ПРАБА́ЦЫЯ ( ад лац. probatio выпрабаванне),
від умоўнага асуджэння ў крымінальным праве ЗША, пры якім асуджаны знаходзіцца пад наглядам спец. органаў на час выпрабавальнага тэрміну, устаноўленага судом. На асуджанага на час П. можа быць накладзены таксама шэраг дадатковых абмежаванняў (напр., не наведваць пэўныя месцы, устрымлівацца ад зносін з пэўнымі асобамі і да т.п.).
т. 12, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З,
прафесійна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1919 — сярэдзіне 1920-х г. Засн. 24.8.1919 у Вільні. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Прадстаўнік саюза В.Ластоўскі ўваходзіў у Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны. Змагаўся супраць закрыцця польск. ўладамі бел. школ на тэр. Зах. Беларусі, заклікаў настаўнікаў не пераходзіць на працу ў польск. школы і не наведваць польскія настаўніцкія курсы, парушальнікаў гэтай умовы закляйміў як «здраднікаў прафесіянальных, сялянства і ўсяго беларускага народа».
С.С.Рудовіч.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.
Існавала ў Віцебску ў 1834—39; першая на Беларусі спец. навуч. ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў для прыходскіх вучылішчаў, падрыхтоўчых класаў гімназій і пав. вучылішчаў. Засн. па ініцыятыве папячыцеля Бел. навуч акругі Р.І.Карташэўскага. Кіраваў гімназіяй дырэктар (упраўляючы) ланкастэрскіх вучылішчаў Бел. навуч. акругі Аглоблін. Навучаліся юнакі з сем’яў дваран, мяшчан, обер-афіцэраў, правасл. царкоўнаслужыцеляў. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся рус. мова, арыфметыка, гісторыя Расіі і ВКЛ, методыка ўзаемнага навучання ў пач. школе паводле Бел-Ланкастэрскай сістэмы. Некаторыя навучэнцы займаліся таксама музыкай і спевамі. У вольны час семінарысты абавязаны былі наведваць урокі рус. мовы і геаграфіі ў Віцебскай мужчынскай гімназіі. Былі падрыхтаваны 62 настаўнікі. Закрыта з-за адсутнасці сродкаў.
У.С.Пасэ.
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕДАТЫКА́ЛЬНЫЯ»,
члены найніжэйшых індуісцкіх кастаў, якія не належаць да ніводнай з 4 індуісцкіх варнаў. Да «Н.» адносілі тых, хто займаўся нячыстымі для прававерных індусаў заняткамі, звязанымі з забойствам жывёл, брудам і смеццем: рыбаловы, гарбары, абутнікі, прачкі, смецяры, асенізатары і інш., а таксама прадстаўнікі адсталых плямён. Лічылася, што зносіны «Н.» з членамі вышэйшых кастаў апаганьваюць апошніх. Найб. жорсткія абмежаванні для «Н.» існавалі на Пд Індыі, ім забаранялася жыць разам з іншымі, наведваць храмы, карыстацца агульнымі калодзежамі і г.д. У 1920—30-я г. барацьбу за правы «Н.» узначаліў М.К.Гандзі, які называў іх «харыджанамі» («божымі дзецьмі»; афіц. назва «Н.» у сучаснай Індыі). Канстытуцыя 1949 гарантавала «Н.» усе грамадз. правы, а закон 1955 прыраўноўваў іх дыскрымінацыю да крымін. злачынства. Чл. т.зв. «спісачных» (ніжэйшых) кастаў і плямён (16% насельніцтва Індыі) атрымалі льготы пры паступленні ў ВНУ і на дзярж. службу. Аднак поўнае скасаванне «недатыкальнасці» застаецца адной з найб. складаных праблем інд. грамадства.
т. 11, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст. брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
В.С.Болбас.
т. 7, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,
спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж. к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.
Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.
т. 6, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял. кн. Паўла Пятровіча (гл. Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл. Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял. кн. Аляксандру Паўлавічу (гл. Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
М.Г.Нікіцін.
т. 12, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)