галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан ці прыкмету прадмета, названага дзейнікам. Паводле будовы ў бел. мове адрозніваюць выказнікі простыя, састаўныя і складаныя.
Самыя пашыраныя простыя выказнікі; яны падзяляюцца на дзеяслоўныя (выражаюцца найчасцей дзеясловамі абвеснага, загаднага ці ўмоўнага ладу: «За ракой туманяцца лугі», А.Русак) і іменныя (выражаюцца звычайна назоўнікамі, прыметнікамі ці займеннікамі: «Душа народа — песня», Я.Брыль; «Неба сіняе, сіняе», В.Каваль; «Хлеб у нас свой», І.Шамякін). Састаўны выказнік складаецца з дзеяслоўнай звязкі і выказальнага слова, якім можа быць дзеяслоў і інш. часціны мовы: «Я рад паслухаць лесу шум» (З.Бядуля). Складаны выказнік — мнагачленнае словазлучэнне, куды ўваходзяць тры ці больш структурных кампанентаў: «Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Р.в. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЯ ЛІТАРАТУРА
Бел. літаратура сярэдзіны 18—19 ст. — якасна новы этап у гісторыі бел. прыгожага пісьменства. Яе першыя прыкметы адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гіст.-мемуарнай прозе эпохі барока. Творы новай літаратуры мелі свецкі характар, і ідэі Асветніцтва займалі ў ёй пануючае становішча. У час інтэнсіўнага фарміравання новай бел. літаратуры шматмоўнасць маст. творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараслав., старабел., лац. моў і зварот да народна-гутарковых пластоў бел. мовы. На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф.Багамолец, А.Нарушэвіч, Ю.У.Нямцэвіч), рускамоўнае (Г.Каніскі) і лацінамоўнае (М.Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф.Князьнін), асвоіла рамантызм (Т.Лада-Заблоцкі, А.Міцкевіч, А.Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А.Плуг, У.Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. 19 ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамант. светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі. Калі ў даўняй літаратуры асн. месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі. Распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В.Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе») паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В.Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А.Рыпінскага), вершаванай драматург. сцэнкі («Яжовыя» Я.Чачота), лірычнага верша (П.Багрым, Ф.Багушэвіч, Я.Баршчэўскі, Я.Вуль, В.Каратынскі, Я.Лучына, У.Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на быт. анекдоце (Ф.Багушэвіч, А.Плуг), мемуараў (А.Абуховіч). З’явіліся першыя спробы гіст. нарыса бел. літаратуры (прадмова Р.Падбярэскага да зб. Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).
Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з’яў і паліт. падзей на тэр. Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і інш.). Развівалася асветніцка-філас. думка (Б.Дабшэвіч, А.Доўгірд, М.Карповіч, К.Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.Ж.Русо, абнаўлялася адукац. сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і нар. мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў бел. грамадстве і захаванні бел. гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культ. жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за бел. мовай статуса літаратурнай. Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і нар. драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К.Марашэўскага (нап. 1787). У ёй выявілася пазітыўнае, гуманіст. стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да нар. жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця бел. сялянства. Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд Пана» (1784), якое выявіла бел. ментальнасць і абазначыла традыцыі нац. драматургіі, развітыя пазней у творах В.Дуніна-Марцінкевіча. Батлейкавы тэатр у 18 ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэліг. па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», нар. камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў 19 ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).
У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф.Багамолец, К.Марашэўскі, М.Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф.Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю.Бака, К.Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А.Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентаваныя на жывую нар. гаворку (І.Храптовіч) і стылізаваныя пад творы стараж.бел. паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з’явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І.Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура і г.д.Бел. паэзія 2-й пал. 18 ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатыр. твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»).
Далучэнне Беларусі да Рас. імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18 ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культ. жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нац.-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гіст. і мясц. патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства. Да 1820-х г.літ. жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары па-ранейшаму прытрымліваліся яго гал. кірунку — класіцызму. У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатыр. паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакр. рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі бел. жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне бел. фальклору, вял. выяўленчыя магчымасці бел. мовы. У ананімнай паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна 19 ст.) упершыню ў бел. літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты нар. гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літ. працэс, узмацнілі яго дэмакр. плынь.
