Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮ́РЫ (франц. allure літар. хада),
віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЁНКА,
аддзел задняй канечнасці ў земнаводных і наземных пазваночных, нагі ў чалавека паміж сцягном і ступнёй. Шкілет галёнкі складаюць вяліка- і малагалёначныя косці, якія зверху сучляняюцца, на працягу і канцах злучаны звязкамі. Мышцы галёнкі падзяляюцца на 3 групы: пярэднюю (складаецца з разгінальнікаў ступні і пальцаў), вонкавую (мышцы, што згінаюць, адводзяць і паварочваюць ступню), заднюю (згінальнікі пальцаў, ступні, галёнкі). Кровазабеспячэнне галёнкі адбываецца з разгалінаванняў падкаленнай артэрыі; паверхневыя вялікая і малая падскурныя вены і глыбокія вялікагалёначныя вены забяспечваюць адток крыві ад галёнкі. Галёнка членістаногіх — членік нагі паміж сцягонцам (у насякомых) ці каленным членікам (у павукападобных) і лапкай, звычайна членістай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕ́ЎНІ»,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць 2 чал. Гульцы закладваюць рукі за спіну, падгінаюць адну нагу і, па камандзе, пачынаюць, скачучы на другой, штурхаць адзін аднаго грудзьмі ці плячом. Хто страціць раўнавагу — выбывае з гульні. У час спаборніцтва нельга пераскокваць з адной нагі на другую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СК (франц. arabesque ад італьян. arabesco арабскі),
адна з асноўных позаў класічнага танца. Цела абапіраецца на прамую нагу, другая паднята і выцягнута назад; адна рука выцягнута ўперад, другая адведзена ўбок ці назад, корпус нахілены ўперад. У сучасным балеце сустракаюцца шматлікія формы арабеска пры розных становішчах апорнай нагі, рук, галавы, корпуса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКА́Н (ад франц. cancan літар. шум, гам),
французскі танец алжырскага паходжання, род кантрданса (наз. таксама парыжскай кадрыляй). Паявіўся ў 17 ст. ў Парыжы як прыдворны бальны танец спакойнага, плаўнага характару. З 1830-х г. фрывольны, з характэрным высокім ускідваннем нагі; у такім выглядзе трапіў на эстраду (у кафэшантаны, вар’етэ і інш.). Муз. памер 2/4. Тэмп энергічны, рухавы. Шырока выкарыстоўваўся ў франц. класічнай аперэце (найб. у творах Ж.Афенбаха).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РА, вера,
у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАВАЛІ́»,
бел.нар. танец. Муз. памер пераважна 2/4, тэмп жвавы. Выконваецца 2 мужчынамі, якія імітуюць рухі каваля (удары адной рукой зверху ўніз па далоні другой рукі, што ляжыць на калене сагнутай нагі, і адпаведныя ўдарам ківанні корпуса). Зафіксаваны ў 1980 у Віцебскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцях. Суправаджаецца прыпеўкамі; музыка зафіксавана ў Браслаўскім р-не. У 1982 балетмайстар П.Свярдлоў стварыў на яго аснове сцэн. варыянт танца, які выконваюць 5 юнакоў (цэнтр. фігура — каваль); магчымы і масавы варыянт.