ГАЙДАМА́КІ

(ад тур. haydamak нападаць),

удзельнікі вызв. руху на Правабярэжнай Украіне супраць польскай шляхты. Рух гайдамакаў узнік у 1720-я г. на Валыні і ў Зах. Падоліі, пазней распаўсюдзіўся на інш. раёны Украіны. Атрады гайдамакаў складаліся з сялян, бяднейшых запарожскіх казакоў, батракоў, рамеснікаў. У 1734, 1750, 1768 рух гайдамакаў перарастаў у буйныя паўстанні, найб. значнае ў 1768 («Калііўшчына»). У грамадз. Вайну 1918 — 20 на Украіне нац. фарміраванні, што змагаліся супраць сав. улады, выкарыстоўвалі папулярныя ў народзе гіст. традыцыі і называлі сябе гайдамакамі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РДЗЕНЬ

(? — 1267),

полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

М.І.Ермаловіч.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)