ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,
галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.
Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.Анан (Гана, з 1997).
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ
(Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),
орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.М.Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.
В.С.Талстой.
т. 5, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)