працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.
Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл.Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),
сукупнасць тэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн.вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́Ру паліграфіі,
працэс вырабу тэкставай часткі друкарскай формы або фотаформы. Бывае аўтаматызаваны, механізаваны, ручны; радковаадліўны, літараадліўны, фатаграфічны, электронны (пераважна камп’ютэрны Н. з выкарыстаннем настольных выдавецкіх сістэм; гл.Наборныя працэсы). Н. наз. таксама друкарскія літары і прагальныя матэрыялы, гранкі, палосы або тэкставую наборную друкарскую форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНАЯ МАШЫ́НА,
паліграфічная машына для вырабу тэкставых друкарскіх форм. Дазваляе механізаваць і аўтаматызаваць асн. аперацыі наборных працэсаў.
Падзяляюцца на машыны метал. набору (радковаадліўныя лінатыпы і літараадліўныя манатыпы, якія даюць набор у выглядзе гранак ці звярстаных палос — старонак выдання), наборна-друкавальныя машыны (падобныя на пішучыя машынкі, але са шрыфтамі рознай шырыні), фотанаборныя машыны (з іх дапамогай атрымліваюць фатаграфічны відарыс тэксту н. плёнцы ў выглядзе гранак ці звярстаных палос) і машыны электроннага набору (настольныя выдавецкія сістэмы з персанальнымі ЭВМ, адпаведнымі праграмамі да іх і перыферыйнымі прыладамі — прынтэрамі, сканерамі і інш.). Падрыхтоўка праграм кіравання наборнымі апаратамі ажыццяўляецца на наборна-праграмавальных апаратах. Гл. таксама Камп’ютэрныя сістэмы выдавецкія.
Наборныя машыны: а — наборны літараадліўны аўтамат (манатып); б — схема фотасекцыі наборна-фатаграфавальнай сістэмы з шрыфтаносьбітам (аўтамат тыпу «Лінатрон»): А — сканіруючая частка (1 — сканіруючая электронна-прамянёвая трубка-ЭПТ; 2 — аптычная сістэма; 3 — шрыфтаносьбіт з фоталітарамі, 4 — кандэнсарная сістэма, 5 — фотапамнажальнікі); Б — фатаграфавальная частка (6 — узнаўляльная ЭПТ, 7 — аптычная сістэма, 8 — люстэрка, 9 — аб’ектыў, 10 — фотаматэрыял, 11 — растравая лінейка, 12 — фотадатчык).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.