малюнкам чырвонага, чырвона-чорнага, блакітна-чырвона-чорнага геам. або расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чырвонага фабрычнага сукна, з серабрыстай парчы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы-галуна, стужак, пацерак, запраўлялі яго ў спадніцу і падпяразвалі шырокім бурачкова-чырвоным поясам ручнога пляцення. Галаўны ўбор — моцна накрухмаленая намітка, завітая на каробачку з чапцом, аздобленая кветкамі па баках або паўкругам спераду. Мужчынскае адзенне складалі нагавіцы і кашуля навыпуск, падперазаныя шырокім плеценым поясам з кутасамі, галаўны ўбор — саламяны брыль, магерка. Верхняе адзенне — світка, катанка, куртка з чорнага валенага сукна, аздобленая цёмна-сіняй аблямоўкай, з бакавымі клінамі-«вусамі». Прыгожым маст. аздабленнем вылучаліся аўчынныя кажушкі і паўкажушкі (гл.Мотальскія кажухі).
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Мотальскі строй. Летняе традыцыйнае адзенне жанчын. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1930-я г.