КІСЛАВО́ДСК,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.А.Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

раён на Паўн. Каўказе (Расія), паміж Стаўрапольскім узвышшам і паўн. схілам Вял. Каўказа, багаты разнастайнымі мінер. крыніцамі. Больш за 130 мінер. крыніц. Група шырока вядомых курортаў: Есентукі, Жалезнаводск, Кіславодск, Пяцігорск. Клімат кантынентальны, з вял. колькасцю сонечных дзён і ўмеранымі ападкамі. Аснову курортных рэсурсаў складаюць мінер. крыніцы звычайных і тэрмальных вуглякіслых, радонавых, гідракарбанатна-хларыдна-натрыевых і інш. вод, у т. л. «Есентукі», «Нарзан». З лек. мэтамі выкарыстоўваюць клімататэрапію, рапу і сульфідныя гразі Тамбуканскага воз. Адзін са старэйшых курортных раёнаў. Мінер. крыніцы даследаваны ў пач. 18 ст. У зоне К.М.В. дзейнічае больш за 100 санаторыяў, пансіянатаў, турысцкіх баз.

Літ.:

Смирнов-Каменский Е.А., Павлов М.К. Край целебных вод. Ставрополь, 1978.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)