Паліт. падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літ. праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння нар. жыцця і маст. адлюстравання з’яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясц. гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў [«Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»), 1817, №34; 1818, т. 1, №5] пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М.Чарноўскай, К.Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэт. спадчыны. Праца З.Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фалькл. творчасці. Перагляд застылых эстэт. нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А.Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамант. кірунак у польскамоўнай літаратуры былога ВКЛ і ва ўсёй польскай літаратуры. Бел.нар. паэзія ўвайшла ў творчасць А.Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамант. асваенне беларускамоўнай вуснапаэт. творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фалькл. ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822). З’яўленне А.Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамант. складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэт. набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на бел.фалькл. матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т.Зан, А.Петрашкевіч, А.Ходзька, Я.Чачот), а пасля ў інш. паэтаў (А.Грот-Спасоўскі, Т.Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і нар. творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі. У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер маст. свядомасці спрыяла з’яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Бел. літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў. Адной з цэнтр. постацей літ.-грамадскага руху быў Я.Чачот. Ён сабраў больш за 1000 бел.нар. песень і выдаў іх у перакладзе на польскую мову пад назвай «Сялянскія песні» (кн. 1—6, 1837—46), зарыентаваўшы выданне на чытача, выхаванага на кніжнай культуры. У вершаваных творах Я.Чачота, стылізаваных пад бел. фальклор, назіраецца імкненне зрабіць вусна-паэт. творчасць беларусаў здабыткам спачатку польскамоўнага, а затым і беларускамоўнага чытача. А.Рыпінскі выдаў у Парыжы кнігу фалькл.-этнагр. матэрыялаў «Беларусь» (1840) і прысвяціў яе «першаму з беларускіх мужыкоў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску», імкнучыся падключыць самабытную творчасць землякоў да сферы жыўлення польскага рамантызму народнасцю. Упершыню ў гісторыі беларусістыкі даследчык сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы.
Калі раней актуальным было збліжэнне з вуснай нар. традыцыяй, то ў 2-й пал. 19 ст. важным стала размежаванне з ёю. Пачалі складвацца маст. індывідуальнасці. На стыку літ. і вуснапаэт. традыцый напісана беларускамоўная рамант. балада «Нячысцік» А.Рыпінскага (Лондан, 1853). Твор, стаўшы з’явай бел.-польскага літ.-фалькл. ўзаемадзеяння, даў пачатак бел. баладзе і завяршыў бытаванне жанру рамант. балады. Баладная традыцыя ў маст. асэнсаванні бел.фалькл. матэрыялу праявілася ў творчасці Я.Баршчэўскага (вершы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»). Яго зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1844—46), у якім шмат беларускамоўных уставак, адыграў важную ролю ў раскрыцці розных бакоў жыцця бел. народа, гістарычна абумоўленых асаблівасцей яго светаўспрымання і маральна-псіхал. складу. Твор раскрыў шырокаму колу чытачоў багатую скарбніцу нар. фантастыкі. Творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, пісьменніка беларускамоўнай арыентацыі, адметная заглыбленасцю ў этнакультурную стыхію бел. народа. У.Сыракомля ў варшаўскай перыёдыцы падтрымаў яго бел. творчасць: у рэцэнзіях на п’есы «Гапон», «Вечарніцы», «Купала» ў сувязі з адраджэннем нац. літаратуры ён звярнуўся да прыкладаў з гісторыі і падкрэсліў, што бел. мова не заўсёды была пазбаўлена тых правоў, у якіх ёй адмаўлялі ў сярэдзіне 19 ст., і што хавальнікі яе — толькі сялянства і дробная шляхта. Палемізуючы з варшаўскім грамадскім дзеячам Ф.Скібіцкім адносна выдання твораў В.Дуніна-Марцінкевіча «на простанароднай гаворцы», У.Сыракомля развейваў скептыцызм у дачыненні да бел. мовы. Сам У.Сыракомля далучыўся да бел. літаратуры вершамі «Добрыя весці», «Ужо птушкі пяюць усюды» і ментальна-бел. напоўненасцю сваіх польскамоўных твораў; ён падтрымліваў таксама беларускамоўную творчасць В.Каратынскага, які ў паэме «Таміла» (1858) у масіве польскай мовы па-мастацку асвоіў бел. матэрыял, што стварала прэцэдэнт сумяшчальнага суаднясення дзвюх традыцый і ментальнасцей. Праблема ўсебаковага літ. выкарыстання бел. мовы ў сярэдзіне 19 ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з’явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нац. мове паўнавартасных маст. твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць. У 1-й пал. 19 ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і бел. мовамі, часам рус. (П.Шпілеўскі, В.Равінскі і інш.). У 18 ст. эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой бел. мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе бел. пісьменства ад старабел. кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання бел. мовы ў высокіх маст. жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І.Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» Станіслава Аўгуста Панятоўскага на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай).
