пароды авечак з неаднароднай паўгрубай воўнай, якая складаецца з пуху, пераходнага воласу і восці. У адрозненне ад грубашэрсных авечак воўна П.а. больш мяккая, мае пух даўж. да 8 см, восць больш тонкая. Воўну выкарыстоўваюць для вытв-сці дываноў, штучнага футра, коўдраў, тканін.
Да П.а. належаць сараджынская (Зах. Туркменістан) і таджыкская (Таджыкістан) пароды, алайская і горнакарпацкая пародныя групы. Сараджынскія П.а. маюць падцягнуты курдзюк, маса 60 кг (маткі), 80 кг (бараны); настрыг воўны 3—4,5 кг. Таджыкская парода з шырокім курдзюком, маса 70 кг (маткі), 120 кг (бараны); настрыг воўны 2,5—4 кг. Гл. таксама Авечкагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДАкоз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.
Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САВЫ АДБО́Р,
адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял.настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНКО́ЛЬН,
парода даўгашэрсных паўтанкарунных скараспелых авечак мяса-шэрснага кірунку. Выведзена ў Англіі (графства Лінкальншыр) у 18—19 ст. скрыжаваннем мясц. авечак з лейстэрскімі баранамі. Пашыраны ў многіх краінах (Аргенціна, Аўстралія, ЗША, Канада, Новая Зеландыя і інш.). Патрабавальныя да ўмоў кармлення і ўтрымання.
Маса барана да 160 кг, аўцаматкі да 120 кг. Воўна белая, аднародная, моцная, буйназвівістая, мае бляск (люстра), даўж. да 30 см, на галаве і вушах часам цёмныя плямы. Настрыг з барана да 12 кг, з аўцаматкі да 8 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ ПАРО́ДАавечак.
Выведзена у 1944—61 у Стаўрапольскім краі скрыжаваннем матак стаўрапольскай пароды і бараноў лінкольн і ромні-марш. Паўтанкарунныя, мяса-воўнавага кірунку.
Жывёлы буйныя, грудзі і кумпякі шырокія, галава кароткая, шырокая, бязрогая. Маса бараноў да 115 кг, матак да 60 кг. Воўна аднародная, з раўнамернай пакручастасцю, даўж. 12—13 см. Настрыг з бараноў 9—13, з матак 5,8—6,5 кг, выхад чыстай воўны 55—58%. Плоднасць 130—140 ягнят на 100 матак. Гадуюць на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, цэнтр. абласцях Расіі, Казахстане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБУЛЬЕ́,
група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.
Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),
парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТВІ́ЙСКАЯ ЦЁМНАГАЛОВАЯ ПАРОДАавечак.
Выведзена ў пач. 20 ст. ў Латвіі скрыжаваннем мясцовых грубашэрсных і помесяў танкарунных авечак з англ. мяснымі караткашэрснымі пародамі шропшыр і оксфардшыр. Паўтанкарунная, скараспелая, мяса-воўнавага кірунку. Найб. пашыраная на Беларусі парода, гадуюць у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.
Жывая маса бараноў да 110 (найб да 150), матак да 65 (найб. да 95) кг. Галава кароткая і шырокая. Шыя кароткая, мясістая. Грудзі, спіна і паясніца шырокія. Касцяк моцны. Воўна даўж. 8—11 см. Гадавы настрыг з бараноў 5—6, з матак 3,5—4,5 кг, выхад чыстай воўны 55—60%. Пладавітасць 130—160 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАНІ́ЙСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́РСКАЯ ПАРО́ДАкозаў,
старажытная воўнавая парода. Выведзена ў сярэднявеччы ў Турцыі, у правінцыі Ангора (Анкара). З 19 ст. гадуюць у ЗША, краінах Афрыкі і Аўстраліі, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі, часткова ў Казахстане. Выкарыстоўваюць для паляпшэння грубашэрсных парод козаў. З яе ўдзелам выведзена савецкая воўнавая парода.
Жывая маса дарослых казлоў 50—55, матак 32—36 кг. Воўна 44—46-й якасці, Даўж. 25 см і больш, аднародная, паўтонкая, белая, з моцным люстраным бляскам. Гадавы настрыг воўны з казлоў 5—7 кг, з матак 2,2—4 кг. Выхад чыстай воўны 65—75%. З ангорскай воўны вырабляюць драпіраваныя тканіны, плюш, дываны, трыкат. вырабы; са шкур — футры. Удой за лактацыю 70—100 кг, тлустасць малака 4,2—4,4%. Пладавітасць 100—110%.