«ЛЫ́СЫ»,
«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер 2/4, 4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».
т. 9, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)