Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Нароўля (г.) 1/211 (к.), 275; 4/272; 6/540 (к.); 7/211, 392, 393 (к.), 432—433; 9/618; 10/18
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«Прыпяцкая праўда» (газ., Нароўля) 9/56
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧЫЦЫ,
вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г.Нароўля, 197 км ад Гомеля, 15 км ад чыг. ст. Ельск. 556 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБАВІЧЫ,
вёска ў Нараўлянскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г.Нароўля, 187 км ад Гомеля, 43 км ад чыг. ст. Ельск. 355 ж., 144 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА ДНЯПРО́ 1943,
наступальныя аперацыі сав. войск у жн.—снеж. 1943 з мэтай вызвалення Левабярэжнай Украіны, Данбаса і Кіева ў Вял. Айч. вайну. Мела на мэце таксама выхад да Крыма і Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, фарсіраванне яго і захоп плацдармаў на правым беразе.
Удзельнічалі франты: Цэнтр. (каманд.ген. арміі К.К.Ракасоўскі), Варонежскі (ген. арміі М.Ф.Ватуцін), Сцяпны (ген. арміі І.С.Конеў), Паўд.-Зах. (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) і Паўд. (ген.-палк., з 21 вер.ген. арміі Ф.І.Талбухін); з 20 кастр. адпаведна Бел., 1,2, 3 і 4-ы Укр. франты. Адначасова Зах. фронт (ген. арміі В.Д.Сакалоўскі) і левае крыло Калінінскага фронту (ген. арміі А.І.Яроменка) павінны былі наступаць на Смаленскім напрамку, каб не даць магчымасці ворагу перакідваць войскі з гэтага ўчастка.
Гітлераўцы стварылі магутны стратэгічны рубеж абароны «Усходні вал» на лініі ад вусця Нарвы да Азоўскага мора, асабліва моцная абарона была на правым беразе Дняпра, у яго сярэднім цячэнні. Тут сав. войскам процістаялі войскі з групы армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Г.Клюге) і асн. сілы групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн). Бітва развівалася ў 2 этапы. На 1-м (жн.—вер. 1943) Чырв. Армія разграміла ням.-фаш. войскі на Левабярэжнай Украіне і ў Данбасе, выйшла да Дняпра ў яго сярэднім цячэнні, захапіла шэраг плацдармаў на правым беразе ракі і сарвала планы ворага па арганізацыі абароны на гэтым рубяжы. На 2-м этапе (кастр.—снеж. 1943) сав. войскі разграмілі сілы гітлераўцаў у сярэднім і ніжнім цячэнні Дняпра, вызвалілі Кіеў, стварылі плацдармы стратэгічнага значэння і адбілі ўсе спробы ворага аднавіць абарону на Дняпры (гл. таксама Гомельска-Рэчыцкая аперацыя 1943).
У ходзе аперацыі вызвалена 38 буйных нас. пунктаў, у т. л. гарады Беларусі Гомель, Ветка, Брагін, Добруш, Лоеў, Нароўля, Рэчыца, Хойнікі і інш. Значную дапамогу наступаючым сав. войскам аказалі партыз. атрады і злучэнні Украіны, Гомельскай і Палескай абл. Беларусі (гл.Рэйкавая вайна). Фарсіраванне Дняпра адначасова сіламі 4 франтоў з’явілася выключнай падзеяй у Вял. Айч. вайне і ўзбагаціла Чырв. Армію вопытам пераадолення буйных водных перашкод з ходу. Сав. войскі страцілі ў гэтай бітве каля 1,7 млн.чал. забітымі, параненымі, прапаўшымі без вестак (з іх забітымі 417 323 чал.). 2438 удзельнікам бітвы прысвоена званне Героя Сав. Саюза, з іх каля 700 чал. вызначыліся на тэр. Беларусі. Бітва стварыла ўмовы для поўнага вызвалення Правабярэжнай Украіны і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПІ́Р
(ад франц. empire імперыя),
стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона І (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п.Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в. Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт. Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт. Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт. Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт. Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.