ДЫЦУКРЫ́ДЫ,
вугляводы — алігацукрыды, малекула якіх мае 2 астаткі монацукрыдаў, злучаных гліказіднай сувяззю. Падзяляюцца на неаднаўленчыя (цукроза, трэгалоза) і аднаўленчыя (мальтоза, лактоза, цэлабіёза). У злучэннях неаднаўленчых Д. удзельнічаюць абодва гліказідныя гідраксілы, у аднаўленчых злучэнне ажыццяўляецца паміж гліказідным гідраксілам аднаго астатку і спіртавым гідраксілам другога астатку, у малекуле захоўваецца адна напалову ацэтальная групоўка. Па здольнасці ўдзельнічаць у рэакцыях нагадваюць монацукрыды. Пашыраны ў прыродзе ў свабодным выглядзе, з’яўляюцца структурнымі кампанентамі малекул гліказідаў, аліга- і поліцукрыдаў.
т. 6, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНА́РТ ДЭ ВЕНТАДО́РН, Бернарт дэ Вентадур (Bernart de Ventadorn; Bernart de Ventadour ; каля 1125, замак Вентадур, дэпартамент Карэз, Францыя — каля 1195),
правансальскі паэт-трубадур. Адзін з выдатных песняроў кахання. Напалову легендарную біяграфію Бернарта дэ Ветадорна склалі шматлікія гісторыі пра захапленні паэта рознымі Доннамі. Захаваліся паэт. і муз. тэксты 44 яго песень. Выкарыстоўваў жанр кансоны (любоўнай песні з кананічнай строфікай і рыфмоўкай), версу (які не абмяжоўваўся тэмай кахання, а закранаў і пытанні маралі), тэнсоны (літаральна — спрэчка, песня-дыялог). Тэксты Бернарта дэ Ветадорна адметныя шчырасцю, эмацыянальнасцю, вытанчанасцю формы.
Тв.:
Рус. пер. — Песни. М., 1979.
Літ.:
Дынник В.А. Бернарт де Вентадорн и «радостная наука» трубадуров // Бернарт де Вентадорн. Песни. М., 1979.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)