БРО́КЕН-ХІ́ЛСКІ ЧАЛАВЕ́К, радэзійскі чалавек,

адна з формаў выкапнёвага чалавека, характарыстыкі якога блізкія да неандэртальцаў. Знойдзены ў 1921 у пячоры Брокен-Хіл у Замбіі. Выяўлены вял. чэрап, адметны прымітыўнымі асаблівасцямі (магутны надвочны валік, ссунуты назад лоб, масіўная частка твару). Аб’ём мозга невялікі (1280 см³). Адносіцца да палеаантрапаў, хоць некаторыя адзнакі набліжаюць яго да пітэкантрапаў. Жыў прыкладна 30 000 г. назад, верагодна, адначасова з раннімі прадстаўнікамі людзей сучаснага фіз. тыпу. Большасць вучоных лічыць яго бакавой формай у эвалюцыі чалавека.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТЭКА́НТРАП ( ад грэч. pithēkos малпа + anthrōpos чалавек),

старажытны чалавек, які жыў каля 1 млн. г. назад. Рэшткі П. (чарапная накрыўка, сцегнавая косць, фрагмент ніжняй сківіцы і 5 зубоў) знойдзены ў 1891—93 галандскім урачом Э.​Дзюбуа на в-ве Ява. П. меў пакаты лоб, нізкае скляпенне чэрапа (ёмістасць чэрапа 900 см³.), на лобнай косці выступаў надвочны валік. П. разам с сінантрапам, гейдэльбергскім чалавекам, атлантрапам належыць да найстараж. людзей — архантрапаў, якія з’яўляюцца адной са стадый у філагенетычным развіцці чалавека (гл. таксама Антрапагенез). Л.​І.​Цягака.

Пітэкантрап.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)