НАМІНА́ЦЫЯ (ад лац. nominatio найменне),

утварэнне моўных адзінак, якія рэпрэзентуюць у семантыцы мовы і свядомасці чалавека класы прадметаў, уласцівасцей, дзеянняў, адносін, што маюць месца ў рэчаіснасці; складаны працэс узаемадзеяння мыслення, мовы і рэчаіснасці, у якім адлюстроўваюцца пазнанне свету чалавекам і назапашванне ім інфармацыі ў выглядзе моўных знакаў. Гэтым тэрмінам абазначаюць і вынік працэсу Н. — значымую моўную адзінку. Існуюць Н. першасныя («рука», «белы», «піць») і другасныя («выручыць», «бялюткі», «пітво»). Сярод другасных Н. паводле спосабу называння адрозніваюцца сінтэтычна-словаўтваральныя («рэзаць—рэзчык»), аналітычна-словаспалучальныя («рэзаць» — «той, хто рэжа»), фразеалагічныя («біць бібікі» — гультайнічаць) і метафарычныя («чорная дзірка» — зорка пэўнага фізічнага тыпу). Апошнім часам да Н. адносяць і сказ як найменне (знак) пазамоўнай сітуацыі.

Літ.:

Языковая номинация. [Кн. 1—2]. М., 1977.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШАК (Тамара Сцяпанаўна) (н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)