ШТЫ́РНЕР (Stimer) Макс [сапр. Шміт

(Schmidt) Каспар; 25.10.1806 г. Байройт, Германія — 26.6.1856], нямецкі філосаф-младагегельянец, тэарэтык анархізму. У кн. «Адзіны і яго ўласнасць» (1845) развіў суб’ектыўна-ідэаліст. версію младагегельянства (гл. Гегельянства) у антрапалогіі, этыцы і праве. Асн. яго ідэя ў тым, што сац. якасці чалавека — гэта нешта ўсеагульнае, а кожная эмпірычная асоба адзінкавая; таму ўсё, што тычыцца чалавека наогул, не адносіцца да канкрэтнага («адзінага») чалавека. Лічыў, што паняцці «чалавек», «права», «мараль» і да т.п. — гэта адчужаныя формы індывід. свядомасці («здані»),

таму асоба не можа прызнаваць ніякіх абавязацельных для сябе грамадскіх установак. У выніку прыйшоў да высновы, што першакрыніцы сапраўдных правоў і маралі — сіла і магутнасць канкрэтнай асобы, адной з форм рэалізацыі якой з’яўляецца прыватная ўласнасць. На яго думку, намаганні індывіда павінны накіроўвацца на пошук сваёй уласнай свабоды, а не свабоды для ўсіх, таму што за ўсімі сац. ўтварэннямі заўсёды хаваюцца эгаістычныя інтарэсы канкрэтных асоб.

А.​Б.​Савеня.

т. 17, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУ́МПЕТЭР (Schumpeter) Іозеф (8.2.1883, г. Тршэшць, Чэхія — 18.1.1950),

аўстрыйскі і амерыканскі эканаміст і сацыёлаг. Скончыў Венскі ун-т. У 1919—20 міністр фінансаў Аўстр. рэспублікі. З 1925 праф. Бонскага, з 1932 Гарвардскага ун-таў. Асн. працы: «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1912), «Дзелавыя цыклы» (1939), «Капіталізм, сацыялізм і дэмакратыя» (1942). Эканам. аналіз грамадства спалучаў з сацыялагічным. Распрацаваў канцэпцыю эканам. дынамікі і цыклаў, дзе вырашальную ролю ў эканам. развіцці адводзіў прадпрымальніцтву, якое трактаваў як дзейнасць, што робіць стаўку на асабістую ініцыятыву. На аснове аналізу кругаабароту капіталу вылучыў асаблівую прадпрымальніцкую функцыю, якая заключаецца ў ажыццяўленні арганізац.-гасп. інавацыі, «новых камбінацыйных фактараў вытворчасці». Прадпрымальнікі, на яго думку, не ўтвараюць асобнай прафесіі ці класа, а адрозніваюцца толькі прадпрымальніцкай функцыяй, якая рэалізуецца з мэтай атрымання прыбытку. Вылучыў 3 мэтавыя моманты ў дзейнасці прадпрымальніка: патрэбнасць у панаванні, уладзе, уплыве; воля да перамогі, імкненне да поспеху ў барацьбе з сапернікамі і з самім сабой; радасць творчасці, якую дае самаст. вядзенне спраў. Сцвярджаў, што прадпрымальнік — асн. суб’ект, цэнтр. сац. механізм эканам. развіцця ў грамадстве рыначнага тыпу, але прыйшоў да высновы пра непазбежнасць паступовай трансфармацыі прыватнапрадпрымальніцкага капіталізму ў эканам. сістэму, развіццё якой будзе рэгулявацца і накіроўвацца дзяржавай.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 17, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЎДЭМАНІ́ЗМ (ад грэч. eudaimonia шчасце, асалода),

вучэнне, якое асновай маралі і вышэйшай мэтай чалавечага жыцця абвяшчае шчасце. Узнік у Стараж. Грэцыі і аб’ядноўваў разнастайныя філас.-этычныя сістэмы. На думку Дэмакрыта, вышэйшая дабрадзейнасць — задавальненне, а сродак яго дасягнення — розум; сутнасць жа задавальнення заключаецца ў стане гармоніі, цішыні і спакоі духу. У этыцы Арыстоцеля шчасце — канчатковая мэта і вынік чалавечага дзеяння, якое накіроўваецца праз розум і прыводзіць не толькі да дасканалага жыцця, але і да ўдасканалення самога чалавека. Эпікур пад шчасцем разумеў задавальненне, а няшчасце бачыў у пакутах; гэта набліжала яго погляды да геданізму, які развіваўся адначасова з Э. Прадстаўнікі некаторых кірункаў этычнай думкі (кінікі, стоікі) асобна вылучалі ў якасці перадумовы шчасця неабходнасць барацьбы са злом і адмоўнымі схільнасцямі чалавека. Стараж.-грэч. Э. быў у значнай меры абстрактны, хоць і адпавядаў высокаму стану развіцця філас.-этычнай думкі. У той жа час ён меў у сабе важны станоўчы момант — палажэнне, што шчасце залежыць ад актыўнага стаўлення чалавека ды жыцця, ад яго ўласных намаганняў, якія павінны накіроўвацца разумнымі этычнымі ідэямі. Т.ч., Э. процістаяў фаталізму.

