Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),
запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСТРЫДЫЯ́ЛЬНЫ МІЯЗІ́Т,
тое, што газавая гангрэна.
т. 8, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ГАНГРЭ́НА, анаэробная інфекцыя, злаякасны ацёк, кластрыдыяльны міязіт,
цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.
т. 4, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),
сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял. значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)