інструмент для фіксацыі і ўзнаўлення стандартнай вышыні муз. тонаў. Эталон вышыні гуку пры настройцы муз. інструментаў, у хоры і інш. Прасцейшы К. — U-падобна выгнуты замацаваны пасярэдзіне метал. стрыжань, канцы якога могуць свабодна вагацца. Звычайна выкарыстоўваюць К. ў тоне а1 (ля 1-й актавы; часам і ў тоне с2). Частата гэтага гуку мянялася ў розныя перыяды гісторыі музыкі. У наш час прынята настройка К. з частатой 440 герц. Выкарыстоўваюць таксама язычковыя і электронныя К. Для вызначэння вышыні розных тонаў служаць наборы К. і К., у якіх частата рэгулюецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЛА́ЙКА,
народны муз. струнна-шчыпковы інструмент. Мае драўляны корпус (даўж. 600—700 мм) трохвугольнай формы (у 18—19 ст. і авальны), доўгі грыф з крыху адагнутай назад галоўкай, 3 струны. На грыфе 16—24 метал. лады. Настройка — пераважна мажорнае трохгучча (т.зв. гітарная), радзей — 2 струны ва унісон, 1 на кварту ніжэй вышэй (балалаечная). Гук даволі слабы, але звонкі. Балалайка вядома ў многіх слав. народаў з пач. 18 ст., у 1880-я г. ўдасканалена пад кіраўніцтвам В.Андрэева майстрамі Ф.Пасербскім і С.Налімавым; створана сям’я мадэрнізаваных балалаек — прыма, секунда, альт, бас, кантрабас. Выкарыстоўваецца як сольны канцэртны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Пашырана і на ўсёй тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ТНЯ (польск. lutnia ад араб. дрэва),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае выпуклы міндалепадобны корпус з плоскай верхняй дэкай, у якой прарэзана рэзанатарная адтуліна з ажурнай разеткай. Кароткая шырокая шыйка заканчваецца адагнутай назад галоўкай з калкамі для нацягвання струн па баках. Унізе струны замацаваны на падстаўцы, прыклеенай да дэкі. Памеры інструмента і шыйкі, колькасць струн, іх размяшчэнне і настройка гістарычна мяняліся. Гук Л. нагадвае гітарны, здабываецца зашчыпваннем струн пальцамі або плектрам. Л. паходзіць ад уда — найб.стараж. інструмента араба-іранскай культуры. У Еўропе вядома з сярэдніх вякоў. Найб. пашырана ў 15—16 ст. як сольны, акампаніравальны і аркестравы інструмент. Выкарыстоўвалася ў прыдворнай канцэртнай практыцы, выклікала паяўленне шматлікіх віртуозаў-лютністаў і стварэнне багатай муз. л-ры. У 17—18 ст. выцеснена інш.муз. інструментамі. У 20 ст. выкарыстоўваецца ў прафес. практыцы пры выкананні старадаўняй музыкі. На Беларусі Л. вядома ў 16—18 ст., аб чым сведчаць помнікі л-ры, выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІТА́РА (ісп. guitarra ад грэч. kithara кіфара, цытра),
струнны шчыпковы муз. інструмент тыпу лютні. Сучасная гітара складаецца з драўлянага корпуса з глыбокімі выемкамі па баках і плоскімі дэкамі (на верхняй — круглая рэзанатарная адтуліна), шыйкі з грыфам (на грыфе 19—24 метал. лады), галоўкі з калкамі. Струны (6) металічныя ці нейлонавыя (адпаведна 4 ці 3 ніжнія абвіты метал. каніцеллю), часам двайныя рады струн (2 верхнія настройваюцца ва унісон, 4 ніжняя — у актаву). Звычайная настройка: E(D)-A-d-g-h-e1 (натуецца на актаву вышэй). З пач. 19 ст. вядома 7-струнная, т.зв. руская гітара квартава-тэрцавай настройкі: D-G-н-d-g-h-d1. Гукарад храматычны. Прыёмы гуказдабывання: шчыпок вял. пальцам ніжніх струн, указальным, сярэднім і безыменным — верхніх, бразганне па ўсіх струнах, зашчыпванне плектрам. Гучанне гітары мяккае, тэмбрава разнастайнае, добра спалучаецца з чалавечым голасам і некат. муз. інструментамі. Выкарыстоўваецца як сольны інструмент і для акампанементу.
Інструменты тыпу гітары былі вядомы ў Іспаніі з 13 ст. У інш. краінах Еўропы гітара пашырана з сярэдзіны 18 ст. Да таго часу адносяцца і найб. раннія сведчанні пра яе на Беларусі (выява на фрэсках Слонімскай сінагогі). Спачатку бытавала сярод магнатаў і шляхты, у 19 ст. — інш. слаёў насельніцтва. З 1920—30-х г. у бел.нар.муз. практыцы разам з мандалінай, балалайкай, скрыпкай і басэтляй уключалася ў склад т.зв. струннай музыкі. У апошні час у эстраднай музыцы і джазе выкарыстоўваюць электрагітары з некалькімі гуказдымальнікамі і т.зв. тэмбраблокам. Сярод вядомых прафес. гітарыстаў А.Сеговія, А.Сіхра, А.Іваноў-Крамской, з бел. — Я.Грыдзюшка, У.Захараў, В.Жывалеўскі.
І.Дз.Назіна.
Да арт.Гітара. Гітарыст Мастак В.А.Трапінін. 1823.