Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АБРАЗІ́ЎНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, абразівы,
прыродныя ці штучныя матэрыялы павышанай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца для абразіўнай апрацоўкі і вырабу абразіўных інструментаў. Да прыродных абразіўных матэрыялаў адносяцца алмаз, граніт, кварц, карунд, крэмень, наждак; да штучных — электракарунд, карбід крэмнію, карбід бору, кубічны нітрыд бору (эльбор, кубаніт), штучны алмаз (мае значна большую цвёрдасць, стабільнасць уласцівасцяў, інш. высокія тэхнал. якасці). Мікрацвёрдасць абразіўных матэрыялаў ад 18—26 ГПа (электракарунд) да 100 ГПа (сінт. алмаз), іх трываласць на сцісканне адпаведна ад 760 да 2000 МПа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́НД (ад санскр. курувінда — рубін),
мінерал падкласа простых аксідаў, аксід алюмінію, Al2O3. Прымесі хрому, жалеза, тытану і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі бочкападобныя, таблітчастыя, слупкаватыя, дыпірамідальныя. Агрэгаты сярэдне- і тонказярністыя. Колер белы, шэры, сіні, чырвоны, жоўты, зялёны. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 9. Шчыльн. каля 4 г/см³. Паходжанне метамарфічнае, метасаматычнае; намнажаецца ў россыпах. Абразіўны матэрыял; сумесь К. (60—70%) з магнетытам, гематытам і шпінэллю — наждак. Празрыстыя разнавіднасці — каштоўныя камяні (рубін, сапфір). Сінт. К. з дабаўкамі Cr3+, Fe3+ атрымліваюць у прамысл. маштабах для квантавай электронікі, гадзіннікавай, ювелірнай прам-сці і інш.