АХО́ЦКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс. км², найб. глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласосевыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ МО́РА,

унутрымацерыковае мора Паўн. Ледавітага ак., на ПнЗ Еўрапейскай ч. Расіі. Глыбока ўдаецца ў сушу паміж п-вамі Кольскі і Канін. На Пн злучаецца з Баранцавым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 90 тыс. км². Найб. глыб. 350 м у зах. частцы, усх. больш мелкаводная (30—120 м); сярэдняя глыб. 60 м. Размешчана ў зоне шэльфа. Рэльеф дна няроўны, шмат упадзін і жалабоў, якія чаргуюцца з мелямі і банкамі. Залівы (губы): Кандалакшскі, Анежскі, Дзвінскі, Мязенскі. Вялікія а-вы: Салавецкія, Маржавец, Мудзьюгскі. Берагі моцна парэзаныя, паўн.-зах. высокія і скалістыя, паўд.-ўсх. спадзістыя і нізкія. Упадаюць рэкі: Паўн. Дзвіна, Анега, Мязень, Паной і інш.

Клімат пераходны ад марскога палярнага да кантынентальнага ўмеранага. Т-ра вады на паверхні ад 6 да 15 °C, зімой ніжэй за І °C. Салёнасць ад 24‰ на Пд да 34,5‰ на Пн. З ліст. да мая ўкрыта дрэйфуючым (у бухтах суцэльным) лёдам. Існуе пастаянны водаабмен Белага мора з Баранцавым м. Прылівы правільныя паўсутачныя да 10 м (Мязенская губа). Рыбалоўства (селядзец, навага, сітавыя), промысел цюленяў. Беламорска-Балтыйскі канал дае выхад у азёры і рэкі бас. Балтыйскага м. і да Волга-Балтыйскага воднага шляху (да Каспійскага, Азоўскага і Чорнага мораў), суднаходства марскіх каналаў зімой падтрымліваецца ледаколамі. Гал. парты: Архангельск, Анега, Беламорск, Кем, Кандалакша.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)