КО́НСУЛЬСТВА,

назва перыяду ў гісторыі Францыі ад дзярж. перавароту 9.11.1799 (Васемнаццатага брумера 8-га года рэспублікі) да абвяшчэння Напалеона Банапарта (гл. Напалеон I) 18.5.1804 імператарам; адна з форм ваен. дыктатуры, якая змяніла рэжым Дырэкторыі. Намінальна ўлада належала тром консулам, выбраным на 10 гадоў, фактычна — 1-му консулу Банапарту (у 1802 яны абвешчаны пажыццёвымі консуламі Франц. рэспублікі).

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ЙСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў шэрагу еўрапейскіх краін сярэднявечча. Паходзіла ад франц. графаў Анжу. Правіла ў Англіі ў 1154—1399 (гл. Плантагенеты), у Паўд. Італіі ў 1268—1442, Сіцыліі ў 1268—82 (намінальна ў 1266—1302). Заснавальнік дынастыі ў Сіцыліі і Паўд. Італіі Карл Анжуйскі (правіў да 1285). Правіла таксама ў Венгрыі ў 1308—87 і ў Польшчы ў 1370—82 і 1384—85.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХМІ́СТАР,

пасада ў Польскім каралеўстве і ВКЛ (з канца 15 ст.). Першапачаткова К. загадваў прыдворнай кухняй і кухарамі. Ва ўрачыстых выпадках (элекцыя, прыём паслоў і інш.) асісціраваў за сталом каралю, вял. князю, распавядаючы пра стравы, што падаваліся. Намінальна кіраваў стольнікам, падстолім, крайчым, чашнікам, падчашым і піўнічым. Да 17 ст. пасада К. ператварылася ў дыгнітарскую, намінальную. У Рэчы Паспалітай да 1795 існавалі асобныя К. ВКЛ і Польшчы.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎСУ́Н (Эдуард Паўлавіч) (н. 29.9.1940, в. Гільцы Чарнухінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1963). З 1967 у Акад. навукова-тэхн. комплексе «Сосны» Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара). Навук. працы па канструяванні машын ядз. энергет. установак і даследаванні працэсаў герметызацыі. Распрацаваў тэорыю працэсаў трэння ў намінальна плоскіх парах тарцовых герметызатараў і падшыпнікаў з улікам уласцівасцей паверхняў і кавітацыйных з’яў.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНАМО́ТА,

1-я дынастыя сёгунаў — правіцеляў Японіі ў 12—14 ст. Заснавана Ёрытома М., які перамог у 1185 князёў на чале з Тайра Кіёморы і ў 1192 прыняў тытул сёгуна (вярх. военачальніка). Усталяванне ўлады М. азначала ўзвышэнне новай ваен. арыстакратыі над старой на чале з імператарам, б.ч. зямель якой Ёрытома размеркаваў паміж сваімі прыхільнікамі. Быў створаны сёгунскі ўрад — бакуфу. Але ўлада імператараў намінальна захоўвалася, і сёгуны фармальна дзейнічалі ад іх імя. З пач. 12 ст. рэальная ўлада апынулася ў руках роднаснага М. клана Ходзё, прадстаўнікі якога кіравалі краінай ў якасці рэгентаў (сікэнаў). У 1333 Ніта Ёсісада скінуў апошняга сёгуна М., і да ўлады прыйшла дынастыя сёгунаў Асікага.

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯНІ́СІЙ (Балабан) (?, Падляшша — 1663),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Епіскап холмскі, луцкі, з 1650 зноў епіскап холмскі. Адстойваў праваслаўе ад уніяцкага ўціску. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (ліст. 1657—63). У жн. 1661 па рэкамендацыі канстанцінопальскага патрыярхата і гетмана Украіны І.Выгоўскага прызначыў епіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага, аднак з мая 1661 кафедра была занята епіскапам Мяфодзіем, прызначаным маскоўскім патрыярхатам. Канфліктная сітуацыя прымусіла Д. адысці ад царк. і паліт. спраў. Апошні час жыў у Чыгірыне, застаючыся мітрапалітам намінальна.

Літ.:

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 294—295;

Яскевіч А.А. Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII ст.: Адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996. С. 103—108.

А.​А.​Яскевіч.

т. 6, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,

саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха I Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.

т. 9, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПАДО́КІЯ,

старажытная вобласць у цэнтр. частцы М. Азіі (тэр. сучаснай Турцыі). Напачатку яе насялялі хаты. У 2-м тыс. да н. э. асн. ядро Хецкага царства. У пач. 6 ст. да н. э. заваявана Мідыяй. З 2-й пал. 6 ст. да н. э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, падзелена на 2 сатрапіі: Вялікую К. (займала ўнутр. вобласць) і Малую К. (узбярэжжа Чорнага м.), ці Понт. У 1-й пал. 4 ст. да н. э. намінальна ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У канцы 4 ст. да н. э. падпарадкавана Селеўкідамі, з сярэдзіны 3 ст. да н. э. самаст. царства. У 1 ст. да н. э. заваявана Стараж. Рымам (з 17 н. э. рым. правінцыя). Пасля 4—5 ст. н. э. ў складзе Візант. імперыі, у 1074 захоплена туркамі-сельджукамі. У 15 — пач. 20 ст. ў Асманскай імперыі.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМБА́Л (Pombal) Себасцьян Жазэ дэ Карвалу э Мелу

(de Carvalho e Mello; 13.5.1699, r. Соры, Партугалія — 8.5.1782),

партугальскі дзярж. дзеяч, найб. значны прадстаўнік асветнага абсалютызму ў Партугаліі. Граф Аейрас (1755), маркіз П. (1770). Напачатку на дыпламат. службе. З 1750 міністр замежных спраў, з 1756 прэм’ер-міністр пры каралю Жазэ I [1750—77]. Упарадкаваў фінансы, школьную, суд. і ваен. справы, абмежаваў дзейнасць інквізіцыі, увёў рэліг. талерантнасць, садзейнічаў аднаўленню Лісабона пасля землетрасення 1755. Дамогся выгнання з Партугаліі і яе калоній езуітаў (1759). Каб вызваліць краіну з-пад залежнасці ад брыт. гандлю, спрыяў гандлю Партугаліі з яе калоніяй Бразіліяй. У 1773 скасаваў рабства ў Партугаліі і даў індзейцам Бразіліі намінальна роўныя правы з партугальцамі. Рэформы П. суправаджаліся абмежаваннем правоў дваран і царквы на карысць цэнтралізацыі дзярж. улады. У 1777 пры каралеве Марыі I [1777—1816] праціўнікі П. дамагліся яго адстаўкі і скасавання яго рэформ.

т. 12, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)