БАШЛА́Р, Башляр (Bachelard) Гастон (27.6.1884, г. Бар-сюр-Об, Францыя — 16.10.1962), французскі філосаф, заснавальнік неарацыяналізму. У 1919—30 праф. у калежы Бар-сюр-Об. З 1940 кіраваў кафедрай гісторыі і філасофіі навук у Сарбоне, потым — Ін-там гісторыі навук. У сваіх творах Башлар падкрэсліваў дыялектычны характар сучаснай некласічнай навукі; вылучаў яе «ўнутраную» дыялектыку (праяўляецца найперш у сферы чыстай аксіяматыкі), «знешнюю» (ахоплівае пераважна працэсы эмпірычнага даследавання) і іх «налажэнне» («вышэйшы сінтэз», у выніку якога ажыццяўляецца не простае аб’яднанне супрацьлегласцяў, а змястоўна больш шырокая сістэматызацыя ведаў). Сваё філас. вучэнне называў тэхн. рацыяналізмам, лічыў, што змест пазнавальных дзеянняў вучонага і іх вынікі знаходзяцца ў залежнасці ад законаў тэхн. творчасці. Паводле Башлара, творчыя здольнасці чалавека маюць гіст. характар, але іх вытокі ў глыбінных архетыпах бессвядомага.

Тв.:

Lfa philosophie du non. Paris, 1962;

Le matérialisme rationnel. Paris, 1963;

Рус. пер. — Новый рационализм. М., 1987.

У.К.Лукашэвіч.

т. 2, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.А.Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.А.Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)