АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,

электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.

т. 2, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫ ЗА́ПІС,

спосаб запісу інфармацыі, пры якім эл. сігналы, што нясуць інфармацыю, пераўтвараюцца ў прасторавыя змены астаткавай намагнічанасці магн. пакрыцця носьбіта інфармацыі. Пры М.з. выкарыстоўваюць магнітныя стужкі, магнітныя дыскі, магнітныя барабаны. Ужываюць для запісу гуку (у магнітафонах, дыктафонах), відарысу і яго гукавога суправаджэння (у відэамагнітафонах), запісу тэлевізійных сігналаў, сігналаў вымярэння, кіравання, вылічэння і інш.запамінальных прыстасаваннях).

Сістэма М.з. звычайна ўключае канал запісу (узмацняльнік эл. сігналаў, запісвальная магнітная галоўка), носьбіт даных, канал узнаўлення (узнаўляльная магн. галоўка, узмацняльнік эл. сігналаў), механізм перамяшчэння носьбіта і галовах. Пры запісе эл. сігналы ўзмацняюцца, пераўтвараюцца запісвальнай магн. галоўкай у пераменнае магн. поле рассеяння, якое ўздзейнічае на магн. пакрыццё носьбіта, што рухаецца адносна галоўкі, і намагнічваннем яго асобных участкаў стварае дарожку запісу. Пры ўзнаўленні носьбіт рухаецца адносна ўзнаўляльнай магн. галоўкі, яго астаткавы магн. паток наводзіць у абмотцы галоўкі эрс — сігналы, што ўтрымліваюць запісаную інфармацыю. Перавагі М.з. — імгненная гатоўнасць да работы, магчымасць шматразовага выкарыстання носьбіта.

Схема магнітнага запісу: 1 — узмацняльнік сігналаў, што запісваюцца; 2, 4, 5 — магнітныя галоўкі запісу, сцірання і ўзнаўлення; 3 — крыніца падмагнічвальных сігналаў; 6 — узмацняльнік сігналаў, што ўзнаўляюцца (счытваюцца); 7 — носьбіт запісу (магнітная стужка).

т. 9, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)