МІШЭ́НІ ТЭО́РЫЯ ў радыебіялогіі, мішэні прынцып,
адна з тэорый уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на біял. аб’екты. Сфармулявана ў 1920—30-я г. Паводле М.т. ў біял. аб’ектах ёсць асабліва адчувальныя аб’ёмы — «мішэні», пашкоджанне якіх вядзе да пашкоджання ўсяго аб’екта. Дыскрэтная прырода выпрамяненняў і іх узаемадзеянняў з рэчывам дазваляе, асабліва ў выпадку іанізавальных выпрамяненняў, зыходзіць з уяўленняў аб «абстрэле» рэчыва часціцамі розных энергій (фатоны, хуткія электроны і інш.), а ў сувязі з гэтым — з прынцыпу пападання і «мішэні». У выніку нават рэдкіх пападанняў у такую «мішэнь» невял. дозы іанізавальных выпрамяненняў могуць выклікаць гібель клеткі або якія-н. рэдкія спецыфічныя рэакцыі ў ёй (напр., мутацыі асобных генаў), частата якіх павялічваецца з дозай выпрамянення. У М.т. распрацаваны матэм. падыходы, якія тлумачаць характар залежнасці радыебіял. эфектаў ад дозы выпрамянення і інш. фактараў. М.т. не з’яўляецца універсальнай і не растлумачвае ўсе біял. эфекты, што ўзнікаюць пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.
Літ.:
Тимофеев-Ресовский Н.В., Иванов В.И., Корогодин В.И. Применение принципа попадания в радиобиологии. М., 1968;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988.
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФЕКО́Н (ад графа... + грэч. eikōn відарыс),
тып запамінальнай электронна-прамянёвай трубкі з 2 электроннымі пучкамі (запісвальным і счытвальным). Відарыс запісваецца ў выглядзе патэнцыяльнага рэльефу на дыэлектрычнай мішэні, нанесенай на эл.-праводную падкладку (сігнальную пласціну). Запіс і счытванне інфармацыі могуць адбывацца адначасова і незалежна. Колькасць цыклаў счытвання дасягае некалькіх тысяч (пры аднаразовым запісе); раздзяляльная здольнасць — да 1200 радкоў. Запіс (без счытвання) на мішэні можа захоўвацца на працягу некалькіх сутак і больш. Выкарыстоўваецца для ўзаемнага пераўтварэння відарысаў: радыёлакацыйнага ў тэлевізійны, з аднаго тэлевізійнага стандарта ў другі і інш.
А.П.Ткачэнка.
т. 5, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),
перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯЛАСКО́П (ад патэнцыял + ...скоп),
запамінальная электроннапрамянёвая трубка. Запісвае і захоўвае на мішэні інфармацыю, якая паступае на яе ў выглядзе эл. сігналаў, з мэтай далейшага ўзнаўлення на люмінесцэнтным экране. Выкарыстоўваўся для назірання аднаразовых ці рэдкіх (у часе) сігналаў у асцылографах, радыёлакацыйных станцыях, прыладах вываду інфармацыі ЭВМ і інш. Замяняецца больш дасканалымі прыладамі, напр. ПЗС-матрыцамі.
т. 12, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМАДУЛІ́Н,
кальцый-звязваючы бялок. Малекулярная маса 17 000 Да. Іоны Ca2+ у цытаплазме кантралююць мноства функцый клеткі і разам з цыклічным адэназін-монафасфатам адносяцца да другасных пасрэднікаў. Напр., пры ўзаемадзеянні гармону са сваім рэцэптарам, што знаходзіцца на паверхневай мембране клеткі-мішэні, актывацыя мембрана-звязанага ферменту адэнілатцыклазы для перадачы сігналу гармону з паверхні клеткі да клетачнага ядра адбываецца пры наяўнасці комплексу іонаў Ca2+ з К.
С.С.Ермакова.
т. 7, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАГУМАРА́ЛЬНАЯ РЭГУЛЯ́ЦЫЯ,
шматэтапная сістэма кіравання, што каардынуе і інтэгруе дзеянне нерв. сістэмы і гумаральных фактараў крыві, лімфы, тканкавай вадкасці на фізіял. працэсы ў арганізме жывёл і чалавека. Падтрымлівае адноснае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма (гамеастаз) і яго прыстасаванасць да ўмоў існавання. Мае нерв. механізмы вядучых звёнаў рэгуляцыі і хім. рэчывы (гармоны, медыятары, метабаліты) для перадачы сігналаў паміж клеткамі і ўнутры клетак. Складаецца з кіравання (працэсы, што адбываюцца ў нерв. элементах), сінтэзу (утварэнне малекул гумаральнага рэгулятара ў сакраторных клетках), сакрэцыі (выдзяленне гумаральнага рэгулятара з клетак у кроў), транспарту (перанос малекул па крыві, лімфе і міжклетачнай вадкасці), эфекту (узаемадзеянне гумаральнага рэгулятара з клетачнымі рэактыўнымі сістэмамі, што выклікае пэўныя метабалічныя і функцыян. змены ў клетках органа-мішэні), метабалізму (біяхім. пераўтварэнні малекул гумаральнага рэгулятара і вывядзенне з арганізма).
Літ.:
Акмаев И.Г. Структурные основы механизмов гипоталамической регуляции эндокринных функций. М., 1979;
Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)