ВАДЗЯНО́Й (Міхаіл Рыгоравіч) (23.12.1924, г. Харкаў — 11.9.1987),

украінскі артыст аперэты. Нар. арт. СССР (1978). Вучыўся ў Ленінградскім тэатр. ін-це (1939—41). З 1954 артыст Адэскага т-ра муз. камедыі (у 1979—83 маст. кіраўнік і дырэктар). Яго выкананне вылучалася пластычнасцю, лёгкасцю і вытанчанасцю сцэн. малюнка. Сярод роляў: Фларыдор («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ), Боні («Сільва» І.​Кальмана), Мішка-Япончык («На світанні» А.​Сандлера), Яшка-буксір («Белая акацыя» І.​Дунаеўскага), Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу); у кіно — Папандопула («Вяселле ў Малінаўцы», 1967).

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́НЕЦ ((Kranjec) Мішка) (15.9.1908, Веліка-Плана, Сербія — 7.6.1983),

славенскі пісьменнік. Правадз. чл. Славенскай АН і мастацтваў (1953). Друкаваўся з 1930. Аповесцям і раманам («Парабкі», 1932; «Прадмесце», 1933; «Вось жыцця», 1935; «Залессе абуджаецца», 1936; «Да апошніх межаў», 1940; і інш.) уласціва глыбіня сац.-псіхал. аналізу. Барацьба народаў Югаславіі супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэма зб. апавяд. «Нацюрморты і пейзажы» (1945), тэтралогіі «За светлымі даляглядамі» (1960—63). Аўтар трылогіі «Аповесці аб уладзе» (1950—56), раманаў-успамінаў «Маладосць на балоце» (1962), «Радня мне расказвала» (1975). На бел. мову апавяданне «Дзеці, чые вы?» пераклала Г.​Шаранговіч.

Тв.:

Рус. пер. — Я их любил. М., 1965.

Г.​П.​Тварановіч.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́КІ,

шляхецкі род герба «Касцеша» ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Кобрыншчыны. У пач. 16 ст. згадваюцца Богуш і Мішка Верашчакі. У 1524 вял. князь ВКЛ Жыгімонт I Стары выдаў прывілей Богушу, Мішку, Стэцку, Івану і Сеньку Верашчакам на маёнтак Камень у Кобрынскім пав. У 1582 Шчэнсны, Міхаіл і Іван Верашчакі атрымалі пацвярджэнне на валоданне гэтым маёнткам ад Стафана Баторыя. У 18 ст. казначэй брэсцкі Піліп і яго сын Францішак (?—1762) сталі ўладальнікамі маёнткаў у Навагрудскім пав. Сын Францішка Антон (?—1806) быў маршалкам Навагрудскага пав. У 1-й чвэрці 19 ст. двор Верашчакаў у Туганавічах быў адным з гал. месцаў сустрэчы павятовай шляхты. У час канікул у 1820—21 сюды да тагачасных уладальнікаў Туганавіч Міхала і Юзафа Верашчакаў прыязджаў А.Міцкевіч. Тут ён сустрэў сваё вял. каханне — дачку Антона Марыю (у шлюбе Путкамер, 1799—1863), якой прысвяціў значную частку сваёй паэтычнай спадчыны.

В.​У.​Шаблюк.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́Ў (Мікола) (Мікалай Іванавіч; 8.5.1934, в. Заполле Віцебскага р-на — 25.11.1991),

бел. графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1959). Працаваў на радыё, у ІМЭФ АН Беларусі, з 1963 гал. мастак Дзяржкамвыда Беларусі. Аформіў кнігі: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984, усе разам з Г.​М.​Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік і аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік і аўтар тэксту, з Галубовічам) і інш. У творчасці відавочны асэнсаванне лепшых здабыткаў сусв. кнігамастацтва, сувязь з нац. маст. традыцыямі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Аўтар зб-каў вершаў і казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) і інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра бел. мастакоў.

Тв.:

К.​М.​Касмачоў. Мн., 1970;

Г.​Г.​Паплаўскі. Мн., 1974;

А.​М.​Кашкурэвіч. Мн., 1976;

Мастацтва мужнасці і гераізму. Мн., 1976;

С.​Р.​Раманаў. Мн., 1979;

Васіль Шаранговіч. Мн., 1981;

Праздники: Стихи. Мн., 1982.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 5, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)