Да сярэдзіны 19 ст. ў бел. літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з’яўляюцца «Камедыя» К.Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм. макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А.Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846) і вершаваная сатыр. мініяцюра І.Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838), якая несла ў сабе адраджэнскі патэнцыял беларускамоўнасці. Пачатак 1850-х г. адметны супярэчнасцямі паміж тэндэнцыяй да станаўлення новай нац. літаратуры як самаст. і адсутнасцю бел. друкаванай трыбуны. Верш П.Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы» быў змешчаны ў мемуарнай кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды» (Лондан, 1854; Познань, 1859), а ўрывак з камедыйнага лібрэта А.Вярыгі-Дарэўскага «Грэх чацвёрты — гнеў» — на старонках варшаўскага часопіса «Ruch Muzyczny» («Музычны рух», 1859). В.Дунін-Марцінкевіч змяшчаў вершаваныя аповесці на бел. мове толькі ва ўласных двухмоўных кнігах — «Гапон», «Вечарніцы і Апантаны» (абедзве 1855), «Цікавішся? — Прачытай!» (1856), «Дудар беларускі, або Усяго патроху» (1857). Ён паэтызаваў духоўную прыгажосць і высакароднасць сялян, гіст. мінулае свайго краю, адначасова імкнуўся да праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці, раскрыцця індывід. асаблівасцей характару чалавека ў адпаведнасці з сац. асяроддзем («Халімон на каранацыі»). Паводле ўзору кніг В.Дуніна-Марцінкевіча В.Каратынскі намерваўся скласці з вершаў на польскай і бел. мовах свой першы паэт. зборнік «Чым хата багата, тым рада» (выд. 1857), аднак У.Сыракомля, які адчуваў лёсавую патрэбу выхаду бел. друкаванага слова на самаст. шлях, схіліў яго адкласці бел. вершы дзеля выдання супольнай кнігі. Задума не здзейснілася па аб’ектыўных прычынах. Не дайшоў да чытачоў сярэдзіны 19 ст. і пераклад В.Дуніна-Марцінкевіча на бел. мову дзвюх песень паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Шырока распаўсюджваліся толькі нелегальна выдадзеныя вершаваныя гутаркі («Гутарка старога дзеда», 4 выпускі «Гутаркі двух суседаў»), узнікненне якіх было абумоўлена выспяваннем новых грамадскіх з’яў і агітацыйнымі мэтамі напярэдадні паўстання 1863—64. Найб. распаўсюджаным агітацыйным антыцарскім выданнем на Беларусі перад паўстаннем была газета «Мужыцкая праўда» (№1—7, 1862—63). Публіцыстыка К.Каліноўскага на старонках гэтай газеты і яго эмацыянальны паліт. запавет «Лісты з-пад шыбеніцы» разам з прадчуваннем аптымістычнай перспектывы прынеслі ў нац. літаратуру жанравае і стылёвае ўзбагачэнне. Дзейнасць К.Каліноўскага паўплывала на тое, каб творы на бел. мове адрасаваліся ўжо не толькі мужыку, як у В.Дуніна-Марцінкевіча, а ўсяму народу (хоць і праз вобраз мужыка), як у Ф.Багушэвіча. Паўстанне 1863—64 стала мяжою, якая падзяліла літ. працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна бел. літаратуры і яе самаўсведамленне.
Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі бел. друкаванае слова, што істотна прыпыніла літ. працэс. Арыгінальныя бел.маст. творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зб. Я.Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А.Ельскага, М.Косіч. Разам з гэтым развівалася грамадска-паліт. думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д.Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884). У канцы 19 ст.маст. жыццё часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускамоўнага твора не апублікавалі пры жыцці А.Абуховіч, А.Гурыновіч, Ф.Тапчэўскі. У 1891 у Кракаве выйшаў зб. Ф.Багушэвіча «Дудка беларуская» (перавыд. 1896), які засведчыў, што адраджэнскія тэндэнцыі ператварыліся ў адраджэнскі патэнцыял бел. літаратуры, якая выйшла нарэшце на самаст. шлях. У 1892 Ф.Багушэвіч выпусціў там жа апавяд. «Тралялёначка». За мяжой быў выдадзены і другі яго вершаваны зб. «Смык беларускі» (1894).
У мясц.перыяд. друку (газ. «Минский листок», «Паўночна-Заходні каляндар на 1893 год») пачынаючы з 1891 змяшчаў беларускамоўныя вершы Я.Лучына. А.Ельскі выдаў у Пецярбургу вершаваныя і празаічныя брашуры «Сынок! Расказ з праўдзівага здарэння: Усім бацькам і дзецям для перасцярогі» (1895), «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск!» (1896), «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы: Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму...» (1900). У польскай перыёдыцы вершаваныя творы друкавалі Ф.Багушэвіч, А.Ельскі, Я.Лучына, З.Манькоўская, В.Савіч-Заблоцкі. Арыентаваныя на дэмакр. чытача Ф.Багушэвіч і Я.Лучына не прымалі самадзяржаўную арганізацыю жыцця ў парэформенны час. У цэнтр увагі сваіх твораў яны ставілі селяніна, але рабілі гэта па-рознаму: Ф.Багушэвіч раскрываў сац. пытанні вёскі ў проціпастаўленнях і кантрастах, Я.Лучына закранаў іх ускосна ці апасродкавана, праз унутр. перажыванні героя. Гэта ўзбагачала літаратуру, у якой пераважала паэзія апавядальна-гутарковага характару. Аднак узнікалі вершы публіцыстычнага (А.Гурыновіч) і саркастычнага складу (Ф.Тапчэўскі). У творчасці Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, Я.Лучыны рэалізоўваліся рэалістычны і рамантычны пачаткі. На першы план выходзілі спробы аб’ектыўнага канкрэтна-рэаліст. паказу жыцця ў тыповых абставінах. Значную ўвагу паэты сталі аддаваць маст. перакладу (А.Гурыновіч, А.Ельскі, М.Косіч, Я.Лучына, З.Манькоўская), у якім назіралася ўсвядомленая пераемнасць традыцый (выданне перакладу 1-й кнігі «Пана Тадэвуша» А.Міцкевіча, здзейсненага А.Ельскім, як рэакцыя на канфіскацыю перакладу В.Дуніна-Марцінкевіча). Развівалася беларусазнаўства (А.Ельскі), якое ўплывала на актывізацыю бел.літ. руху. У апошняй чвэрці 19 ст. паўстала патрэба ў напісанні гісторыі літаратуры Беларусі. Дзякуючы А.Рыпінскаму, які збіраў матэрыялы і распачаў працу над біяграфіямі пісьменнікаў, што «нарадзіліся на Белай Русі, або таксама пра яе пісалі на абедзвюх мовах нашай правінцыі, як польскай, так і русінскай», захаваліся яго копіі твораў «Адвячорак» Г.Марцінкевіча і «Два д’яблы» (прыпісваецца К.Вераніцыну). У 1889 у газ. «Минский листок» упершыню апублікавана паэма «Тарас на Парнасе», якая да гэтага шырока распаўсюджвалася ў спісах і стала фактам сведчання выхаду бел. сціпласялянскай літаратуры на новы ўзровень.
Устойлівасць міфал. светаўспрымання як прыкмета бел. архетыпа была гарантыяй вяртання маст. творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нац. беларускамоўнае ўлонне. Бел. літаратура 19 ст. — маст. феномен на гістарычна-культ. шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку 20 ст. Рэвалюцыянізацыя грамадства была прычынай звязвання нац. ідэі з абвостранай увагай да сац. праблем, перапляценнем у літаратуры сац. крыўды і нац. самаўсведамлення, руху літаратуры ад класавага салідарызму (у 1-й пал. 19 ст.) да класавага процістаяння як нац. дыферэнцыяцыі (у канцы 19 — пач. 20 ст.).
