САРКА́ЗМ (грэч. sarkasmos ад sarkazō літар. — рву мяса),
з’едлівая, злосная, знішчальная насмешка; найвышэйшая ступень іроніі. Адзін з асн. сродкаў гумару і асабліва сатыры. Характарызуецца найменшай ступенню іншасказальнасці; часам негатыўная ацэнка выяўляецца ў адкрытай форме. Пашыраны ў фальклоры (найперш у анекдотах), байках, эпіграмах, фельетонах, памфлетах, сатыр. камедыях і інш.
т. 14, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРО́НІЯ (грэч. eirōneia літар. прытворства),
1) тонкая, прыхаваная насмешка. Адмаўленне або асмяянне, якім прытворна надаецца форма згоды або ўхвалення. Заснавана на іншасказанні, калі сапраўдны сэнс выказвання з’яўляецца процілеглым або адмаўляе яго.
2) У эстэтыцы від камічнага, калі смешнае прыхавана пад маскай сур’ёзнага (у процілегласць гумару). Утойвае ў сабе пачуццё перавагі або скептыцызму.
т. 7, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)