НАГРАВА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

цеплатэхнічныя прылады і прыстасаванні для нагрэву рэчываў (матэрыялаў), прадметаў, асяроддзя, ацяплення памяшканняў. Падзяляюцца на цеплагенерыруючыя і цеплаабменныя.

У цеплагенерыруючых Н.п. адбываецца згаранне вадкага, цвёрдага, газавага паліва (паяльныя лямпы, полымныя печы, газавыя прылады) або напал электраспіралі пры працяканні эл. току (электрычныя печы, паяльнікі, электраканвектары), у цеплаабменных — перадача цяпла, што падводзіцца рознымі цепланосьбітамі (гарачай вадой, парай), у навакольнае асяроддзе (ацяпляльныя прылады, бойлеры, каларыферы, паветрападагравальнікі, радыятары, ацяпляльныя панэлі).

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЯ́НІ ((Magnani) Ганна) (7.3.1908, Рым — 26.9.1973),

італьянская актрыса. Вучылася ў школе дэкламацыі акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме. У 1926 дэбютавала ў т-ры, у 1934 — у кіно. Вял. папулярнасць актрысы звязана з яркім увасабленнем вобразаў жанчын з народа ў фільмах 1940—50-х г.: «Тэрэза-Пятніца», «Рым — адкрыты горад», «Дэпутатка Анджэліна» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі 1948), «Мары на дарогах», «Самая прыгожая» і інш. Яе творчай манеры ўласціва паэтыка і іронія, напал пачуццяў, здольнасць да пераўвасаблення. У 1950-я г. здымалася ў Галівудзе (ЗША): «Татуіраваная ружа» (прэмія «Оскар» 1955), «Дзікі вецер» (прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне 1958). У 1960—70-я г. вылучылася выкананнем роляў у фільмах «Мама Рома», «Тайна Санта-Віторыі», «Рым» (рэж. Ф.​Феліні) і інш.

Г.​М.​Малей.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́Н ДЗЮ ГАР ((Martin du Gard) Ражэ) (23.3.1881, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя — 22.8.1958),

французскі пісьменнік. Скончыў Эколь дэ Шарт (1905). У раманах «Станаўленне» (1909), «Жан Баруа» (1913) праблемы станаўлення чалавека, пошукі сэнсу жыцця. Асн. твор — раман-хроніка «Сям’я Цібо» (т. 1—8, 1922—40), у якім адлюстравана франц. рэчаіснасць пач. 20 ст. Аўтар фарсаў «Завяшчанне дзядзечкі Лелё» (1920), «Вадзянка» (1928), псіхал. драмы «Маўклівы» (1932), аповесцей «Афрыканскае прызнанне» (1931), «Старая Францыя» (1933). Яго творам уласцівы характэрныя рысы франц. класічнай л-ры: панарамнасць, нар. этычны пафас, высокі напал пачуццяў, выразнасць думкі. Напісаў «Нататкі пра Андрэ Жыда» (1951), «Аўтабіяграфічныя і літаратурныя ўспаміны» (1955). Нобелеўская прэмія 1937.

Тв.:

Рус. пер. — Жан Баруа. М., 1958;

Семья Тибо. Т. 1—2. М., 1972—87.

Літ.:

Наркирьер Ф.С. Роже Мартен дю Гар: Критико-биогр. очерк. М., 1963.

Р.Мартэн дзю Гар.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)