...ГРАМА (ад грэч. gramma рыса, літара, напісанне), другая састаўная частка складаных слоў, якая азначае: запіс, графічны відарыс, напр., галаграма, біяграма, гістаграма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІГАТУ́РА (ад позналац. ligatura сувязь, злучэнне),
1) знак любой сістэмы пісьменнасці ці фанет. транскрыпцыі, утвораны шляхам спалучэння элементаў двух графем ці транскрыпцыйных знакаў. Напр., дацкае, ісланд., нарв. æ, ням. β. Такога тыпу Л. часта выкарыстоўваліся ў скорапісе, для ўпрыгожання, арнаменталізацыі тэкстаў (гл.Вязь).
2) Спалучанае напісанне двух (гл.Дыграф) і большай колькасці літар, якія перадаюць адзін гук; напр., бел. дж, дз., польск. sz, cz, ням. sch.
3) Злітнае напісанне двух ці некалькіх пісьмовых знакаў. Трапляецца ў слав. азбуцы, у замежных шрыфтах (напр., Æ — злітны абрыс A і E).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А,
першая літара бел. алфавіта і інш. алфавітаў на лац. і рус. аснове. Графічнае напісанне паходзіць ад кірыліцкага (аз), якое генетычна звязана з грэч. α (альфа), а праз яго з фінікійскім 𐤀 (алеф). У кірыліцы мела і лікавае значэнне 1, з дадатковымі значкамі — 1000, — 10 000, — 100 000, — 1 000 000. У сучаснай бел. мове літара «а» абазначае галосны гук «а» сярэдняга раду ніжняга пад’ёму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТА́НІЯ, Арсанія, Арта,
адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр.антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісаннелац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАГРА́ФІЯ (ад крыпта... + ...графія),
1) тайнапіс, спосаб пісьма, які ўжываецца для таго, каб зрабіць напісанае зразумелым толькі для паінфармаваных, або разлічаны на разгадванне. Розныя спосабы К. вядомы са старажытнасці (упамінаюцца Герадотам, Плутархам і інш.). Надпіс ці дакумент, зроблены крыптаграфічным спосабам, наз. крыптаграмай. У Беларусі крыптаграмы вядомы з сярэдневякоўя. Найб. часта выкарыстоўваліся для зашыфроўкі тэкстаў: ваен., дыпламат., рэліг., у т. л. ерэтычных, гандл.-фінансавых. У стараж. рукапісах нярэдка трапляецца разлічанае на разгадванне крыптаграфічнае напісанне імён перапісчыкаў ці розных запісаў быт., гумарыст. характару. Найб. пашыраныя спосабы К.: выкарыстанне чужых, малавядомых алфавітаў (напр., у стараж.усх.-слав. рукапісах замена кірылічных літар на глагалічныя, грэч. і лацінскія) або алфавітаў, спецыяльна створаных для мэт К.; напісанне слоў у адваротным парадку — ад канца да пачатку (вядома гумарыст. крыптаграма перапісчыка 16 ст. Марціна з Гальшан «ъшорг ан ъшург мад умат ътётчорп еіс отк» — «кто сіе прочтёть, таму дам грушъ на грошъ»); спец. змены, у прыватнасці недапісванне літар; замена адных літар алфавіта іншымі, у адпаведнасці са спецыяльнымі, іншы раз вельмі складанымі ключамі і кодамі (асабліва часта ўжываўся ў ваен. і дыпламат. перапісцы); замена літар лічбамі або групамі літар, якія маюць у суме тое ж лічбавае значэнне, што і заменная літара; размяшчэнне літар шыфраванага надпісу ў пэўным умоўным парадку паміж інш. літарамі, якія ствараюць надпіс інш. зместу (прасцейшая разнавіднасць — акраверш). У сучасных ваен. і дыпламат. шыфрах таксама выкарыстоўваюць розныя складаныя камбінацыі некалькіх спосабаў К. Пры гэтым шыфроўка робіцца з дапамогай спец. апаратаў (згадка аб такім апараце, які ўжывалі спартанцы, ёсць у Плутарха).
2) Галіна палеаграфіі, што вывучае тайнапіс. Адзін з кірункаў К. — расшыфроўка забытых пісьмён старажытнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́, гатычны мінускул,
почыркавая разнавіднасць лацінскага пісьма эпохі сярэдневякоўя (12—15 ст.). Характарызуецца вуглавымі і востраканцовымі формамі. Першыя ўзоры гатычнага пісьма сустракаюцца ў Італіі ў 10 ст. З сярэдзіны 11 ст. прыходзіць на змену круглаватаму мінускульнаму пісьму эпохі Каралінгаў. У 12 ст. ў краінах Зах. Еўропы, якія карысталіся лацінкаю, выпрацаваўся больш-менш адзіны тып гатычнага пісьма. Для яго ўласцівы выцягнутыя літары, шчыльнае напісанне іх адна побач з адной, ламаная лінія контуру. З канца 12 ст. гэты адзіны тып стаў развівацца з улікам нац. асаблівасцей кожнай краіны. У Італіі пачынае пераважаць круглаватая форма літар, т.ч. гатычнае пісьмо знікае ўжо ў 14 ст. У Германіі гатычнае пісьмо атрымала далейшае развіццё і захоўвалася да пач. 20 ст., потым было выцеснена простым лац. шрыфтам (антыквай).
Адрозніваюць 4 віды гатычнага пісьма: тэкстура — вострае пісьмо; фактура — вострае пісьмо з ламанымі абрысамі; швабахер — ламанае пісьмо з акруглымі абрысамі некат. літар; круглагатычнае, пераходны від ад гатычнага да гуманіст. пісьма эпохі Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎУСТА́Ў,
тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗЬ,
старажытнае дэкар. пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны дэкар. арнамент. Пісцы карысталіся 2 прыёмамі: скарачэннем літар і іх упрыгожваннем. Віды скарачэнняў: скарачэнне частак літар Л, А, К, М і інш., каб палегчыць іх збліжэнне; падпарадкаванне адной літары другой, калі памер адной памяншаўся і яна ставілася пад мачту большай літары ці пісалася ўнутры яе, не перасякаючы яе частак (КО = ; памяншэнне памеру абедзвюх літар і напісанне іх адна пад адной (МР = ); зліццё падобных частак суседніх літар (ПР = ). Упрыгожванне служыла для запаўнення пустот, уласцівых многім слав. літарам. У рукапісных кнігах вязь звычайна пісалі каляровай фарбай (найчасцей кінавар’ю).
Першапачаткова вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках і надпісаннях. На Русі з’явілася ў 14 ст. Перайшла ад паўд. славян і ўжывалася ў двух стылях: т.зв. геаметрычным (строга захоўваў геам. элементы літар) і прыродным (літары ўпрыгожвалі арнаментальнымі расліннымі і жывёльнымі матывамі). Быў і змешаны стыль. У 15—16 ст. на Беларусі і Украіне развіваўся прыродны стыль, у Маскоўскай Русі пераважаў геаметрычны. На Беларусі вязь выкарыстоўвалі пераважна ў рукапісных кнігах рэліг. жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пралог» 17 ст., «Зборнік павучанняў» сярэдзіны 17 ст.), зрэдку і ў дзелавой ці свецкай пісьменнасці (Статут ВКЛ 1566, бел. пераклад «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, выд. ў Вільні, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», 1637, і «Дыдаскалія», 1653, выд. ў Куцейне.
М.А.Паўленка, А.М.Булыка.
Узоры вязі: 1, 2 — Статут Вялікага княства Літоўскага. Вільня. 1588; 3 — «Зборнік павучанняў». Сярэдзіна 17 ст.