газавы рухавік, у якім газапаветр. сумесь у цыліндрах сціскаецца настолькі, што ўпырснутая ў канцы ходу сціскання порцыя вадкага паліва ўзгараецца (як у дызеля). Ступень сціскання каля 15. Выкарыстоўваюцца на газаперапамповачных, нафта- і газабуравых устаноўках, на транспарце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЫТЭЛІ́Я (ад грэч. bradys павольны + telos ажыццяўленне),
адносна павольны тэмп эвалюцыі. Тэрмін «брадытэлія» ўвёў амер. палеантолаг Дж.Г.Сімпсан (1944). Характэрна для філагенетычнага развіцця некаторых арганізмаў, напр. для асобных родаў пласціністашчэлепных малюскаў, якія спазналі за апошнія 400 млн. гадоў настолькі нязначныя змены, што сучасныя і выкапнёвыя формы могуць быць аднесены да адных і тых жа родаў. Брадытэлія забяспечваецца стабілізавальнай формай натуральнага адбору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІГЕНІ́ЗМ (ад полі... +грэч. genos род, паходжанне),
антрапалагічная тэорыя, паводле якой розніца паміж расамі чалавека настолькі вялікая, што яны з’яўляюцца рознымі біял. відамі, якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго ў розных частках зямнога шара ад розных форм гамінідаў; процілегласць монагенізму. Негрунтоўнасць (памылковасць) П. даказана падабенствам рас сучаснага чалавецтва па комплексе важнейшых адзнак (будова рукі, ступні, галаўнога мозга, біяхім. паказчыкі і інш.) і неабмежаванымі магчымасцямі змешвання рас паміж сабой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́Н УДО́ВІН СЫН, Іван Падвей,
персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, юнак-асілак. Сын царскай дачкі, якая нарадзіла яго ад падвею (ветру). Валодае незвычайнай сілаю, вял. розумам і маладзецкай адвагаю. Гераічныя рысы ў вобразе спалучаюцца настолькі цэласна, што ён становіцца падобным на быліннага героя-асілка. Казкам пра яго ўласціва вострая сац. накіраванасць: асілак змагаецца з царом (Змеем, Кашчэем) і інш. прыгнятальнікамі. Вобраз І.У.с. сустракаецца ў бел., рус. і ўкр. фальклоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЦВЁРДАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект (цела), адлегласць паміж любымі двума пунктамі якога ўвесь час застаецца пастаяннай; адно з асн. паняццяў механікі. Абсалютна цвёрдым целам можна лічыць сістэму матэрыяльных пунктаў, жорстка звязаных паміж сабой, або кожнае рэальнае цела, памеры і форма якога ў працэсе руху і ўзаемадзеяння з інш. целамі не мяняюцца, г. зн., што дэфармацыя адсутнічае або настолькі малая, што яе можна не ўлічваць. Мадэль абсалютна цвёрдага цела выкарыстоўваецца для тлумачэння ўласцівасцяў эўклідавай прасторы, вызначэння сістэмы адліку і апісання мех. руху рэальных аб’ектаў без уліку дэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБІЁЗ (ад ана... + ...біёз),
стан арганізма, пры якім жыццёвыя працэсы (абмены рэчываў і інш.) часова спыняюцца або настолькі запавольваюцца, што адсутнічаюць усе бачныя прыкметы жыцця. З’яўляецца эвалюцыйна выпрацаваным фізіял. прыстасаваннем арганізмаў да ўздзеяння адмоўных фактараў асяроддзя (нізкія або высокія т-ры, адсутнасць вільгаці, корму і інш.). Пры спрыяльных умовах нармальныя функцыі жыццёвых працэсаў аднаўляюцца. Назіраецца ў мікраарганізмаў (спораўтваральныя бактэрыі, мікраскапічныя грыбы), раслін і жывёл. Уваходзіць у нармальны цыкл развіцця многіх арганізмаў (насенне, споры, цысты). Беспазваночныя (гідры, чэрві, некаторыя ракападобныя, насякомыя, малюскі) і пазваночныя (земнаводныя і паўзуны) пры анабіёзе здольны страчваць да 3/4 вады з тканак. З’яву анабіёзу выкарыстоўваюць пры прыгатаванні сухіх жывых вакцын, кансерваванні донарскай крыві і тканак для трансплантацыі, спермы жывёл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯБА́ТНЫ ПРАЦЭ́С (ад грэч. adiabatos непераходны, запёрты),
тэрмадынамічны працэс, які адбываецца без цеплаабмену паміж тэрмадынамічнай сістэмай і навакольным асяроддзем. Працякае ў сістэме з цеплаізалявальнай (адыябатнай) абалонкай ці без яе пры ўмове, што працэс працякае настолькі хутка, што цеплаабмен можна не ўлічваць (напр., пры выбуху, распаўсюджванні гуку). Адыябатным працэсам лічацца многія атм. працэсы (напр., узыходны і сыходны рух паветра ў антыцыклонах і інш.).
На дыяграме адлюстроўваецца крывой — адыябатай, якая мае найб. просты выгляд для ідэальных газаў (гл.рыс.) і падпарадкоўваецца ўраўненню pvγ = const, дзе p — ціск газу, v — яго аб’ём, γ = Cp/Cv» — паказчык адыябаты, Cp і Cv» — цеплаёмістасці газу пры ізабарным і ізахорным працэсах адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,
з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.
І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл.Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе п — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл.Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш.Гл. таксама Інтэрферометр.
А.І.Болсун.
Да арт.Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.