МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАПАМО́ГІ НАВУЧЭ́НЦАМ.

Засн. ў 1875 у Мінску для аказання матэрыяльнай дапамогі выхаванцам навуч. устаноў горада з мэтай падтрымкі выпускнікоў гімназій, вучылішчаў і студэнтаў ВНУ. Кіравалася статутам; калегіяльны орган — агульны сход, які выбіраў праўленне, апошняе — старшыню, сакратара і казначэя. Старшынёй т-ва працяглы час быў І.​І.​Самойла. Сярод ганаровых чл. т-ва быў мастак І.​К.​Айвазоўскі. У 1900 у т-ве было 275 чл. Сродкі т-ва складаліся з членскіх узносаў, ахвяраванняў, працэнтаў з капіталу і прыбыткаў ад дабрачынных мерапрыемстваў і латарэй. Прадстаўнікі т-ва збіралі ахвяраванні па прыватных дамах, праводзілі вечарыны на карысць студэнтаў. Сродкі ад іх складалі фонд дапамогі (4—5 тыс. руб. за год), якая ішла на аднаразовыя субсідыі, плату за навучанне і падручнікі. Дапамогай т-ва карысталіся пераважна навучэнцы мінскіх мужчынскай і жаночай гімназій, рэальнага вучылішча і гарадскога 4-класнага вучылішча. Да 1907 т-ва спыніла сваё існаванне.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́ЧНЫЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя муз. ўстановы; пачатковая ступень у сістэме музычнай адукацыі. Маюць на мэце даць навучэнцам агульную муз. адукацыю, выявіць найб. здольных дзяцей, якія жадалі б атрымаць спец. муз. адукацыю. У М.ш. вывучаюцца: ігра на інструменце (фп., струнныя, смычковыя, духавыя і ўдарныя, народныя), сальфеджыо, муз. грамата і тэорыя, муз. л-ра, хар. спевы, ансамблі і аркестры. Тэрмін навучання 5 і 7 гадоў. На Беларусі першапачаткова музыцы навучалі ў школах пры цэрквах і манастырах. У 16—17 ст. цэнтрамі хар. муз. адукацыі былі брацкія школы. У 18 ст. існавалі М.ш. пры шматлікіх прыватнаўласніцкіх капэлах, аркестрах і харах, дзе рыхтавалі музыкантаў-інструменталістаў і вакалістаў. М.ш. пры прыватнаўласніцкіх т-рах упершыню пачалі рыхтаваць музыкантаў для выканання свецкай музыкі. Вядомы Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза, Нясвіжская, Слонімская, Слуцкая, Шклоўская М.ш. (гл. адпаведныя арт.). У 19 ст. працавалі Гомельская М.ш. Т.​Сіпайлы (1830, пры ёй дзейнічаў духавы арк.), мінская В.​Стафановіча (1840, рыхтавала музыкантаў-інструменталістаў для гар. аркестра, вучыліся хлопчыкі), Мінская музычная школа С.​Шацкінай, магілёўская М.​Пячкоўскай (з 1886); у пач. 20 ст. — гомельская С.​Захарына, у якіх выкладаліся фп., скрыпка, віяланчэль, спевы, тэорыя і гісторыя музыкі, гармонія, у Гомелі — і аркестравая ігра. У 1920—21 адкрыты М.ш. 1-й і 2-й ступеней (4- і 3-гадовыя) у Віцебску, Гомелі, Мінску (пазней пераўтвораны ў школы-сямігодкі). Дзіцячыя М.ш.-сямігодкі адкрыты ў Магілёве (1919), Гомелі (1923), Мінску (1926), Бабруйску (1927), Віцебску (1928). У 1941 працавала 19 М.ш. У 1947 на базе аддзялення юных талентаў пры Бел. кансерваторыі адкрыта Сярэдняя спец. муз. школа з 11-гадовым тэрмінам навучання (з 1992 Рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі з 12-гадовым тэрмінам навучання), якія даюць агульную і муз. сярэднюю адукацыю, рыхтуюць да паступлення ў муз. ВНУ. На Беларусі 526 М.ш. і школ мастацтваў ( навучанне музыцы, выяўл. мастацтву, харэаграфіі), Бел. рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў імя І.​В.​Ахрэмчыка (гл. Беларускі ліцэй мастацтва, 2000). Некаторым М.ш. прысвоены імёны дзеячаў муз. мастацтва Беларусі, у т. л. мінскім № 1 — імя Л.​П.​Александроўскай і № 2 — імя М.​І.​Аладава, Пружанскай — імя Р.​Р.​Шырмы.

Літ.:

Гл. да арт. Музычная адукацыя.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)