Наднырачнікі 3/364; 7/376; 10/475
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРЫЛІ́ЗМ (ад лац. virilis мужчынскі),
маскулінізм, вірыльны сіндром, з’яўленне ў арганізме жанчыны другасных мужчынскіх палавых прыкмет. Жанчына набывае мужчынскі целасклад, тып аваласення (гл. Гірсутызм), атрафіруюцца малочныя залозы, зніжаецца тэмбр голасу, павялічваецца клітар. Вірылізм можа ўзнікнуць у любым узросце, абумоўліваецца найчасцей залішняй колькасцю андрагенаў. У большасці выпадкаў узнікае ў выніку захворванняў залоз унутр. сакрэцыі (яечнікі, наднырачнікі).
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМЕНАРЭ́Я (ад гіпа... + аменарэя),
гіпаменструальны сіндром, аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫСО́НАВА ХВАРО́БА, бронзавая хвароба,
хвароба, абумоўленая двухбаковым пашкоджаннем кары наднырачнікаў, зніжэннем утварэння гармонаў (картызону, альдастэрону). Названа па прозвішчы англ. ўрача Т.Адысана, які ўпершыню яе апісаў (1849). Развіваецца марудна, часцей у 30—50 гадоў, пры пашкоджанні наднырачнікаў туберкулёзам, амілаідозам, пры кровазліцці, пухлінах і метастазах у наднырачнікі, аўтаімунных пашкоджаннях. Бываюць сямейныя (спадчынныя) формы. Характарызуюцца адынаміяй, агульнай слабасцю, павышанай стамляльнасцю, пахудзеннем, а таксама зніжэннем памяці, аблысеннем, паніжэннем т-ры, гіпатаніяй, парушэннем менструальнага цыкла, зніжэннем патэнцыі, узроўню натрыю і хларыдаў у крыві, павышанай колькасцю калію. Асноўная прыкмета хваробы — гіперпігментацыя скуры (цёмная, бронзавая афарбоўка, колер загару). Сустракаюцца атыпічныя (сцёртыя) формы адысонавай хваробы без бронзавай афарбоўкі скуры. Лячэнне індывідуальнае (гарманальнае, дыета, вітаміны, процітуберкулёзныя сродкі).
т. 1, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)