АБАВЯ́ЗАК ВО́ІНСКІ,
абавязак грамадзян абараняць сваю Айчыну, навучацца ваен. справе і несці ваен. службу ў складзе ўзбр. сіл і інш. вайск, фарміраванняў. Замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992. Мае адносіны да грамадзян, органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый незалежна ад форм уласнасці і ўмоў гаспадарання. Абавязак воінскі не пашыраецца на замежных грамадзян, якія жывуць на тэр. Беларусі, і асоб без грамадзянства. Гл. таксама Воінская павіннасць.
т. 1, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛЕ́КТ ШТУ́ЧНЫ,
раздзел інфарматыкі, які вывучае метады, спосабы і прыёмы мадэліравання і ўзнаўлення з дапамогай ЭВМ разумовай дзейнасці чалавека, звязанай з рашэннем розных задач. Асн. дастасаванні адносяцца да робататэхнікі і стварэння метадаў, сродкаў і тэхналогій праектавання камп’ютэрных сістэм спец. класа — інтэлектуальных сістэм (ІС).
Сфарміраваўся як навук. кірунак у пач. 1970-х г. на аснове дасягненняў псіхалогіі, біялогіі, медыцыны, нейрафізіялогіі, лінгвістыкі, семіётыкі, матэм. логікі, праграміравання, выліч. тэхнікі, стварэння баз ведаў, экспертных сістэм і інш. Асн. праблемы: мадэліраванне разважанняў, фарміраванне паняццяў, распазнаванне вобразаў (у т. л. зрокавых, гукавых), прагназаванне адаптацыі, вылічэнняў, творчасці і інш., а таксама рэалізацыя мадэлей гэтых працэсаў у ІС. Адрозненне ІС ад традыц. камп’ютэрных сістэм: магчымасць навучацца новым відам дзейнасці — знаходзіць рашэнне задачы без папярэдне зададзенага алгарытму, напр., карыстальнік дае патрэбнае заданне, а праграму для яго выканання ІС будуе сама.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. Кн. 1—3. М., 1990.
т. 7, с. 281
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)