У.І.Мархель.
Тытульны ліст паэмы «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча. Парыж. 1834.Тытульны ліст кнігі В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон». Мінск. 1855.Фрагменты артыкула К.Каліноўскага на старонках газеты «Мужыцкая праўда». 1862. №1.Аўтограф верша «Мая дудка» Ф.Багушэвіча. 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА
Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.Бабіча і Б.Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.
З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.Валовіч, Р.Хадкевіч, К.Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.К.Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр.ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.Будны, М.Кавячынскі і Л.Крышкоўскі пры падтрымцы М.Радзівіла Чорнага і А.Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.Фёдараў і П.Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.Будны, Д.Лянчыцкі, пазней Я.Карцан, Ф.Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.
З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.Карповіча, М.Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.Собаля і І.Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.
У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.Радзівіл і мітрапаліт Ц.Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.
У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.
У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.
У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл.табл. 1).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.
Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.Стафановіч (22 выд.), Ё.Дворац (22 выд.), А.Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.Падземскага (102 выд.), Ш.Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.
2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).
У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (у пер.
А.Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.Крашэўскага, К.Вярыгі-Дарэўскай, Б.Адамовіча, Ю.Вяжбіцкага, М.Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел.сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.
З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш.Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, пераклад паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, К.Каганца, З.Бядулі, У.Галубка, А.Чэхава, М.Крапіўніцкага, Э.Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.Коласа, «Вянок» М.Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.Гушчы (Я.Коласа), «Рунь» М.Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.Купалы, апавяданні Я.Коласа і У.Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр.выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.
Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.Клецкіна, В.Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.
У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел.нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц.парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР створана Дзярж.выд-ваБССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л.маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел.маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж.выд-ваБССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел.дзярж.выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж.выд-ваБССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ваАНБССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж.выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ваЦККП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.Купалы («Спадчына»), С.Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.Коласа («Казкі жыцця»), Ц.Гартнага («Сокі цаліны»), М.Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНКБССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.І.Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс.экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.
Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-вабел. школы, У.Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.Жылкі, «Мая ліра» К.Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.Васілька (выданне Н.Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.Танка (выданне Ф.Стацкевіча і Р.Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.Абах, Е.Аўсянік, В.Кулікоў, Л.Лясная, А.Міхайлаў, Я.Мрамараў, В.Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп.газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж.выд-ваБССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Дарога вайны» П.Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦККП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс.экз. лістовак і брашур.
Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ваАН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ваБДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМБССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.
За перыяд з 1918 па 1990 бел.дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел.маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.Чорнага, М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Мележа, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Куляшова, У.Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш.Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).
Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс.экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс.экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс.экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс.экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс.экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл.табл. 2).
1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.
Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).
На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс.экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс.экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс.экз. (гл.табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс.экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс.экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).
Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс.экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс.экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс.экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).
Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс.экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс.экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс.экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс.экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).
Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.
Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.
З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.
Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.
Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).
У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.
Літ.:
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90
16 637
12 806
Табліца 3 Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады
Дзярж. выдавецтвы
Недзярж. выдавецтвы
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
1991
1041
37 483
—
—
1391
15 427
1992
1013
35 427
254
34 728
1097
1785
1993
917
35 849
749
60 650
1260
1851
1994
835
29 076
1043
50 562
1468
968
1995
654
19 552
1459
42 422
1092
886
1996
523
11 405
1913
46 682
1373
987
1997
691
11 223
3013
55 296
1627
1113
1998
816
13 007
2973
45 298
2284
1717
1999
665
8959
3272
52 764
2127
1582
2000
722
9753
4379
48 333
2585
3541
2001
741
10 178
4769
42 085
2434
2742
2002
569
6998
4737
35 429
2447
1825
2003
527
4513
5713
41 579
2908
2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.Скарыны. Прага 1517.«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.Кухты. 1912.Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. 2000-я г.Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа». Мінск.Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.