Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМОВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар.алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II i V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III i XIII — г. Лейк-Плэсід (3UIA, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г.Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.Л.Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.У.Папоў, біятлон, эстафета 4x7,5 км, 1992; І.М.Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.В.Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.М.Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3x5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.П.Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.У.Дашчынскі, фрыстайл, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБРО́Я
(ваен.),
устройствы і сродкі для паражэння праціўніка ва ўзброенай барацьбе; састаўная ч.ўзбраення. Уключае сродкі паражэння і сродкі дастаўкі іх да цэлі; у больш складаную З. ўваходзяць таксама прылады і прыстасаванні кіравання і навядзення. Сучасная З. падзяляецца; на зброю масавага знішчэння (ядз., хім., біял.) і звычайную; стратэгічную, аператыўна-тактычную і тактычную; агнястрэльную зброю, рэактыўную зброю і ракетную зброю; стацыянарную з нерухомай і рухомай асновай, самаходную, буксірную і перавозную (пераносную); індывідуальную (асабістую) і групавую (калектыўную); аўтаматычную зброю, паўаўтам. і неаўтаматычную; некіроўную і кіроўную. Да звычайнай адносяцца: агнястрэльная (артылерыйская — гарматы, пушкі, гаўбіцы, мінамёты і інш., гл.Артылерыя; стралк. і сродкі бліжняга бою — аўтаматы, вінтоўкі, пісталеты, кулямёты, ручныя гранатамёты і гранаты і інш.); рэактыўная (наземныя, авіяц. і марскія сістэмы залпавага агню, рэактыўныя гранатамёты; гл.Рэактыўная артылерыя); ракетная; мінная (процітанк., проціпяхотныя і марскія міны) і тарпедная (тарпеды рознага тыпу) З., а таксама бамбамёты, авіяц., глыбінныя і інш.бомбы; халодная зброя (сучасная — штык, армейскі нож, корцік).
З. ўзнікла ў палеаліце як універсальная прылада для апрацоўкі дрэва, палявання і самаабароны (каменныя рубілы, нажы), потым як спец. ўдарная і кідальная зброя: дубіна, па́ліца (у т.л. бумеранг), кап ’ё з крамянёвым наканечнікам, прашча, бола. У канцы палеаліту з’яўляецца кап’якідалка, лук і стрэлы, каменная сякера, у неаліце — булава і кінжал, пазней — бярдыш, алебарда. Развіццё З. выклікала стварэнне засцерагальнага ўзбраення. З бронзавага веку пачалі вырабляцца бронз., пазней жал. мячы (гл. Меч), чаканы, коп’і і інш. У дзяржавах Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма выкарыстоўваліся кідальныя машыны (балісты, катапульты, франдыболы, брыколі), інш. аблогавая тэхніка. З 8 ст. качэўнікі прычарнаморскіх стэпаў карысталіся шабляй (на Русі вядома з 10 ст., з 19 ст. сталі выкарыстоўваць шашку). Да канца 14 ст. на Русі меч выцеснены шабляй, у Зах. Еўропе — шпагай. З вынаходствам пораху з’явілася агнястрэльная З. (з 11 ст. ў Кітаі, з 12 ст. ў арабаў, з 14 ст. ў Зах. Еўропе, на Русі і Беларусі). Першыя яе ўзоры — араб. модфа, ручная пішчаль (ручніца), з 15 ст. аркебуза, з 16 ст. мушкеты, пісталеты. У 17 ст. ручная агнястрэльная З. аснашчана штыком. Да канца 17 ст. пашырылася гладкаствольная крамянёвая зброя. Наразное ружжо (штуцэр) вядома з 16 ст., аднак з-за цяжкасці вырабу наразная З. стала пашыранай толькі ў 19 ст. (вінтоўкі, карабіны). У сярэдзіне 19 ст. пачалі выкарыстоўвацца міны, потым тарпеды; у канцы 19 ст. з’явілася аўтам. З. — аўтам. пушкі, кулямёты і інш. У час рус.-яп. вайны 1904—05 пачалі выкарыстоўваць мінамёты, у 1-ю сусв. вайну — танкавыя, авіяц. і зенітныя пушкі, агнямёты, хім. З. (у 1915 хлор, у 1916 фасген, у 1917 іпрыт і ядавітыя дымы). У гады 2-й сусв. вайны ўпершыню выкарыстаны сав. рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша» (1941), ням. кіроўныя самалёты-снарады ФАУ-1 і ФАУ-2 (1944), амер. атамныя бомбы (1945). У 1950-я г. з’явілася ракетна-ядзерная зброя, у 1980—90-я г. касмічная зброя (у т.л. лазерная, пучковая, кінетычная, эл.-магн. выпрамянення, ЭМВ-зброя і інш.), працягвалася развіццё і звычайных відаў З. Для сучаснай З. характэрна паскоранае абнаўленне (цыклы замены ўзораў З. складаюць каля 10 гадоў). У стварэнні розных сістэм З. бралі ўдзел прамысл. прадпрыемствы і НДІ Беларусі.