Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА НАПА́ЛЬВАННЯ,
штучная крыніца святла з выпрамяняльнікам (целам напалу) з тугаплаўкіх металаў (звычайна вальфраму). Вынайдзена ў 1872 А.М.Ладыгіным, удасканалена Т.А.Эдысанам. На Беларусі вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
Л.н. малой магутнасці (15 і 25 Вт) — звычайна вакуумныя (з колбы выдалена паветра), астатнія для павышэння т-ры напалу запаўняюць інертным газам (газанапоўненыя лямпы), часам з дабаўкамі галагенаў (галагенныя). Л.н. з крыптонавым запаўняльнікам вырабляюць магутнасцю 40—100 Вт, з аргонавым — да 150 Вт і вышэй, галагенавыя — да 20 000 Вт. Цела напалу бывае плоскае, двух- і трохспіральнае, напальваецца эл. токам да высокіх (2500—3300 К) т-р; колба — празрыстая, маціраваная, апалавая, малочная, з люстраным або дыфузным адбівальным слоем. Бываюць для агульнага і спец. (напр., у кінаапаратах) асвятлення, аўтамабільныя, руднічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАНАПО́ЎНЕНАЯ ЛЯ́МПА,
лямпа напальвання, балон якой запоўнены інертным газам (крыптонам або сумессю азоту з аргонам). У галагенных газанапоўненых лямпах да інертных газаў дадаюць галагены або іх злучэнні. Мае павялічаныя (у параўнанні з вакуумнымі) т-ру ніці напальвання, светлавую аддачу (галагенныя — да 30 лм/Вт) і тэрмін работы, а таксама запаволенае выпарэнне вальфраму. Газанапоўненыя лямпы вырабляюць магутнасцю ад 40 Вт і вышэй (галагенныя — да дзесяткаў кілават). Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. адкрытых прастораў, кіна- і тэлестудый, у капіравальных і праекцыйных апаратах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАДЫ́ГІН (Аляксандр Мікалаевіч) (18.10. 1847, с. Сценьшына Пятроўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 16.3.1923),
рускі электратэхнік. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча (1867). У 1872 вынайшаў лямпу напальвання з вугальным электродам, у 1890-я г. — некалькі тыпаў лямпаў напальвання з метал. ніцямі, у т. л. вальфрамавымі. Канструяваў прылады для эл. ацяплення, эл. печы для плаўлення і загартоўкі металаў і інш. Адзін з заснавальнікаў электратэхн. аддзела Рус.тэхн.т-ва і час. «Электричество». Ламаносаўская прэмія Пецярб.АН 1874.
Літ.:
Шателен М.А. Русские электротехники второй половины XIX в. М.; Л., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАЛЯ́МПАВЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1962—66 у г. Брэст. Дзейнічаюць цэхі: зборачны, спіральна-электродны, цокальны, шкляны, участак па вытв-сці святлотэхн. вырабаў. Асн. прадукцыя (1995): лямпы напальвання агульнага прызначэння, мясц. асвятлення, для халадзільнікаў і швейных машын, кварцавыя галагенныя, аўтамабільныя, мініяцюрныя, камутатарныя, аптычныя, для чыгунак, водных шляхоў і аэрадромаў (сігнальныя), самалётаў, руднікоў і інш., а таксама паўфабрыкаты для вырабу лямпаў, свяцільнікі і рассейвальнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЖЭ́КТАР (англ. projector ад лац. projectus кінуты наперад),
асвятляльная прылада, якая канцэнтруе святло ў абмежаваным прасторавым вугле з дапамогай аптычнай сістэмы (люстэркаў або лінзаў). Крыніцы святла — спец. пражэктарныя лямпы напальвання, дугавыя вугальныя лямпы. Адрозніваюць П. далёкага дзеяння (выкарыстоўваюцца ў ваен. справе), заліваючага святла (для асвятлення фасадаў будынкаў, тэатр. сцэн) і сігнальныя (для перадачы інфармацыі).
Схемы пражэктараў: а — рэфлектарнага (люстранога); б — кандэнсарнага (лінзавага); 1 — аптычная сістэма; 2 — крыніца святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА (франц. lampe ад грэч. lampo свячу, асвятляю),
асвятляльная або награвальная прылада. Асвятляльныя Л. даюць святло ад адкрытага полымя (пры спальванні газы, масла, спірту, ацэтылену), ад напаленых эл. дугой электродаў (дугавая лямпа) і эл. токам спіралі (лямпа напальвання), ад свячэння газаў або люмінафораў пры эл. разрадзе (люмінесцэнтная лямпа, інш.газаразрадныя крыніцы святла). Да награвальных Л. адносяцца падагравальная і паяльная лямпа, у якіх крыніцай цяпла з’яўляецца полымнае гарэнне. Выкарыстоўвалася таксама цеплаэлектрагенератарная Л. — звычайная асвятляльная газавая Л. з тэрмабатарэяй, што генерыравала ток. Л. наз. таксама шэраг электронна-вакуумных прылад (гл.Электронная лямпа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТРО́Н [ад грэч. kenos пусты + (элек)трон],
электравакуумны дыёд для выпрамлення пераменнага току пераважна прамысл. частаты. Вынайдзены ў 1905 англ. вучоным Дж.А.Флемінгам.
К. мае аксідны або карбідаваны катод (прамога ці ўскоснага напальвання) і чэрнены ці маціраваны рабрысты анод. Высакавольтныя К. (напружанне на анодзе да 100 кВ, сіла току да 500 мА) выкарыстоўваюцца ў выпрамніках радыёпрыёмнай і вымяральнай апаратуры, рэнтгенаўскіх устаноўках і інш.; нізкавольтныя (напружанне да 2 кВ, сіла току да некалькіх ампер) выцеснены выпрамнымі паўправадніковымі дыёдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТО́Н (лац. Krypton),
Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.Рамзай і М.Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп 85Кг — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.