Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Наземныя сродкі самалётаваджэння 1/64
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФІ́ЛЫ [ад гігра... + ...філ(ы)],
наземныя жывёлы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах высокай вільготнасці. Жывуць на забалочаных тэрыторыях, у вільготных лясах, поймах рэк, па берагах вадаёмаў, а таксама ў вільготнай глебе і гнілой драўніне. У асяроддзі з нізкай вільготнасцю яны хутка трацяць ваду, што можа прывесці да іх гібелі. Тыповымі гіграфіламі з’яўляюцца макрыцы, нагахвосткі, камары, наземныя планарыі, малюскі, амфібіі, дажджавыя чэрві і інш. Гл. таксама Ксерафілы, Мезафілы.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАСХО́ВІШЧА,
рэзервуар ці сістэма рэзервуараў для захоўвання нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.). Бываюць: наземныя, паўпадземныя і падземныя; стальныя, жалезабетонныя і пластмасавыя; цыліндрычныя (верт. і гарыз.), сферычныя, прамавугольныя і кроплепадобныя. Абсталёўваюцца люкамі (для агляду, праветрывання і інш.), проціпажарнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі клапанамі, прыладамі дыстанцыйнага кіравання напаўненнем і апаражненнем і інш. Найб. пашыраны наземныя стальныя і падземныя жалезабетонныя. Ёмістасць пераважна 100—1000 м³, часам да 50—100 тыс. м³.
т. 11, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРАФО́БЫ [ад гігра... + ...фоб(ы)],
наземныя арганізмы, не прыстасаваныя да існавання ва ўмовах павышанай вільготнасці асяроддзя. Жывуць пераважна на сухіх мясцінах (напр., асака пясчаная, лясныя мурашкі, многія віды насякомых і інш.). Гл. таксама Гіграфілы.
т. 5, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФЫ [ад бія... + ...троф(ы)],
арганізмы, якія жывяцца іншымі жывымі арганізмамі. Усе біятрофы (жывёлы, грыбы, большасць бактэрый, а таксама бесхларафільныя наземныя расліны і водарасці) з’яўляюцца гетэратрофамі (у т. л. фітафагі і заафагі, уключаючы паразітаў). Гл. таксама Сапратрофы.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГАРО́ДЫ ваенныя,
штучныя перашкоды (збудаванні і разбурэнні), якія ствараюцца на шляхах руху праціўніка з мэтай нанесці яму ўрон, затрымаць і ўскладніць прасоўванне, скаваць манеўр або вымусіць перамяшчацца ў выгадным для нашых войск напрамку.
Падзяляюцца на наземныя (у т. л. водныя), марскія і паветраныя (процісамалётныя); выбуховыя (мінна-выбуховыя і ядзерна-мінныя), невыбуховыя і камбінаваныя; аператыўныя і тактычныя. Наземныя З. падзяляюцца на процітанкавыя (мінныя палі, равы, эскарпы, контрэскарпы, надаўбні, вожыкі і інш.), проціпяхотныя (змешаныя мінныя палі, драцяныя З. і інш.), процітранспартныя (мінна-выбуховыя З., завалы, барыкады і інш.). Марскія З. бываюць мінныя, сеткавыя, бонавыя (гл. Боны), камбінаваныя (у т. л. процідэсантныя); устанаўліваюцца на паверхні, у тоўшчы вады і на дне. Паветраныя З. — аэрастаты і інш. сродкі, якія перашкаджаюць палётам самалётаў і верталётаў, ускладняюць бомбакіданне. Гл. таксама Фартыфікацыя.
т. 6, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁНТ [ад грэч. bion (biontos) які жыве],
асобны арганізм або (зрэдку) мінім. экалагічная сістэма, якія ў ходзе эвалюцыі прыстасаваліся да пражывання ў пэўным асяроддзі — біятопе. Тэрмін звычайна ўжываюць пры вызначэнні арганізмаў пэўнага асяроддзя, напр. аэрабіёнты (арганізмы наземныя і паветра), гідрабіёнты (водныя арганізмы), геабіёнты (глебавыя арганізмы) і інш.
т. 3, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТАФІ́ТЫ [ад крыпта... + ...фіт(ы)],
шматгадовыя травяністыя расліны, у якіх наземныя органы адміраюць у неспрыяльны для вегетацыі сезон, а пупышкі ўзнаўлення закладваюцца на карэнішчах, якія знаходзяцца ў глебе (геафіты) ці пад вадой (гідрафіты); адна з жыццёвых форм раслін. Напр., у флоры Беларусі ў многіх злакаў, асок, хрэну, клубнях (бульба, тапінамбур), цыбулінах (цюльпан).
т. 8, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЕ СХО́ВІШЧА,
ёмішча для захоўвання газу. Прызначана таксама для згладжвання сутачнай і сезоннай нераўнамернасці спажывання газу, выраўноўвання ціску ў газаправодзе, аварыйнага назапашвання газу. Бываюць наземныя і падземныя.
Наземныя газавыя сховішчы — газгольдэры, падземныя (больш умяшчальныя, бяспечныя і танныя) ствараюцца ў порыстых пародах або ў поласцях горных парод, у горных выпрацоўках, закінутых шахтах і інш. Газ захоўваецца ў газападобным (пад ціскам 12—15 МПа) або ў звадкаваным (0,8—2 МПа) стане. У ізатэрмічных газавых сховішчах звадкаваны газ захоўваецца пад ціскам, блізкім да атмасфернага (2,5 кПа), і пры т-ры да -200 °C; яны маюць форму наземных або заглыбленых танкасценных цеплаізаляваных рэзервуараў аб’ёмам да 50 тыс. м³. Нізкія т-ры ў такіх газавых сховішчах падтрымліваюцца халадзільнымі ўстаноўкамі. Да ізатэрмічных газавых сховішчаў адносяць і катлаваны з замарожанымі сценкамі аб’ёмам да 30 тыс. м³.
В.В.Арціховіч, В.М.Капко.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)