Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РКЕР ((Parker) Роберт) (н. 24.5.1934, г. Шросберн, штат Масачусетс, ЗША),
касманаўт ЗША. Д-р навук па астраноміі (1962). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1962). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Дырэктар офіса НАСА у Лабараторыі рэактыўнага руху. Удзельнічаў у забеспячэнні палётаў па праграмах «Апалон» і «Скайлэб». 28.11—8.12.1983 і 2—11.12.1990 здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл» («Калумбія»). Правёў у космасе 19,5 сут. Залатыя медалі НАСА «За выключныя навуковыя дасягненні», «За выдатнае кіраўніцтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ КІРАЎНІ́ЦТВА ПА АЭРАНА́ЎТЫЦЫ І ДАСЛЕ́ДАВАННІ КАСМІ́ЧНАЙ ПРАСТО́РЫ (National Aeronauticas and Space Administration; НАСА),
ведамства ўрада ЗША. Створана ў 1958 для даследавання праблем палётаў у атмасферы Зямлі і касм. прасторы. Каардынуе дзейнасць па распрацоўцы, выпрабаванні і выкананні палётаў аэракасм. апаратаў, даследаванні, асваенні і выкарыстанні касм. прасторы і інш.
НАСА аб’ядноўвае 10 н.-д. цэнтраў, найбуйнейшыя з якіх: Касм. цэнтр імя Л.Джонсана ( г. Х’юстан, штат Тэхас), Цэнтр Маршала (г. Хантсвіл, штат Алабама), Цэнтр імя Дж.Кенэдзі на мысе Канаверал (штат Фларыда), Цэнтр касм. палётаў імя Р.Годарда (Грынбелт, штат Мэрыленд), Н.-д. цэнтр імя Эймса. НАСА здзейсніла большасць касм. праграм ЗША, найб. важныя: «Апалон» «Спейс шатл». «КХТ» (стварэнне касм. тэлескопа імя Э.Хабла), даследаванне планет Сонечнай сістэмы пры дапамозе касм. апаратаў «Піянер», «Вояджэр». У канцы 1990-х г.НАСА ўдзельнічае ў стварэнні міжнар.касм. станцыі і аэракасм. самалёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СГРЭЙВ ((Musgrave) Сторы) (н. 19.8. 1935, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША),
касманаўт ЗША. Д-р медыцыны (1964), д-р навук у галіне фізіялогіі і біяфізікі (1978). З 1967 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 6 касм. палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (ΚΚ): 4—9.4.1983 і 30.7—6.8.1985 — на КК «Чэленджэр», 23—27.11.1989 — на КК «Дыскаверы», 24.11—1.12.1991 — на КК «Атлантыс», 2—13.12.1993 — на КК «Індэвар», 19.11—5.12.1996 — на КК «Калумбія». У космасе правёў 72,1 сут. Залаты медаль НАСА.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎГ ((Pogue) Уільям) (н. 23.1.1930, г. Окіма, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (у адстаўцы). Бакалаўр пед.н. (1951), магістр матэматыкі (1960). З 1951 у ВПС. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16.11.1973—8.2.1974 з Дж. Карам і Э.Гібсанам здзейсніў палёт на касм. караблі «Апалон» і арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 3-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас (агульны час 13 гадз 31 мін). Правёў у космасе 84 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЭ́РЫЯТ ((Garriott) Оўэн) (н. 22.11.1930, г. Інід, ЗША),
касманаўт ЗША; вучоны ў галіне фізікі Сонца. Чл.Міжнар. акадэміі астранаўтыкі. Скончыў Аклахомскі (1953), Станфардскі (1957) ун-ты. Вёў даследаванні па фізіцы іанасферы. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 28.7—25.9.1973 з А.Бінам і Дж.Лусма здзейсніў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (тройчы выходзіў у адкрыты космас; агульны час 13,7 гадз). 28.11—8.12.1983 з Дж.Янгам, Б.Шоу, Т.Паркерам, Б.Ліхтэнбергам, У.Мербальдам здзейсніў палёт на касм. караблі «Спэйс Шатл» («Калумбія»). Агульная працягласць палётаў 69,8 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮК ((Duke) Чарлз) (н. 3.10.1935, г. Шарлат, штат Паўн. Караліна, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Марскую акадэмію ЗША (1957), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1964), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). У 1966—76 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Т.Матынглі здзейсніў палёт на Месяц як пілот месяцовай кабіны касм. карабля «Апалон-16». На Месяцы прабыў 71 гадз (3 выхады на яго паверхню агульнай працягласцю 20 гадз). Для перамяшчэння па месяцовай паверхні Дз. і Янг карысталіся месяцаходам. У космасе правёў 11 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́САМ ((Grissom) Вірджыл) (3.4.1926, г. Мітчэл, штат Індыяна, ЗША — 27.1.1967),
касманаўт ЗША. Скончыў ун-т у г. Лафеет (штат Індыяна, 1950), Тэхнал.ін-тВПС (1955), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1956). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 21.7.1961 здзейсніў субарбітальны палёт на касм. караблі «Меркурый», 23.3.1965 з Дж.Янгам — палёт на касм. караблі «Джэміні-3» (як камандзір), у час якога ўпершыню касм. карабель пераведзены з адной арбіты на другую. Загінуў з Э.Уайтам і Р.Чафі пры наземных выпрабаваннях першага касм. карабля «Апалон». У космасе правёў 5,14 гадз. 2 залатыя медалі НАСА «За выдатныя заслугі». Імем Грысама названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫН ((Aldrin) Эдвін) (н. 20.1.1930, г. Глен-Рыдж, ЗША),
касманаўт ЗША; другі чалавек, які ступіў на паверхню Месяца. Палкоўнік ВПС (з 1972 у адстаўцы). Д-рн. па касманаўтыцы (1963). Скончыў Ваенную акадэмію ЗША (1951), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1963). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 11—15.11.1966 з Дж.Ловелам здзейсніў палёт на касм. караблі «Джэміні-12» (як другі пілот), у час якога выходзіў у адкрыты космас, 16—24.7.1969 з Н.Армстрангам і М.Колінзам — першы палёт на Месяц як пілот месяцавай кабіны касм. карабля «Апалон-11». У космасе правёў 12,08 сут, у т. л. на Месяцы 21,6 гадз. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Імем О. названы кратэр на Месяцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ТЫНГЛІ ((Mattingly) Томас) (н. 17.3.1936, г. Чыкага, штат Ілінойс, ЗША),
касманаўт ЗША. Бакалаўр навук па авіяц. тэхніцы. Скончыў вышэйшую школу ў г. Маямі (штат Фларыда), ун-т у г. Оберн (1958, штат Алабама), школу па падрыхтоўцы пілотаў для аэракасм. даследаванняў. З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 16—27.4.1972 з Дж.Янгам і Ч.Дзюкам здзейсніў палёт да Месяца з выхадам у адкрыты космас як пілот асн. блока касм. карабля (КК) «Апалон-16» (у час пасадкі месяцавай кабіны знаходзіўся на калямесяцавай арбіце); 27.6—4.7.1982 з Г.Хартсфілдам — палёт на КК «Калумбія» (як камандзір); 24—27.1.1985 — палёт на КК «Дыскаверы» (як камандзір). У космасе правёў 20,8 сут. Залаты медаль НАСА.