АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,

пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕХІСТУ́Н

(Behistun),

Бізітун, скала ў Іране паміж гарадамі Керманшах (цяпер Бахтаран) і Хамадан з клінапіснымі надпісамі і барэльефам, у якіх адлюстравана гісторыя перамог цара персаў Дарыя І і стварэння дзяржавы Ахеменідаў. Надпісы зроблены ў 516 да н.э. па загадзе Дарыя. Яны выкананы на З мовах (стараж.-персідскай, эламскай і вавілонскай), на барэльефе — выявы Дарыя, яго заступніка бога Ахурамазды і палонных ворагаў. Надпісы далі ключ для расшыфроўкі эламскага і вавілонскага клінапісаў.

А.В.Іоў.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙРЭ́Н,

монастрафічны верш у армянскай сярэдневяковай паэзіі. Складаецца з чатырох 15-складовых радкоў, звязаных адной рыфмай. У сучаснай паэзіі айрэнам напісаны многія лір. мініяцюры (дарчыя надпісы і інш.). У бел. паэзіі сустракаецца ў М.Танка («Айрэн»).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧАЕ ВЯДЗЕ́ННЕ,

заключная стадыя цывільнага працэсу, у якой прымусова ажыццяўляюцца правы, пацверджаныя рашэннем суда. У Рэспубліцы Беларусь у парадку для выканання суд. рашэнняў выконваюцца таксама пастановы і рашэнні гасп. і трацейскіх судоў, выканаўчыя надпісы натарыяльных органаў і інш. Выканаўчае вядзенне ажыццяўляе судовы выканаўца.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРТ,

бакавая паверхня (рабро) манеты, абмежаваная плоскасцямі аверса і рэверса. З 2-й пал. 16 ст. на гурце некат. заходнееўрап. манет змяшчалі легенды (надпісы), з канца 17 ст. рабілі карбоўку (геам. або раслінны арнамент) з мэтаю ўскладніць падробку і псаванне манет. Пазней спец. апрацоўка гурта стала ўсеагульнай.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАНА́ЎЧЫЯ ДАКУМЕ́НТЫ,

дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца прымусовае выкананне пастаноў судовых, арбітражных і некаторых інш. органаў. Паводле выканаўчага вядзення Рэспублікі Беларусь выканаўчымі дакументамі з’яўляюцца: выканаўчыя лісты; выканаўчыя надпісы, загады гасп. судоў і органаў арбітражу; надпісы старшыні Марской арбітражнай камісіі аб набыцці рашэннем законнай сілы; неаплачаныя ў тэрмін плацежныя патрабаванні, акцэптаваныя плацельшчыкамі; пасведчанні, якія выдаюцца па прац. спрэчках камітэтамі прафсаюзаў на падставе рашэнняў камісій па прац. спрэчках, або пастановы і пасведчанні гэтых камітэтаў; пастановы адм. органаў і камісій па справах непаўналетніх аб правядзенні спагнанняў з грамадзян; рашэнні выканкомаў мясц. Саветаў аб спагнаннях з юрыд. асоб за патравы пасеваў і пашкоджанне насаджэнняў і інш. Парадак афармлення і тэрміны прад’яўлення выканаўчых дакументаў да выканання рэгламентаваны цывільным працэсуальным заканадаўствам.

Э.І.Кузьмянкова.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МФАРА

(лац. amphora ад грэч. amphoreus),

у антычных грэкаў і рымлян гліняная або металічная пасудзіна з высокім горлам і 2 вертыкальнымі ручкамі. У амфары трымалі і перавозілі віно, алей, мёд, збожжа. На многіх амфарах ёсць малюнкі, арнаменты, надпісы. Знойдзены на многіх археал. помніках на тэр. Беларусі. На Русі 10—12 ст. вырабляліся амфарападобныя пасудзіны карчагі.

Старажытнагрэчаская чорнафігурная амфара. 6 ст. Да н.э.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́БЛСКАЕ ПІСЬМО́, біблскае псеўдаіерагліфічнае пісьмо,

протабіблскае пісьмо, пісьмо надпісаў на каменных і бронзавых прадметах, знойдзеных у г. Бібл (цяпер Джубейль) у Ліване. Датуецца канцом 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. Было адкрыта М.Дзюнанам у 1920-я г. Надпісы — схематызаваныя малюнкі жывёл, раслін, пабудоў, лінейных геам. фігур і інш. Накірунак пісьма справа налева. Ёсць меркаванні, што біблскае пісьмо — папярэднік зах.-семіцкага пісьма.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГА́Ш,

старажытная дзяржава ў Шумеры, на тэр. сучаснага Ірака. Паселішчы на месцы Л. існавалі з канца 5-га тыс. да н.э., пісьмовыя ўпамінанні адносяцца да 26—2 ст. да н.э. У 26—24 ст. да н.э. Л. кіравала дынастыя, заснаваная Ур-Наншэ, якая дасягнула найб. магутнасці пры царах Эанатуме і Энтэмене. Узмацненне ролі жрацоў, закабаленне імі свабодных абшчыннікаў прывяло да росту нар. незадаволенасці і захопу ўлады Уруінімгінам (24 ст. да н.э.), які абвясціў шэраг сац. рэформ. У 24 ст. да н.э. Л. заваяваны царом Акада Сарганам Старажытным. Новы ўздым Л. адбыўся пры цару Гудэа (22 ст. да н.э.). З пач. 2-га тыс. да н.э. страціў сваё значэнне. З 1877 раскопкі Л. вялі франц. археолагі Э. дэ Сарзек, Г.Крос, А. дэ Жэнуяк і А.Паро. Імі знойдзены такія помнікі, як «Стэла каршуноў», надпісы Уруінімгіны, статуі і надпісы Гудэа, архіў храма багіні Бабы (Бау).

т. 9, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЕ ШКЛО,

шкляны посуд Гродзенскай мануфактуры шкляных пацерак, якая была створана А.Тызенгаўзам у 1760-я г. Вырабляліся шклянкі, бакалы, келіхі з лейка- і звонападобнымі чашамі, у форме ўсечанага конуса, пляшкі і штофы ў традыц. для Беларусі формах чатырохгранных квартаў. На посудзе гравіраваліся буйнамаштабныя раслінныя кампазіцыі (апяразвалі посуд фрызам або адвольна размяшчаліся на яго сценках), а таксама арх. пейзажы, выявы людзей, птушак, надпісы. У раслінныя кампазіцыі ўключаліся дэкар. лінзы ў тэхніцы гранення.

т. 5, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)