У новы час ідэі Э. ўспрынялі і развівалі Б.​Спіноза, К.​Гельвецый. П.​Гольбах. Напр., Спіноза сцвярджаў, што кожны павінен дзейнічаць у адпаведнасці са сваёй прыродай незалежна ад знешніх уплываў; такія дзеянні адкрываюць чалавеку шлях да самага высокага шчасця — пазнання Бога і містычнага спалучэння з ім. Гельвецый, схіляючыся да больш геданістычнага і эгаістычнага разумення шчасця. прытрымліваўся думкі, што паколькі людзі імкнуцца да прыемнасцей. то і маральнасць павінна падпарадкоўвацца закону чалавечага інтарэсу. Гольбах звязваў уяўленні аб шчасці з засваеннем людзьмі філас.-навук. ісцін і дзейнасцю выдатных асоб. Ідэі франц. філосафаў знайшлі свой працяг у англ. утылітарызме.

В.​І.​Боўш.

т. 18, кн. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБЯЦКО́Й (Trubetzkoy) Мікалай Сяргеевіч (16.4.1890, Масква —25.6.1938),

расійскі лінгвіст, культуролаг і філосаф; тэарэтык еўразійства; прадстаўнік пражскай школы ў мовазнаўстве. Сын С.М.Трубяцкога. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). У 1919 эмігрыраваў у Сафію. З 1922 у Вене, з 1923 праф. Венскага ун-та. Распрацаваў шэраг новых кірункаў у лінгвістыцы: фаналогію, марфаналогію, гісторыю літ. моў, тыпалогію моўных структур, кантрастыўную лінгвістыку. Для параўнальнага вывучэння моў абгрунтаваў неабходнасць 3 падыходаў: гіст.-генетычнага, арэальна-гіст. і тыпалагічнага. Выявіў заканамернасці фанетычнага строю малавывучаных моў (фіна-угорскіх, каўказскіх, палеаазіяцкіх). Распрацаваў перыядызацыю стараж. агульнаслав. моўнай гісторыі. Сфармуляваў паняцце «моўнага саюзу» для характарыстыкі моў, пашыраных у адной геагр. зоне і культ.-гіст. вобласці. Распрацаваў дынамічную тыпалогію моў, з дапамогай якой імкнуўся рэканструяваць стараж. этапы моўнай гісторыі і мадэліраваць тэндэнцыі моўнага развіцця ў будучыні. Паводле Т., усе тэарэт. і практычныя даследаванні ў навуцы павінны накіроўвацца на правільнае развіццё асобы. Гарманічнае развіццё чалавека звязваў з яго рэалізацыяй у творчасці. Перадумовай творчай дзейнасці чалавека і яго «самаажыццяўлення» лічыў самапазнанне, якое, на думку Т., знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з калектыўна-нац. самапазнаннем («Пра сапраўдны і несапраўдны нацыяналізм», 1921). Абсалютызаваў ролю нац. культур і абвяргаў ідэю стварэння агульначалавечай культуры, якая, на яго думку, можа прывесці да утылітарнага светапогляду і нівеліроўкі духоўных патрэбнасцей чалавецтва. Падзел культур на прымітыўныя і развітыя лічыў памылковым тэзісам еўропацэнтрычнай навукі; сцвярджаў, што вывучэнне культур павінна ажыццяўляцца паводле прынцыпу раўназначнасці і «якаснай непараўнальнасці» культур («Еўропа і чалавецтва», 1920). У «рамана-германскай» еўрапеізацыі бачыў гал. небяспеку для культ.-гіст. развіцця чалавецтва як сукупнасці непаўторных культур розных народаў («шматчалавечых асоб»). Крытыкаваў славянафілаў за імкненне ствараць сваю культуру на ўзор чужой «вялікай» культуры, далучыць да сваёй культуры чужыя «малыя» культуры і пераўтварыць іх на свой лад, за арыентацыю на далёкае мінулае сваёй культуры; рэалізацыя славянафільскіх ідэй, на думку Т., прывяла б да нац. абязлічання, страты чысціні этнасу і нац. ідэі, застою і парушэння сувязі культуры з менталітэтам яе носьбітаў. Лічыў, што рус. культура ўтварае асаблівы «еўразійскі» тып, заснаваны на спалучэнні культур усх. славян і турынскіх народаў (угра-фінаў, самаедаў, цюркскіх народаў, манголаў маньчжураў), і не адносіцца ні да «рамана-германскай», ні да славянскай культур. Выступаў за карэнны пераварот у паліт. і нац. еўрапеізаванай свядомасці рус. народа, самабытны «еўразійскі» шлях яго эвалюцыі. Погляды Т. паўплывалі на развіццё лінгвістыкі, фарміраванне лінгвакультуралогіі, этнасацыялогіі, рус. геапаліт. даследаванняў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по филологии. М., 1987;

История. Культура. Язык. М., 1995;

Наследие Чингисхана. М., 1999;

Основы фонологии. 2 изд. М., 2000.

Літ.:

Н.​С.​Трубецкой и современная филология: [Сб. ст.]. М., 1993.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)